Logo Polskiego Radia
Print

Польскі бізнэс актыўна цікавіцца беларускім рынкам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.01.2019 16:31
  • Польскі бізнэс у Беларусі.mp3
Польскія прадпрымальнікі шукаюць магчымасьці прадаваць свае тавары на замежныя рынкі, у тым ліку ў Беларусь.
Галава офіса ПАІіГ у Менску Мікалай ТаубэрГалава офіса ПАІіГ у Менску Мікалай Таубэрphoto: PAIiH

Канец 2018 году быў багаты візытамі беларускіх эканамічных партнэраў у Польшчу. Адбылося некалькі мерапрыемстваў з удзелам беларускіх прадпрымальнікаў, між іншым Польска-беларускі эканамічны форум, у Варшаве пабываў міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімір Калтовіч. Гэта сьведчыць аб тым, што бізнэс па абодвух баках мяжы зацікаўлены ў дынамічным разьвіцьці супрацоўніцтва паміж польскімі і беларускімі бізнэсмэнамі.

Актыўную ролю ў прыцягваньні замежнага капіталу і разьвіцьці карысных міжнародных праектаў выконвае Польскае агенцтва інвэстыцый і гандлю. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у бізнэс-форумах, падпісваюць міжнародныя пагадненьні, ёсьць прадстаўніцтвы агенцтва ў розных дзяржавах, у тым ліку ў Беларусі. Дырэктар прадстаўніцтва агенцтва ў Менску Мікалай Таубэр адзначае, што польска-беларускае эканамічнае супрацоўніцтва разьвіваецца, ёсьць імкненьне да шчыльных кантактаў з абодвух бакоў, але маштаб гандлю мог бы быць яшчэ большы.

М. Таубэр: Беручы пад увагу той факт, што мы знаходзімся вельмі блізка адзін ад аднаго, што ў нас вельмі добрыя гістарычныя карані, наш таваразварот мог бы быць намнога большы. Перш за ўсё неабходна даведацца пра патрэбнасьці другога боку, мы таксама павінны больш уважліва слухаць беларускіх партнэраў, часьцей павінны сустракацца, каб абмяркоўваць бягучыя праблемы. Ёсьць, канешне, розныя перашкоды ў эканамічным супрацоўніцтве, не заўсёды яны залежаць ад нас. Шмат залежыць ад таго, што мы зьяўляемся сябрам Эўразьвязу, а вы – сябрам Эўразійскага Эканамічнага Саюза. Мы павінны выконваць акрэсьленыя дамоўленасьці ў рамках нашых саюзаў, таму здараецца, што мы ня можам так гандляваць і так супрацоўнічаць, як хацелася б.

Польскія прадпрымальнікі актыўна шукаюць магчымасьці прадаваць свае тавары на замежныя рынкі, у тым ліку ў Беларусь, якая, дарэчы, зьяўляецца ў нейкай ступені акном таксама на рынак расейскі ды іншых краін былога Савецкага Саюзу. Па словах нашага госьця, ёсьць таксама сумесныя польска-беларускія праекты.

М. Таубэр: І раней, і ў апошнія месяцы, назіраецца вельмі вялікае зацікаўленьне польскага бізнэсу беларускім рынкам, перш за ўсё ў экспарце тавараў, у тым, каб знайсьці пакупніка па беларускім боку. Гэта пастаяннае зацікаўленьне – экспарт. Аднак ёсьць таксама бягучыя праекты польска-беларускага супрацоўніцтва, на прыклад прадпрыемства Гроднаінвэст ладзіць пасьпяховыя польска-беларускія праекты, плянуюцца таксама сумесныя праекты на тэрыторыі Польшчы.

Агенцтва інвэстыцый і гандлю мае свае прадстаўніцтвы ў розных дзяржавах сьвету, у тым ліку вельмі важным рынкам зьяўляецца Кітай. Нядаўна там быў адкрыты чарговы офіс польскага агенцтва. Беларусь, зьяўляючыся транзытнай краінай, можа пасьпяхова скарыстаць на разьвіцьці эканамічнага супрацоўніцтва на гэтым напрамку, у рамках гэтак званага Шаўковага шляху.

М. Таубэр: Польшча зацікаўленая ў разьвіцьці гэтага праекту – Шаўковага шляху. Гэта шанец ня толькі для Польшчы, але таксама і для Беларусі, якая зьяўляецца транзытнай краінай. Дзеля таго, каб праект быў больш пасьпяховым, неабходна папрацаваць над інфраструктурай, як з аднаго, так і з другога боку. Плянуецца пабудова яшчэ аднаго чыгуначнага мосту на рацэ Буг, які будзе спрыяць павялічэньню тавараабароту паміж нашымі рэгіёнамі. Мы сур’ёзна думаем пра гэты праект (Шоўкавы шлях), нашы фірмы могуць стаць падрадчыкамі кітайскіх прадпрыемстваў, дзякуючы чаму змогуць, напрыклад, у больш аблегчаным парадку інвэставаць у Кітаі. Акрамя таго, у 2019 годзе плянуецца адкрыць у Менску прадстаўніцтва Гданьскага порту. Гэты польскі порт таксама хоча прадстаўляць свае паслугі ў транспартаваньні часткі тавараў, якія ідуць па Шаўковым шляху.

Бізнэс ня любіць палітычнай афарбоўкі інтарэсаў, ён хацеў бы, каб на шляху гандлю не было перашкод, якія ставяць палітыкі. Тым ня менш, ёсьць бар’еры, якія неабходна пераадолець, калі хтосьці хоча разьвіваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Галоўная перашкода, па словах Мікалая Таубэра, гэта сэртыфікацыя тавараў.

М. Таубэр: Ёсьць перашкоды, якія замінаюць нашым прадпрымальнікам. Гэта перш за ўсё справы, зьвязаныя з дзяржаўнай рэгістрацыяй і сэртыфікацыяй тавараў. Гэта доўгачасовыя працэдуры. Людзі хацелі б ужо пачаць гандляваць, але на іх шляху ёсьць шэраг працэдур, якія неабходна прайсьці. Ёсьць таксама розныя эўразьвязаўскія працэдуры, якія неабходна аформіць, яны ўскладняюць выхад беларускіх тавараў у нашу эканамічную зону. Ёсьць таксама іншыя, менш істотныя перашкоды, але самай важнай зьяўляецца сэртыфікацыя тавараў.

Экспэрты Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю прапануюць свае паслугі ў падтрымцы польскіх прадпрымальнікаў на замежных рынках, а таксама аказваюць падтрымку бізнэсоўцам у разьвіцьці міжнародных праектаў. Прадстаўніцтва агенцтва ў Менску разьмешчана па адрасе вул. Мяснікова 70, каб. 314.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт