Logo Polskiego Radia
Print

Палякаў яднае сьвяточны стол

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.01.2019 12:12
  • Палякаў яднае.mp3
Навагодні пэрыяд зьяўляецца адным з найбольш любімых у Польшчы.
Foto: pixabay.com/CC0

У першую чаргу з-за той атмасфэры, якая пануе ў гэтыя дні. На Каляды зьбіраюцца цэлыя сем’і, гэта мамант для таго, каб смачна паесьці ды задушэўна паразмаўляць.

Сьвяты лічацца сэрцам кожнай культуры. Разам з тым сьвяткаваць трэба ўмець. У цяперашнія часы, калі пануе вельмі інтэнсіўны тэмп жыцьця, людзі часта забываюць пра сьвяты, пра важнасьць гэтага рытуалу. Многія працуюць нават на сьвяты. Напрыклад, цяпер Польшча ў дзясятцы краін на сьвеце, дзе працуюць найбольш часу. Сярэдні паляк працуе амаль 2000 гадзін у год. Аднак ёсьць такі час, калі большасьць адстаўляе працу на бок – гэта сьвята Божага нараджэньня. Амаль 100% палякаў прывязаныя да яго і любяць найбольш. Толькі 0,3% палякаў не пагаджаецца яго сьвяткаваць.

Гэта вынікае з прывязанасьць палякаў у першую чаргу да сям’і ды блізкіх. З гэтымі каштоўнасьцямі атаясамляюцца большасьць палякаў, а таксама з традыцыяй.

Эфэкт ВКЛ 19 песьня

Калядныя застольныя сустрэчы ўвайшлі ў канон польскай культуры здаўна, распавядае рэжысёр Мікалай Грабоўскі.

Мікалай Грабоўскі: У тэкстах з ХVІІІ-га стагодзьдзя, у якіх апісваюцца звычкі ды традыцыі тагачасных людзей, шмат гаворыцца пра ўрачыстыя абеды, балі, калі падавалася вельмі смачная ежа. Але нават тады людзі сядалі за стол ня толькі, каб наесьціся, але, каб нагаварыцца. Тады размаўлялі пра ўсё што тычылася шляхецкіх фальваркаў, спрэчак, шлюбаў, суседаў, і, вядома ж палітыкі як краёвай, так і міжнароднай. Без гэтага ў Польшчы не бывае застольляў. У часы сьвятаў паміж калядамі ды Новым годам існавала традыцыя хадзіць па суседзях у госьці. Мне здаецца, што гэтая традыцыя наведваньня суседзяў ды сяброў яна не мінула. Я гэта бачу.

Нягледзячы на тое, што зьмяняюцца часы ды пакаленьні, традыцыя сямейных сустрэч захоўваецца ў польскіх дамах. Гаворыць сьпявачка Малгажата Валеўска.

Малгажата Валеўска: Вельмі моцна адрозьніваюцца сёньняшнія сьвяты ад таго, што было ў маім дзяцінстве. У першую чаргу тады сьвяты мы праводзілі ў доме маёй бабулі. Туды зьяжджала цэлая сям’я. Мая бабуля была такім агмянём сямейнага цяпла ды традыцый. Цяпер усё разышлося па розных дамах. Кожны мае сваё меншыя сем’і. Ролю бабулі пераняла мая маці, якая спрабуе ўсіх зьбіраць, але цяжка ўсіх сабраць разам у адным часе. Таму мы сустракаемся на зьмену, раз адны прыходзяць, раз – другія. Да таго ж адлегласьці паміж намі зрабіліся большыя. Таму сьвяты цяпер праходзяць на зьмену, але часьцей за ўсё нам удаецца сустрэцца.

Па сёньняшні дзень яднаючым элемэнтам для палякаў застаецца стол, за якім на абед ды размовы зьбіраюцца сябры ды сям’я, перакананы актор Анджэй Масталеж.

Анджэй Масталеж: Сьвята – гэта стол, які яднае. Увогуле, я не ўяўляю сабе дом без стала. Асабліва ў сьвяточныя дні. Цяпер мы жывем занадта хуткім тэмпам, увогуле абсалютна непатрэбна. Нас зводзяць розныя спакусы, якія ня маюць ніякага абгрунтаваньня, калі задумацца. Часта можна абысьціся без гэтага. Занадта мала часу мы маем адзін для аднаго. Таму трэба з павагай ставіцца да такога часу, калі мы можам сесьці ўсе разам за сталом ды паразмаўляць. Пры нагодзе файна, калі на ім стаяць яшчэ розныя смачнасьці.

Культура сьвяткаваньня шмат чаго можа распавесьці пра грамадзтва, пра ягоныя традыцыі. У Польшчы найбольш любяць сьвяткаваць навагоднія сьвяты, у першую чаргу Каляды. Гэта час, калі цэлыя сем’і сустракаюцца ды яднаюцца за адным сталом.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт