Logo Polskiego Radia
Print

Як чыноўніка разгаварыць па-беларуску

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 10.01.2019 10:09
  • 190110 Варшаўскі мост - А. Нагорная.mp3
Беларуская мова жыве дзякуючы не дзяржаве, а людзям.
Вокладка кнігі «Абаронім мову!»Вокладка кнігі «Абаронім мову!»Фота: facebook.com/anahornaja

У Варшаву ў сьнежні 2018 года прыяжджала Аліна Нагорная, якая зьяўляецца адным з аўтараў даведніка «Абаронім мову!» Гэта зьмястоўная брашура падказвае, як, выкарыстоўваючы магчымасьці заканадаўства Рэспублікі Беларусь, абараніць у гэтай дзяржаве правы беларускай мовы.

Аліна Нагорная наведала Варшаву разам зь вядомым юрыстам, змагаром за правы беларускай мовы Ігарам Случаком. Даведнік «Абаронім мову!» яны склалі разам.

У сталіцу Польшчы Нагорную і Случака запрасіў фонд «Беларускі дом у Варшаве», які арганізаваў прэзэнтацыю кнігі «Абаронім мову!».

Аліна
Аліна Нагорная і Ігар Случак прэзэнтуюць даведнік «Абаронім мову!» офісе фонда «Беларускі дом у Варшаве». Сьнежань 2018 г. Фота: facebook.com/BelaruskiDom

Аліна Нагорная: Мы склалі кнігу пасьля шматлікіх зваротаў людзей з пытаньнямі, як зрабіць, каб беларускай мовы стала больш у грамадзкіх месцах, як аддаць дзіця ў беларускамоўную групу ў дзіцячым садзе і г.д.

У нашым кішэнным дапаможніку сабраны інструкцыі і парады на розныя выпадкі жыцьця.

Кніга выйшла тыражом 600 экз., але ён амаль разышоўся і сёлета мы плянуем перавыданьне з дадаткамі.

У кнізе прыводзіцца 16 прыкладаў зваротаў у розныя ўстановы па розных аспэктах функцыянаваньня беларускай мовы. Напрыклад, што рабіць, каб мова зьявілася ў краме, а ў дзіцячым садзе, школе былі створаны ўмовы для выхаваньня, навучаньня па-беларуску.

Мы расказваем, як зрабіць так, каб чыноўнік з вамі гаварыў па-беларуску. Ён можа даць вам вусны адказ на беларускай мове, а калі не захоча гаварыць па-беларуску, то вы можаце яму паведаміць, што напішаце пісьмовы зварот або пакінеце запыт у кнізе заўваг і прапаноў, і тады ён атрымае лішнюю работу — пісаць вам адказ па-беларуску. Таксама ў сваім лісьце вы можаце паставіць пытаньне аб праверцы такога чыноўніка на прафэсійную прыдатнасьць.

Па любым пытаньні трэба пісаць чыноўнікам звароты, каб у вас зь любой установы быў афіцыйны адказ.

У 2019 годзе мы хочам дамагчыся, каб Эўразійскі зьвяз зрабіў беларускую мову на этыкетках абавязковай. Таксама будзе разьвівацца сайт “Умовы для мовы”, дзе кожны зможа спампаваць узоры розных дакумэнтаў на беларускай мове.

Мы хацелі б спрыяньня з боку дзяржавы. Але калі цяпер дзесьці і зьяўляецца беларуская мова, то гэта дасягненьне не дзяржавы, а людзей, якія хочуць, каб беларуская мова была навокал.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт