Logo Polskiego Radia
Print

Каталіцкі арцыбіскуп у Беларусі, здавалася б, не павінен крытыкаваць уладаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.01.2019 13:47
Тым ня менш, Тадэвуш Кандрусевіч вырашыў сысьці з бясьпечнага шляху.
pixabay.com/Public Domain CC0

Выданьне «Plus-Minus», аналітычны дадатак газэты «Rzeczpospolita», друкуе вялікі артыкул пра стаўленьне арцыбіскупа каталіцкага касьцёла Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча да ўладаў дзяржавы. Руслан Шошын піша, што каталікі зьяўляюцца ў Беларусі рэлігійнай меншасьцю (прыкладна 15% усіх веруючых), таму магло б здавацца, што сьвятары не павінны ўступаць у палеміку з уладамі, а тым больш іх крытыкаваць. Тым ня менш, Кандрусевіч вырашыў сысьці з гэтага бясьпечнага шляху.

Выступаючы ў 2017 годзе на канфэрэнцыі ў прэзыдэнцкай Акадэміі ўпраўленьня, арцыбіскуп успомніў, што ў Беларусі ніводзін замежны ксёндз ня можа правесьці імшу без дазволу ўладаў, а такога, па словах Кандрусевіча, няма ў ніводнай дзяржаве. У чарговы раз галава каталіцкага касьцёла выступіў зь невыгоднымі словамі 25 сакавіка мінулага году, калі адзначалася 100-годзьдзе БНР. Імшу за Айчыну адслужыў сам арцыбіскуп, нагадваючы, што 25 сакавіка сьвяткуецца дабравешчаньне ў каталіцкім касьцёле. «Гэта азначае, што 100 гадоў таму ўсяму сьвету абвясьцілі нараджэньне новай незалежнай дзяржавы. Бог хоча бачыць Беларусь, пра жыхароў якой будуць казаць: глядзіце, як яны любяць адзін аднаго, як на духоўных каштоўнасьцях будуюць дэмакратычную краіну», – казаў сьвятар. Аўтар артыкулу нагадвае, што гэтыя словы ідуць насуперак афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі, якая ў цэнтар ставіць савецкую спадчыну.

Адзін з каталіцкіх ксяндзоў, які пажадаў застацца ананімным, кажа, што ня ўсе каталіцкія духоўныя падтрымліваюць сьмелую пазыцыю Кандрусевіча. Некаторыя баяцца, што з-за яго словаў касьцёл можа мець праблемы. Ва ўладаў ёсьць шмат інструмэнтаў ціску, скажам, могуць выдвараць з краіны польскіх ксяндзоў або не даваць дазволаў на будаўніцтва ці рамонт храмаў. Кандрусевіч ужо ў пэнсійным узросьце ён нічога не баіцца. Аднак яго адважныя прамовы пакуль што ня мелі адмоўных наступстваў для касьцёла.

Беларускі кіраўнік стараецца ўтрымліваць добрыя адносіны з каталіцкім касьцёлам, калі ён перастаў быць у Эўропе пэрсонай нон-грата, зь першым візытам ён адправіўся ў Ватыкан. Шмат гаворыцца пра магчымы візыт у Беларусь папы рымскага. Гэта быў бы вялікі посьпех прэзыдэнта, а для Тадэвуша Кандрусевіча – магчымасьць разбурыць чарговы мур рэжыму. Тым болей, што апошнім часам прывід расейскага захопу Беларусі становіцца ўсё больш рэальным.

Plus-Minus/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт