Logo Polskiego Radia
Print

Моўная інтэграцыя на Падляшшы

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 26.01.2019 12:18
Уплыў аднае мовы (ці дыялекту / гаворкі) на іншую найчасьцей назіраецца ў галіне лексыкі.
pixabay.com/Public Domain CC0

На польска-беларускім памежжы на Падляшшы заўважаюцца працэсы, якія інтэгруюць белрускамоўнае насельніцтва з польскамоўным. З працягам тэмы НБ.

Усё часьцей назіраецца пераход на польскую мову ў сем’ях, у якіх – як гаворыць Ян Жамойда з мясцовасьці Паўночны Востраў на Сакольшчыне – паяўляецца нявестка, якая ня ведае беларускае мовы.

– Тэраз то ўжо па-польску гаворым! Бо сынова па-польску! Тылько сын умее, і я! А ўжо яна, сынова, то ўжо яна так па-польску, то я тожа ўжо па-польску гавару! Бацькі нашы папросту гаварылі!

Да найважнейшых ітэграцыйных чыньнікаў Эльжбета Смулкова залічае:

• адукацыю й працу ў горадзе, зьвязаную неадлучна з паглыбленьнем ведаў агульнапольскае мовы, што вядзе да росту ейнага прэстыжу ў цэлым грамадзтве ды сьведчыць пра грамадзкі аванс;

• каталіцкае веравызнаньне, якое атаясамліваецца з польскасьцю, тады калі праваслаўе мае дэзынтэграцыйныя ўласьцівасьці ды спрыяе захаваньню нацыянальнае адметнасьці, што ў сваю чаргу можа весьці да лепшага захаваньня ўсходнеславянскае гаворкі;

• супрацоўніцтва й прыстасаваньне, якое палягае на двухбаковай залежнасьці: „прыстасаваньне вядзе да супрацы, а кожная супраца патрабуе прыстасаваньня”, найчасьцейшай формай якога зьяўляецца акамадацыя – талерантнасьць, спалучаная з саступкамі, што прычыняецца да ўзьнікненьня новых каштоўнасьцяў і нормаў (напр. суіснаваньне на Падляшшы дзьвюх сыстэмаў: польскай і беларускай ці польскай і летувіскай, іх павольнае набліжэньне й напераменнае выкарыстаньне абодвух кодаў, значыць, двухмоўе; а таксама актыўная інтэрфэрэнцыя, якая ўспрымаецца як працэс і вынік гэтага працэсу; у сваю чаргу асыміляцыя вядзе да адрачэньня ад сваіх прынцыпаў ды прыняцьця новых (гзн. сьвядомы адыход часткі грамадзтва ад беларускае сыстэмы на карысьць рэгіянальнага варыянту альбо агульнапольскае мовы), што вядзе да заніканьня аднае сыстэмы на карысьць другое і ў выніку да моналінгвізму (застаецца толькі рэгіянальны варыянт польскае мовы альбо новая польская гаворка); залежнасьць паміж ступеньню авалоданьня польскай мовай мясцовым насельніцтвам, якое карыстаецца ўсходнеславянскімі гаворкамі, і маштабамі інтэрфэрэнцыі вынікае з уменьня свабодна пераходзіць з аднае сыстэмы да другое (тады вынікі інтэрфэрэнцыі зводзяцца да паяўленьня беларускіх рысаў у польскай мове ды польскіх рысаў у беларушчыне), альбо выкарыстоўваньня зьмяшанага коду, калі моўца імкнецца гаварыць па-польску, але ягоны працэс мысьленьня адбываецца ў роднай гаворцы (тады маем дачыненьне зь мяшанай моваю).

Пераходу на польскую мову ў штодзённым жыцьці спрыяе – як ужо было сказана – адукацыя ў польскай школе. Так уважаюць таксама спадарыні Станіслава й Ядвіга Сабэцкія зь вёскі Масьціха ў Сакольскім павеце.

– Мы юж тэраз венцэй по-польску так, але ешчэ былі мнейшымі, до школы не хадзілі, так попросту гаварылі, такім языкам. А ўжэ потым до школы, to już po polsku, w szkole po polsku. A już teraz młodsze pokolenie to już w ogóle po polsku mówi.

Гэтак жа лічаць і Зофія Юрчэня ды Мікалай Гурыновіч з Паўночнага Вострава.

– Маладыя пашлі учыцца ў Бялыстоку, і ўжэ яны па-польску гавораць. Разумеюць гэто, бо тут выхаваліса, але ўжэ папросту яны так не гавораць. Як да хаты прыедуць, то папросту гавораць да бацька, да маткі, а як у Бялыстоке, то ўжэ по-польску гавораць. А нам ужэ старым гэты язык, як станеш гаварыць па-польску, то мяшаецца: і проста, і польска, і невядома якая.

Уплыў аднае мовы (ці дыялекту / гаворкі) на іншую найчасьцей назіраецца ў галіне лексыкі. Некаторыя лексыка-сэмантычныя адзінкі ўмацоўваюцца ў суседняй гаворцы. Тады адбываюцца зьмены ў вымаўленьні блізкіх сыстэмна й тэрытарыяльна моваў (дыялектаў ці гаворак). Пазычаньні ўваходзяць у лексыка-сэмантычную сыстэму гаворкі й выклікаюць зьмены на паасобных узроўнях (лексычным, сэмантычным, марфалягічным, фанэтычным, пакідаючы аднак сыстэму гаворкі дастаткова празрыстай.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт