Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ў абвестках аб працоўных вакансіях няма інфармацыі пра заробкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.01.2019 15:58
У некаторых краінах інфармаваньне кандыдатаў пра заробкі на дадзенай пасадзе - гэта норма.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Некалькі тыдняў таму ў Польшчы шырока абмяркоўвалася тэма надта высокіх заробкаў некаторых супрацоўнікаў Нацыянальнага банку. Зарплаты застаюцца тайнымі, але журналісты выявілі інфармацыю (непацьверджаную), што блізкія супрацоўніцы старшыні банку зарабляюць быццам бы нават 65 тыс. злотых у месяц. У сувязі з гэтым выданьне «Polityka» друкуе аналітычны артыкул на тэму яўнасьці заробкаў, асабліва ў дзяржаўным сэктары.

Былі ўжо спробы ўвесьці законны абавязак інфармаваць у абвестках аб працоўных вакансіях пра памер заробкаў (хаця б мінімальны і максымальны памер зарплаты на дадзенай пасадзе). Аўтары такой прапановы аргумэнтавалі, што часта пытаньне пра заробкі гучыць у самым канцы суразмоўя, і многія кандыдаты адмаўляюцца ад працы, паколькі заробкі для іх непрымальныя. Гэта страта часу для абодвух бакоў.

Прадпрымальнікі былі б гатовыя адобрыць абавязак выяўляць памер зарплаты, але калі б ён датычыў іншых, а не іх саміх. Экспэрты рынку працы пацьвярджаюць, што калі б усе ведалі, колькі зарабляюць у розных фірмах, то гэта павялічыла б прэсінг на павышэньне заробкаў. З іншага боку, гэта абмежавала б паталёгію ў розных прадпрыемствах, паколькі ўсе ведалі б, хто колькі зарабляе і за якую працу.

У Польшчы вельмі рэдка ў аб’явах аб вакансіях зьмяшчаецца інфармацыя пра амплітуду заробкаў. Праўда, ёсьць тэндэнцыя ў дадзеным напрамку, усё больш фірмаў гэта робіць, але і так гэта яшчэ не норма. Як правіла такія зьвесткі зьмяшчаюць тыя працадаўцы, якія хочуць пахваліцца заробкамі сваіх супрацоўнікаў. Працоўны кодэкс на гэтую тэму маўчыць. Палякі на пачатку сыстэмных пераўтварэньня прынялі амэрыканскую сыстэму стаўленьня да пытаньня яўнасьці заробкаў. Паводле лібэральнага амэрыканскага падыходу, зарплата – гэта элемэнт індывідуальнай дамовы паміж працаўніком і наймальнікам. І таму супрацоўнікі адной фірмы могуць мець розны ўзровень зарплаты. У сваю чаргу зусім іншы падыход назіраецца ў скандынаўскіх краінах, а таксама ў Нямеччыне, дзе ніхто не ставіць пад сумнеў, што зарплаты павінны быць яўныя.

30 гадоў таму ў Польшчы прыжылася амэрыканская мадэль, але гэта паступова мяняецца. Вырасла новае пакаленьне мэнэджэраў, якім больш блізкая скандынаўская мадэль. Падыход мяняецца таксама дзякуючы вельмі нізкаму беспрацоўю, у выніку фірмы, асабліва ў некаторых галінах, пачалі зьмяшчаць у аб’явах інфармацыю пра амплітуду заробкаў на дадзенай пасадзе. Але пакуль што гэта хутчэй выключэньне, чым правіла. Многія мэнэджэры перакананыя, што яўнасьць заробкаў патрэбная, але ў іх няма часу і жаданьня радыкальна маняць існуючую сыстэму.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт