Logo Polskiego Radia
Print

"Гуказапісы супраць Качыньскага аказаліся пістонам, а не бомбай"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.01.2019 15:17
У запісах гаворыцца пра хмарачосы, якія партыя "Права й справядлівасьць" плянавала будаваць у Варшаве.
Прадстаўніца партыі "ПіС" Бэата Мазурэк на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай "стужкам Качыньскага"Прадстаўніца партыі "ПіС" Бэата Мазурэк на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай "стужкам Качыньскага"PAP/Marcin Obara

Вялікая частка друкаванага выданьня «Gazeta Wyborcza» прысьвечаная гэтак званым «стужкам Качыньскага», гэта значыць, патаемна зробленым гуказапісам у сядзібе партыі «Права і справядлівасьць» у Варшаве, на якіх старшыня групоўкі Яраслаў Качыньскі выказваецца пра будаўніцтва двух хмарачосаў у сталіцы. Будынкі плянавалася збудаваць на ўчастку, які належыць партыі.

У хмарачосах, якія павінна была збудаваць кампанія «Srebrna», плянавалася разьмясьціць між іншым гатэль, жылыя кватэры, сядзібу фундацыі «Інстытут Леха Качыньскага».

У стужках Яраслаў Качыньскі кажа, што калі яго партыя не пераможа на выбарах, то не ўдасца збудаваць хмарачосаў. Інвэстыцыю рыхтаваў аўстрыец Геральд Біргфэльнэр (Gerald Birgfellner). Ён лічыць сябе ашуканым у дадзенай справе, паколькі выканаў ужо шмат працы па падрыхтоўцы інвэстыцыі, але не атрымаў за сваю працу заплаты. Ягоныя юрысты ўнесьлі заяву ў пракуратуру на Яраслава Качыньскага.

«Gazeta Wyborcza» падае справу як вялікую сэнсацыю. Вось ён, сапраўдны Качыньскі – жорсткі бізнэсмэн, бос, які не плаціць за выкананую працу. У сваю чаргу зусім інакш тэму апісвае сайт Niezalezna.pl. Магутная бомба аказалася толькі пістонам. На самой справе «скандал» паказвае, што старшыня ПіС аказаўся кемлівым чалавекам, які не хацеў увязвацца ў даражэзную інвэстыцыю, паколькі баяўся, што кіруючая ў сталіцы партыя «Грамадзянская плятформа» ня выдасьць яму дазволу на будаўніцтва. Партал прыводзіць меркаваньне дэпутата Марэка Якубяка: «Качыньскі проста не хацеў наступіць на міну. «Грамадзянская плятформа», калі б магла яму пашкодзіць, то напэўна скарысталася б нагодай. Калі б у Польшчы была эканамічная свабода, то старшыні не прыйшлося б так лявіраваць паміж палітыкай», – заявіў Якубяк.

Gazeta Wyborcza/Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт