Logo Polskiego Radia
Print

Як польскія словы замяняюць беларускія

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 02.02.2019 12:32
Да малых дзяцей на Падляшшы бацькі альбо бабулі й дзядулі часта зьвяртаюцца толькі па-польску.
pixabay.com/Public Domain CC0

Уплыў польскае мовы на беларускую сыстэму гаворак заўважаецца перш за ўсё ў галіне слоўніка. Гэта сьведчыць пра тое, што лексэмы пранікаюць хутчэй за фанэтычныя ці марфалягічныя рысы.

У гаворках такіх падляскіх вёсак, як Баброўнікі, Хамэнтоўцы, Сакаляны, Козьлікі, Войшкі ў тэме, зьвязанай з народзінамі чалавека, паяўляюцца такія палянізмы, як: ц’астка, ц’онжа, ӡ’ецко, каб’еты, ланьцушэк, навл’ечка, п’елюшк’і, породова (бабка), убранко, якія часта вымаўляюцца з усходнеславянскім уплывам, напр. аканьнем – каб’еты, заўважаецца зьмена месца націску з перадапошняга складу на апошні – п’елюшк’i͡е, рэалізацыя насавых ą, ę як он, эн – ц’онжа, усходнеславянская флексія – навл’ечкою. Найбольшы ўплыў польскае мовы назіраецца ў мясцовасьцях на Сакольшчыне, таму што тэрытарыяльная блізкасьць стварае магчымасьць непасрэднага кантакту. Немалое значэньне маюць экстратэрытарыяльныя чыньнікі (радыё, тэлебачаньне, прэса, школа), якія спрыяюць хутчэйшаму праніканьню польскіх лексэмаў у беларускія гаворкі.

Да малых дзяцей на Падляшшы бацькі альбо бабулі й дзядулі часта зьвяртаюцца толькі па-польску – кажа Ніна Нэстаровіч з Орлі на Бельшчыне. Гэта прычыняецца да паяўленьня шматлікіх палянізмаў у выказваньні таксама старэйшага пакаленьня, а нават міжвольны пераход на польскую мову.

Тэпэр ужэ ўвоґуле мало хто говорыт по-нашому. Бо як ужэ появляются малые деті і однэ поколене, потум настэмпнэ, то ужэ бабця шчытае своім обовёнзком, можэ нэ кажда, што трэба до дытята говорыты по-пуольську.

Здараюцца выпадкі прыгадваньня блізкім асобам, што не павінны цурацца роднае мовы – кажа Анатоль Кірмуць з Крушынянаў у Сакольскім павеце.

Ну, як хтось прыедзе з Крушынян, пшыкладово, ён жыве ў Беластоку, ён зрабіўса такім паночкам. Ён да мяне па-польску, а я да яго па-своему. “Ну, кажу, слухай, што ты, што ты пляцеш, то ш ты з вёскі, калего мой”. І зачынае па-нашаму гаварыць.

У Орлі ў Бельскім павеце паявілася нават сьцьвярджэньне ў выказваньні Ніны Нэстаровіч, што разам з пакаленьнем сёньняшніх пэнсіянераў адыдзе ў нябыт іх усходнеславянская гаворка, якая праіснавала толькі з-за адсутнасьці ведаў мясцовым насельніцтвам іншых моваў.

Мы нэ зналі навэт інакшэй мовы, то як мы моглі говорыті. Я помню колісь, як была в пятуй клясі, то мэнэ скеровалі до санаторыюм в Ліманове Здрою. Далеко то було. То пэршы раз я ж поехала так далеко од дому, од батькуов і то было на тры месэці, і там була школа. І з мэнэ началі насьміхатыся, што я нэ вмею, нэправільно говору. І я рышыла, што я нэ буду одзыватыся, і я нэ одзывалась нэ до діті, нэ до учытэлёв, нэ до нікого. Пісалі пісьма тутай до батькуов, што я нэ ўчуся, што я кепсько заховуюся. Ну, а я прыняла такую мэтоду оброны, самооброны в засадзе. І потум ужэ прыехала сюда, помню, то ўжэ була зіма, і я такая думна в школі, што я ўжэ по-пуольску ўмею говорыті буольш, як остальные, што вы там нэ ўмеетэ по-пуольску, а я ўжэ по-пуольску, я ўжэ наўчылася.

У пераходных беларуска-ўкраінскіх гаворках на Падляшшы заўважаецца тэндэнцыя дыспаляталізаыі зычных перад галоснымі пярэдняга раду е, і. Паводле Міхала Саевіча, праніканьне з украінскай гаворкі да беларускай такой рысы, як цьвёрдае вымаўленьне перад е аўтаматычна ставіць пад пытальным знакам беларускасьць гэтай гаворкі. Аўтар лічыць, што ў выпадку зьмяшаньня старых, сыстэмных рысаў, якія ў мінулым вырашылі пра паяўленьне дадзенай мовы, могуць у пэрыфэрыйнай гаворцы адбыцца такія істотныя якасныя сыстэмныя зьмены, якія прывядуць да зьмены яе моўнае прыналежнасьці. Такіх сур’ёзных наступстваў не выклікае лексыка, якая пранікае найхутчэй, таму ў пэрыфэрыйных гаворках выступае вялікая колькасьць сынонімаў і структурных дублетаў.

На Беласточчыне занатаваныя прыклады гібрыдных беларуска-ўкраінскіх мікратапонімаў: Гороӡ’іска, Вэрxкрын’іца, Звэрын’ец, якія выразна паказваюць на камбінацыю ў адной лексэме некалькіх рысаў, характэрных для абедзьвюх моваў, таму нельга іх адназначна залічыць ані да беларускае, ані да ўкраінскае мовы. У такой сытуацыі гаворым пра пераходнасьць данае гаворкі.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт