Logo Polskiego Radia
Print

Дзяржава актывізуе людзей з абмежаванымі магчымасьцямі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.02.2019 19:01
Мясцовыя органы ўлады атрымаюць больш за адзін мільярд злотых на сацыяльную і прафэсійную рэабілітацыю.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У гэтым годзе мясцовыя органы ўлады атрымаюць больш за адзін мільярд злотых з бюджэту PFRON (Дзяржаўны фонд рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі) для падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў паветах і ваяводзтвах – паведаміла Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі.

«Гэтыя сродкі прызначаюцца на фінансаваньне, між іншым, тэрапэўтычных сэмінараў для асоб з абмежаванымі магчымасьцямі, што дапаможа ім у сацыяльнай і прафэсійнай рэабілітацыі», – кажа Ўпаўнаважаны ўраду па справах інвалідаў Кшыштаф Міхалкевіч (Krzysztof Michałkiewicz). Ён адзначае, што ў цяперашні час у Польшчы працуе больш за 700 такіх тэрапэўтычных сэмінараў.

К.Міхалкевіч: Тэрапэтычныя сэмінары для многіх маладых людзей, у прыватнасьці з інтэлектуальнай інваліднасьцю, зьяўляюцца адзіным шанцам на тое, каб выйсьці з дому, пабыць з равесьнікамі. У рамках сэмінараў працуюць майстэрні, дзе гэтыя людзі робяць шмат розных цікавых рэчаў. Я ведаю майстэрню, якая робіць домікі для птушак, і падпісала дамову на гэтыя домікі з прадпрыемствам Дзяржаўныя лясы.

У бліжэйшыя дні паветы і ваяводзтвы атрымаюць інфармацыю аб велічыні сродкаў, прызначаных для заводаў прафэсійнай актыўнасьці.

К.Міхалкевіч: На заводах прафэсійнай актыўнасьці частка работнікаў - з інваліднасьцю. Гэтыя заводы атрымліваюць дзяржаўнае фінансаваньне, бо часта вымушаны прыстасаваць рабочае месца для гэтых работнікаў, а таксама дзеля таго, каб іх вытворчасьць была канкурэнтаздольнай на рынку. Многія з гэтых заводаў працуюць у гастранамічным сэктары- вядуць сталоўкі, катэрынг. Я ведаю таксама заводы прафэсійнай актыўнасьці, якія займаюцца зьнішчэньнем дакумэнтаў, ведаю месца, якое спэцыялізуецца ў вытворчасьці пяльменяў і стала лідэрам на польскім рынку. Людзі, якія там працуюць, вельмі добра спраўляюцца.

Людзі з інваліднасьцю складаюць 12,2% насельніцтва Польшчы.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт