Logo Polskiego Radia
Print

Ахова здароўя ў праграмах польскіх партый

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 05.10.2011 16:16
  • Сыстэма аховы здароўя.mp3
Як польскія партыі зьбіраюцца рэфармаваць сыстэму ахову здароўя?

/

Падчас кожнай выбарчай кампаніі ў Польшчы адной з найбольш вострых тэмаў дыскусій зьяўляюцца праблемы сыстэмы аховы здароўя. За больш як 20 гадоў дэмакратыі ніводзін урад ня змог рэфармаваць гэтую галіну. І падчас бягучай парлямэнцкай кампаніі ахова здароўя выклікае, бадай, найбольш эмоцыяў, як у палітыкаў, так і ў грамадзян.

Грамадзянская плятформа

Партыя плянуе, каб ад 2013 году палякі самастойна вырашалі, каму плаціць узнос на сыстэму ахову здароўя. Сёньня грошы аўтаматычна ідуць на рахунак дзяржаўнага Нацыянальнага фонду аховы здароўя. Плятформа падтрымлівае ўзьнікненьне канкурэнцыі на рынку аховы здароўя, каб у пацыента быў выбар. Згодна з праграмай партыі, з наступнага году выдаткі на ахову здароўя павялічацца на амаль 1 млрд. эўра да 15 млрд.

Ад студзеня 2012 году пацыент атрымае права дабівацца кампэнсацыі за ўчыненую лекарам шкоду для здароўя не праз суд, а адміністрацыйным шляхам. Гэта дазволіць зьменшыць час працэсу з 4 гадоў да 10 месяцаў. ГП абяцае, што ў 2014 годзе партыя скончыць інфарматызацыю ўстановаў аховы здароўя. Таксама ў плянах партыі Туска – зьмяншэньне даплат пацыентаў да лекаў.

Права й справядлівасьць

ПіС хоча ўвесьці закон аб сетцы дзяржаўных шпіталяў. Яны б цалкам фінансаваліся зь бюджэту. Партыя Яраслава Качыньскага плянуе ліквідаваць Нацыянальны фонд аховы здароўя. Згодна з праграмай партыі, установы сыстэмы аховы здароўя фінансаваліся б са сродкаў ваяводзкіх упраўленьняў.

ПіС абяцае, што ў кожнай школе будзе працаваць стаматоляг і будзе адчынены прафіляктычны кабінэт.

Саюз левых дэмакратаў

Палітыкі гэтай партыі абяцаюць бясплатную анастэзію падчас родаў, бясплатнае лячэньне бясплоднасьці й кантрацэптывы за дзяржаўныя сродкі. У выпадку перамогі, партыя СЛД абяцае лібэралізацыю закону супраць абортаў. Гжэгаж Наперальскі таксама прапануе ўвесьці мэдычную апеку ў адукацыйныя ўстановы.
Паводле СЛД, заробкі лекараў, мэдсёстраў і іншых працаўнікоў сыстэмы аховы здароўя павінны быць “адэкватнымі да якасьці, абавязкаў і працы”.

Польская сялянская партыя

Партыя рыхтуе хуткую, але ў той жа час глябальную рэформу аховы здароўя. ПСП выказваецца за вяртаньне ў школы стаматалягічных кабінэтаў і мэдсёстраў.
ПСП абяцае, што будзе імкнуцца ўвесьці праграму прафіляктыкі для цяжарных жанчын, а таксама жанчын зь дзецьмі. Будуць таксама адчыненыя Пэдагагічна-псыхалягічныя цэнтры дапамогі для сем’яў і зьменшаныя стаўкі падатку на дададзеную вартасьць на тавары й паслугі для дзяцей і моладзі.

“Польшча-найважнейшая”

Партыя плянуе распусьціць Нацыянальны фонд аховы здароўя й замест яго стварыць рэгіянальныя ўпраўленьні, якія б займаліся сыстэмай мэдычнага страхаваньня.

“Польшча-найважнейшая” прапануе дэбюракратызацыю шпіталяў і ўстановаў аховы здароўя. У праграме партыі ёсьць таксама прапанова стварэньня спэцыялістычных бальніц, якім быў бы нададзены адмысловы статус: усяпольскі, рэгіянальны, ваяводзкі.

“Рух Палікота”

У праграме партыі ёсьць запіс пра павелічэньне сродкаў на прафіляктыку й стварэньне радаў пацыентаў, якія б дзейнічалі пры шпіталях і іншых установах аховы здароўя. У згаданых радах пацыенты разам з кіраўніцтвам шпіталяў дыскутавалі б наконт мераў па паляпшэньні працы сыстэмы аховы здароўя.

Польская партыя працы

ППП-Жнівень’80 прапануе правесьці рэфэрэндум наконт прыватызацыі шпіталяў. Партыя лічыць, што пытаньні аховы здароўя не павінны падпарадкоўвацца правілам рынку. Замест павелічэньня ўзносу на сыстэму аховы здароўя, ППП прапануе ўвесьці лякальны падатак у памеры 10 злотых (3 даляры). Гэтыя грошы прызначаліся б на канрэтны шпіталь у канкрэтным рэгіёне. Партыя выказваецца супраць прыватызацыі мэдычнай выратавальнай службы.

Дзьмітры Гурневіч.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт