Logo Polskiego Radia
Print

Што яднае беларусаў з арабамі й чаму афіцыйны Менск ня любяць палякаў?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.05.2012 19:45
  • Што яднае беларусаў з арабамі і чаму афіцыйны Менск ня любяць палякаў.mp3
Культуролягі й гісторыкі адкрываюць цікавыя бакі беларускай самасьвядомасьці.

Ці нацыянальная самасьвядомасьць беларусаў сапраўды такая слабая, як прынята думаць? Як на беларусаў глядзяць суседзі, і як суседзяў ацэньваюць самі беларусы? Пра гэта размаўлялі культуролягі й публіцысты з Польшчы, Беларусі ды Ўкраіны на канфэрэнцыі “Ўсходняя Польшча й арыенталізм”, прысьвечанай складаным адносінам паміж Польшчай і яе ўсходнімі суседзямі.

Нацыянальная самаідэнтыфікацыя беларусаў, а тым больш украінцаў, не такая слабая, як гэта прынята думаць – кажа ўкраінскі дасьледчык Мікола Рабчук. Два народы адчуваюць сувязі са сваімі дзяржавамі, ясна адрозьніваюць сябе ад сваіх заходніх суседзяў. А вось з адрозьненьнем сябе ад расейцаў у вялікай колькасьці ўкраінцаў і беларусаў узьнікаюць праблемы. Прафэсар Мікола Рабчук параўноўвае ўсходніх славян з арабамі, якія лічаць сябе перадусім мусульманамі, затым – арабамі, а ўжо пасьля гэтага жыхарамі Эгіпту, Алжыру ці Палястыны.

/

М. Рабчук: Праблема заключаецца ў тым, што вельмі шмат украінцаў і беларусаў не адрозьнівае сябе са славянскай супольнасьці. Яны лічаць сябе перадусім усходнімі славянамі, праваслаўнымі, савецкімі людзьмі. Яны яшчэ не выдзелілі сябе з усходнеславянскай супольнасьці, якую я параўноўваю з мусульманскай “уммай”. Гэта супольнасьць сярэднявечная, архаічная.

Спрошчана кажучы, нацыянальная сьвядомасьць мільёнаў беларусаў і ўкраінцаў застыла на архаічнай, сярэднявечнай стадыі. З такой думкай не пагаджаецца беларускі філёзаф Ігар Бабкоў.

/

І. Бабкоў: Часта замест таго, каб углядацца, як мы разьвіваемся і што з нас атрымліваецца, мы пачынаем сябе параўноўваць з больш пасьпяховымі, як нам здаецца, суседзямі. Мы пачынаем будаваць тое, што называюць у культуралёгіі “шкалой прагрэсу”. І хоць мы ўсе існуем у тым самым часе, атрымліваецца, што нехта з нас ужо знаходзіцца ў будучыні, а нехта застраў у мінулым. І тыя, хто знаходзяцца ў “будучыні” лічаць, што ўсё тое, што адбываецца з людзьмі з “мінулага” – нявартае. Робячы так мы самі сябе выкідваем у кош для сьмецьця.

Чаму ж тады многія дасьледчыкі так робяць? Калі на такой “шкале прагрэсу” нашы суседзі месьцяцца ніжэй, то нашая ўласная самаацэнка павышаецца – лічыць беларускі філёзаф.

І. Бабкоў: Сучасную Эўропу можна прадставіць як біржу, дзе нацыянальныя культуры выстаўленыя на таргі. Адпаведна, ідзе гульня – на павышэньне ці на паніжэньне. Ад таго, наколькі акцыі суседа будуць падаць, залежыць рост нашых акцыяў. Таму часам летувісам, расейцам, украінцам альбо палякам выгодна мець Беларусь у якасьці абсалютнага “нуля”, бо ў параўнаньні зь ёй іх акцыі выглядаюць больш прывабнымі.

Шмат дасьледчыкаў нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў сваю ўвагу канцэнтруюць на тым, як беларусы ацэньваюць сябе на фоне расейцаў. Тых, хто дасьледуе вобраз палякаў у беларускай масавай сьвядомасьці – менш. А вобраз заходняга суседа таксама важны – кажа беларускі культуроляг Нэлі Бекус. Афіцыйная гістарыяграфія й савецкая масавая культура малююць паляка як ворага, які нібыта хацеў вырваць беларусаў са “спрадвечнага адзінства трох славянскіх народаў”. А апанэнты сучасных беларускіх уладаў бачаць польскі народ нашмат больш пазытыўна. Яны лічаць, што шматвяковая сувязь з Польшчай даказвае прыналежнасьць беларусаў да Эўропы – кажа Нэлі Бекус.

/

Н. Бекус: Прынамсі ў адной з вэрсіяў беларускай самаідэнтыфікацыі Беларусь прадстаўляецца як частка эўрапейскай цывілізацыі. І галоўнай крыніцай гэтай эўрапейскасьці зьяўляецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай. Менавіта адзінства з палякамі ў часы Рэчы Паспалітай, калі два цяперашнія народы жылі ў адной дзяржаве, зьяўляецца доказам эўрапейскіх каранёў беларусаў. У гэтым кантэксьце палякі выступаюць у якасьці пасярэднікаў, мосту, з дапамогай якога беларусы далучаюцца да эўрапейскай традыцыі.

На жаль, афіцыйныя падручнікі гісторыі й дзяржаўныя СМІ ў Беларусі працягваюць рэпрадукаваць варожы стэрэатып палякаў, створаны ў савецкія часы. Але пры гэтым колькасьць тых, хто падазрона ці са страхам ставіцца да Польшчы зьніжаецца, лічыць Нэлі Бекус. Усё больш беларусаў езьдзяць да заходніх суседзяў, пашырае кантакты з Эўропай і лічыць сябе эўрапейцамі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт