Logo Polskiego Radia
Print

Цэнтральная Эўропа шукае газ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.07.2012 15:30
  • Цэнтральная Эўропа шукае газ.mp3
Краінам Цэнтральнай Эўропы патрэбна дывэрсыфікацыя паставак газу.

Газопровод У пошуках іх крыніцаў польскі міністар замежных справаў наведаў Азэрбайджан. Ён выступаў ад імя краінаў Вышаградзкай групы. Якім чынам азэрбайджанскі газ можа трапіць у Цэнтральную Эўропу?

З пачатку 1990-х гадоў краіны Цэнтральнай Эўропы: Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, шукаюць для сябе альтэрнатыўныя расейскім крыніцы энэргасыравінаў – нафту ды газ. Адным з такіх праектаў зьяўляецца газаправод Nabucco, па якім газ з Цэнтральнай Азіі, Паўднёвага Каўказу павінен трапіць у Эўрапейскі Зьвяз. Пра тое, на якой стадыі рэалізацыі знаходзіцца дадзены праект ды пры ягоныя пэрспэктывы мы размаўляем з аналітыкам Польскага інстытута міжнародных адносінаў Конрадам Заштаўтам.
Конрад Заштаўт: Размовы пра праект Nabucco вядуцца гадамі. Мэта праекту – зладзіць пастаўкі газу ў Эўропу, у тым ліку і Цэнтральную, з розных краінаў. Зь Ірану, зь Іраку, з Блізкага Ўсходу, і таксама з Каўказу ды Цэнтральнай Азіі. Аднак пэрспэктывы ў гэтага праекту цьмяныя. Ён вельмі зацягнуўся, вынікаў пакуль няма. Таму Азэрбайджан выйшаў з прапановай новага газаправоду – Трансанаталійскага. У адрозьненьне ад Nabucco, у якім бяруць удзел некалькі дзяржаваў (Балгарыя, Вугоршчына, Аўстрыя, Турэччына, Нямеччына), Трансанаталійскі праект выключна турэцка-азэрбайджанскі.
Ці гэты новы газаправод азначае спыненьне Nabucco?
Конрад Заштаўт: Гаворка ідзе пра тое, што праект Nabucco будуць надалей рэалізаваць, але ў скарочанай вэрсіі. Ён пачнецца не ад турэцка-грузінскай мяжы. Ягоным пачатовым пунктам ня будзе Паўднёвы Каўказ, а турэцка-балгарская мяжа. Гэты заходні кавалак называецца Nabucco-West. Аднак тут існуе адна супярэчнасьць. Невядома яшчэ, куды пойдзе азэрбайджанскі газ. Ці па Nabucco-West у Цэнтральную Эўропу, ці па Трансадрыятычным газапровадзе ў Грэцыю ды Італію. Адказ на гэтае пытаньне мы даведаемся ў будучым годзе. Тады будзе прынята канчатковае рашэньне.
Чаму будаўніцтва Nabucco так зацягнулася?
Конрад Заштаўт: Першай праблемай была каардыанцыя дзеяньняў паміж рознымі арганізацыямі ды дзяржавамі. Трансанаталійскі газаправод будзе выключна двухбаковым праектам. Азэрбайджан вельмі імкнецца экспартаваць свой газ у Эўропу. Пэрспэктывы гэтага газаправоду лепшыя, і ён павінен неўзабаве зьявіцца.
Чаму дзяржавы ЭЗ не могуць дамовіцца? Ці гэтыя два праекты могуць суіснаваць?
Конрад Заштаўт: Сапраўды, Балгарыя, Румынія, Аўстрыя, Грэцыя ды Італія – гэта краіны ЭЗ. Але тут ёсьць канфлікт інтарэсаў. Італія – гэта велізарны рынак, які купляе любую колькасьць газу. Паліўныя канцэрны з розных краінаў вядуць сваю гульню. Ёсьць такая магчымасьць, што абодва праекты будуць рэалізаваныя. Але дзеля гэтага спатрэбіцца падключыцца да новых радовішчаў газу. Азэрбайджанскіх крыніцаў ня хопіць. Азэрбайджанскі газ зможа запоўніць толькі адзін з гэтых газаправодаў.
Якія тут магчымыя крыніцы?
Конрад Заштаўт: Размова ідзе пра далучэньне Туркэмістану, які мае велізарныя газавыя радовішчы. Але тут ёсьць праблемы з транспртам праз Касьпійскае мора й да мора. Туркмэнскія радовішчы знаходзяцца ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Трэба пабудаваць газаправод, па якім газ пастаўляўся б з глыбіні Туркмэністану на ўзьбярэжжа Касьпійскага мора. Потым трэба пабудаваць газаправод па дне Касьпійскага мора. Гэта велізарны праект, які цяпер малаверагодны. Справа ў тым, што ўлады Туркмэністану вядуць палітыку „неўпусканьня” паліўных канцэрнаў зь інвэстыцыямі ў сваю краіну. Ім давядзецца самім будаваць газаправод, а гэта велізарная інвэстыцыя. Малаверагодна, каб яны змаглі яе рэалізаваць у бліжэйшыя гады.

Таму, на думку экспэрта, у бліжэйшы час будзе рэалізаваны праект азэрбайджанскі. Такім чынам, нерасейскі газ трапіць у Цэнтральную Эўропу. Сытуацыя праясьніцца ў будучым годзе, калі будзе прынята рашэньне пра маршрут газапровада па тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт