Logo Polskiego Radia
Print

22 ліпеня 1942 году

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 23.07.2012 16:28
  • 22 ліпеня 1942 году.mp3
У гэты дзень немцы пачалі ліквідацыю Варшаўскага гета.

Учора споўнялася 70 гадоў з моманту тых жудасных падзеяў у гісторыі Польшчы й габрэйскага народу.

22 ліпеня пачалася вялікая ліквідацыйная акцыя. Жыхары гета з Умшлагпляцу вывозіліся ў канцлягеры, пераважна ў Трэблінку. Да 21 верасьня 1942 году з Варшаўскага гета вывезена каля 80% жыхароў - 300 тысяч габрэяў.

Станцыя адпраўленьня цягнікоў знаходзілася на скрыжаваньні вуліцаў Стаўкі й Дзікай. Сёньня там стаіць помнік ахвярам генацыду.

Учора 70-я ўгодкі ліквідацыі гета ўшанавалі жыхары польскай сталіцы. Асноўным пунктам стаў Марш памяці. У ім прайшлі ня толькі прадстаўнікі габрэйскай супольнасьці, але ўсе неабыякавыя. Калёна прайшла з Умшлагпляцу пад дзіцячы дом Януша Корчака, які разам са сваімі выхаванцамі прайшоў гэты шлях у адваротным напрамку.

Дырэктар Музэя „Auschwitz-Birkenаu” у Асьвенцыме Пётр Цывіньскі зазначае, што ўшанаваньня памяці першых вывезеных габрэяў Варшаве давялося чакаць 70 гадоў.

Пётр Цывіньскі: Гэта вельмі сумная гісторыя, Варшава перажыла гэтую траўму, зь якой выходзіла вельмі доўга. Памяць аб ахвярах ліквідацыі гета ўшаноўвалася, але мінімальна. Аднак пералом наступіў. Магчыма, неўзабаве Варшава й варшавяне зразумеюць, якія страты сталіца панесла падчас вайны, таксама ў Варшайскім гета.

На агароджу дзяцячага дому Корчака ўдзельнікі Маршу памяці прычапілі каляровыя стужкі. На некаторых зь іх былі напісаныя імёны замучаных габрэйскіх дзетак, некаторыя стужкі былі без напісу - гэта своеасаблівы сымбаль невядомых ахвяраў галакосту.

Амбуцмэн па пытаньнях дзяцей Марэк Міхальскі кажа, што ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі шлях, які зьяўляецца сьведчаньнем безчалавечнасьці, страха й насільля.

Марэк Міхальскі: Вуліцы, па якіх мы ішлі, бездапаможна пазіралі на бездань жосткасьці, подласьці, якую людзям зрабілі людзі толькі таму, што яны былі габрэямі, зрабіла фашысцкая ідэалёгія. Нянавісьць, страх, насільле... Іх пазбавілі права на жыцьцё бяз права на чалавечую сьмерць.

Прысутны на ўрачыстасьцях віцэ-міністар культуры Ізраіля Мэнахэм Мозэс сказаў, што асоба Януша Корчака штогод узгадваецца ізраільскімі настаўнікамі й вучнямі на Гары памяці ў Іерусаліме.

Мэнахэм Мозэс: Спадчыну Януша Корчака выкарыстоўваюць габрэйскія настаўнікі, яго жыцьцё адлюстравана ў падручніках і кніжках. На Гары памяці мы ўзгадваем асобу Януша Корчакай і ягонай сяброўкі Стэфаніі Вільчынскай, якая пайла на сьмерць разам Корчакам і выхаванцамі дзіцячага дома.

Галоўны рабін Польшчы Міхаель Шудрых зьвяртае ўвагу, што пры нагодзе памяці аб ахвярах галакосту неабходна памятаць і асудзіць кожную праяву расізму й ксэнафобіі. Ён зазначыў, што ахвярай забойства заўсёды зьяўляецца слабейшая частка грамадзтва.

Міхаель Шудрых: Галакост у Камбоджы, Руандзе, Дарфуры - пра гэта нельга забываць, трэба захаваць памяць, памятаць, што адбылося. Нельга забыць пра тых, хто загінуў. Бо ўчора былі габрэі, а заўтра можа быць нехта іншы.

У рамках адзначэньня 70-х угодкаў ліквідацыі Варшаўскага гета ў галерыі „Кардэгарда” адчынілася выстава "Дзёньнік гета: малюнкі. З падпольнага архіва Варшаўскага гета”.

З Варшаўскага гета ўдалося выратавацца нямногім. Сярод іх - такія выбітныя постаці, як памерлы нядаўна грамадзкі дзеяч і лекар Марэк Эдэльман ці славуты польскі кампазытар Уладзіслаў Шпільман.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт