Logo Polskiego Radia
Print

Сыстэма электроннай праверкі страхоўкі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 02.01.2013 17:33
  • e-WUŚ.mp3
З новага года ў Польшчы ўведзеная электронная сыстэма пацьверджаньня сацыяльнага страхаваньня.
foto:flickr.pl

Каб быць прынятым у паліклініцы або шпіталі, трэба быць застрахаваным. Да новага года кожны пацыент, які зьвяртаўся па мэдычную дапамогу, павінен быў памятаць, што ў рэгістрацыі ад яго запатрабуюць прадставіць пасьвечаньне аплачанага ўзносу. Цяпер, дзякуючы новай электроннай сыстэме, такое пацьверджаньне шпіталь можа атрымаць онлайн.

Сыстэма электроннай праверкі страхоўкі працуе з 1 студзеня, аднак сёньня яна праходзіць свой сапраўдны іспыт — гэта першы яе працоўны дзень. Як запэўнівае Вёлета Немец з Вроцлаўскага аддзяленьня Нацыянальнага фонду аховы здароўя, большасьць з 1600 мэдычных устаноў рэгіёну гатовая да працы з новай сыстэмай.

В.Немец: Кожнага пацыента, які зьвернецца па мэдычную дапамогу, можна праверыць ў гэтай сыстэме. Будзе зручней пацыентам — дастаткова мець пашпарт. Будзе хутчэй шпіталям — ня трэба правяраць дакумэнтаў. Усё можна праверыць у сыстэме онлайн.

Міністар адміністрацыі і лічбаваньня Міхал Боні зазначае, што мэта сыстэмы — аблегчыць жыцьцё пацыентам.

М.Боні: Асноўны сэнс гэтай сыстэмы — каб пацыент ня мусіў насіць з сабой розных квіткоў. У пашпарце ёсьць асабісты нумар, па якім можна праверыць асобу. Да гэтага трэба падыходзіць як да праяву добрай волі, кроку, які спрашчае працэдуру.

Анджэй Трашыньскі, прэс-сакратар Нацыянальнага фонду аховы здароўя, празь які ў Польшчы фінансуецца мэдычная служба, прызнае, што часам можа здарыцца выпадак, што кагосьці няма ў рэестры. Калі б такое здарылася, пацыент можа напісаць пісьмовую заяву аб тым, што ён застрахаваны. Гэтая заява потым будзе зьвераная са зьвесткамі Нацыянальнага фонду аховы здароўя.

А.Трашыньскі: Калі нешта не спрацуе ў нашым цэнтральным сьпісе застрахаваных асоб, то заўсёды можна напісаць пісьмовую заяву аб тым, што мы застрахаваныя. Доктар павінен прыняць на падставе такой зарукі.

Па-ранейшаму, у рэгістрацыю паліклінікі можна зьвяртацца з пасьведчаньнем аплачанага ўзносу. Зрэшты, людзі так і робяць, бо нянадта давяраюць кампутарам.

Пацыент: У мяне дакумэнт заўсёды з сабою. І гэтым разам таксама.

Аднак тыя пацыенты, якія сёньня ўжо карысталіся мэдычнымі паслугамі, адразу заўважылі перавагі электроннай сыстэмы.

Пацыентка: Пры рэгістрацыі мяне праверылі ў сыстэме. Не правяралі пячаткі ў кніжачцы. Усё адбылося вельмі хутка. Цяпер будзе лягчэй пацыентам. Калі нехта зранку прачынаецца з тэмпэратураю, ня мусіць бегчы на працу па пячатку, а адразу можа ісьці да доктара, лячыцца.

Праўда, як аказалася, ня ўсе мэдычныя ўстановы падлучаныя да сыстэмы. Калі няма пацьверджаньня страхоўкі, лекі доктар выпісвае бяз скідкі, тлумачыць мэдсястра Малгажата Смагажэўска з Кракава.

М.Смагажэўска: Лекі доктар выпісвае на 100% цаны, бо ў нас няма пацьверджаньня, што пацыент застрахаваны. Інфарматыкі працуюць над тым, каб сыстэма гарманізавала з праграмаю па абслугоўваньні базы пацыентаў нашай кругласутачнай амбулаторыі.

Нова ўведзеная электронная сыстэма дазволіць таксама праверыць, колькі грамадзянаў Польшчы жыве без сацыяльнага і мэдычнага страхаваньня. Паводле падлікаў Міністэрства аховы здароўя, на сёньня гэтая праблема датычыць прыблізна 1% палякаў, якія ня маюць права карыстацца грамадзкай сыстэмай аховы здароўя.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт