Logo Polskiego Radia
Print

Сталі вядомыя імёны ляўрэатаў Варшаўскай літаратурнай прэміі

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 25.04.2013 17:48
  • Варшаўская літаратурная прэмія.mp3
Уручэньне ўзнагарод адбылося ў аўторак у польскай сталіцы.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў адбылася на сцэне Драматычнага тэатру на Волі. Уручэньне Варшаўскай літаратурнай прэміі супала з Сусьветным днём кнігі й аўтарскіх правоў.

У намінацыі “Проза” перамог Казімеж Орлась за кнігу “Дом пад Лютняй”. У кнізе аўтар апісвае жыцьцё мазурскай вёскі, дзе пасьля вайны знайшлі свой дом украінцы, палякі, нямецкамоўныя палякі. Орлась паказвае, як у цяжкія часы людзі кіраваліся ва ўзаемных стасунках не паняткамі - народ альбо рэлігія, а простай сумленнасьцю. Гаворыць Казімеж Орлась.

К. Орлась: Некаторыя зьдзівіліся, што я заўсёды быў аўтарам, які рэальна й жорстка піша пра сьвет, паказвае чорную рэчаіснасьць. А тут, нечакана, ідылія. Ды яшчэ і ў пасьляваенных умовах, калі быў сталінізм і вельмі сумныя часы. Я гэта пісаў з пэрспэктывы 9-гадовага хлопца, мне падказвала памяць. Я трошкі памятаю сталінізм - з размоў бацькоў, з хатняй атмасфэры, але ў той жа час памятаю сонечны сьвет, Варшаву ў руінах, але сонечную. І гэтыя цудоўныя Мазуры, дзе я правёў першыя пасьляваенныя канікулы. Я быў там з бацькамі тройчы, як і Томэк з майго раману.

У намінацыі “Паэзія” галоўную ўзнагароду здабыў Кшыштаф Карасэк за зборнік вершаў “Дзёньнік героя”.

Прэмію за найлепшую дзіцячую кнігу – за тэкст і ілюстрацыі - атрымалі Дарота Сідар, а таксама Аляксандра й Даніэль Мізілінскія за кнігу “Куды дзелася выдра? – альбо сьледзтва ў Вілянаве”.

У намінацыі “Варшаўская сэрыя” перамог Томаш Масьціцкі за кнігу “Тэатры Варшавы 1944-45”.

Т. Масьціцкі: Падчас заняткаў па гісторыі тэатру ў школе нас вучылі, што Варшава – мёртвы горад, дзе амаль нічога не адбываецца. Усё цікавае адбываецца ў Лодзі, а ў Варшаве нічога. Грае нейкі тэатр... Некалькі тэатраў было падчас акупацыі, але гэта былі калябаранты, іх трэба асудзіць. Тэатрам заняліся недзе з 1956 году. І нават гэты тэатр сталінскіх часоў заслугоўвае на асобную кнігу.

У намінацыі “Варшаўскі творца” галоўную прэмію здабыла Ёанна Кульмова, паэтка, празаік, якая сёлета акурат сьвяткуе юбілей – 85 год, і чыё жыцьцё шчыльна зьвязанае з Варшавай.

Варшава - гэта лідар у Польшчы па чытаньні кніг, таму заканамерна, што тут уручаецца свая літаратурная прэмія, гаворыць пісьменьніца, старшыня Рады Варшавы Дарота Маліноўска-Групіньска.

Д. Маліноўска-Групіньска: Варшава – гэта такі горад, дзе ёсьць шмат тэатраў і адбываецца шмат выставаў. З дасьледаваньняў вынікае, што сярод палякаў, якія чытаюць кнігі, 20% - гэта акурат жыхары Варшавы. Таму Варшава як ніякі іншы горад пасуе да таго, каб узнагароджваць пісьменьнікаў. Сёньня гэта не такая прэстыжная й аўтарытэтная прафэсія як некалі, а яна павінна такой быць. Грамадзтвы, якія чытаюць, разьвіваюцца. Можна паўтараць шэраг агумэнтаў, але дзякуючы гэтаму нельга стварыць культу кнігі. Гэта можна ствараць дзякуючы ўручэньню ўзнагароды, паказваючы, што сёньня важнае ў літаратуры.

Варшаўская літаратурная прэмія - гэта працяг узнагароды, якая ўручалася лепшым майстрам пяра ад 1926 па 1938 гады. Першым ляўрэатам прэміі стаў старэйшы сын Адама Міцкевіча - Уладзіслаў, а апошнім – Леапольд Стаф. Ляўрэтамі прэміі ў розныя гады былі Тадэвуш Бой-Жэленьскі, Поля Гаявічыньска, Марыя Кунцэвічова.

У пасьляваеннай Варшаве таксама былі сталічныя прэміі для літаратараў, але ў іх не было ані пастаяннай назвы, ані агульных прынцыпаў прызнаваньня. Сярод пасьляваенных ляўрэатаў Варшаўскай літаратурнай прэміі - Мірон Белашэўскі, Казімеж Брандыс, Эрнэст Брыль, Ежы Вальдорф.

Сёлета ляўрэаты былі вызначаныя ў наступных намінацыях: проза, паэзія, дзіцячая літаратура, а таксама варшаўская сэрыя.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт