Logo Polskiego Radia
Print

У Менску абмяркуюць міжкультурны дыялёг

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.05.2013 19:18
  • міжкультурны дыялёг.mp3
У міжнароднай канфэрэнцыі будуць удзельнічаць адмыслоўцы зь Беларусі, Польшчы, Украіны.

/

24 траўня ў Менску пpойдзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя „Міжкультурны дыялёг: сучасная парадыгма й досьвед суседзтва”.

Мерапрыемства арганізоўвае недзяржаўная ўстанова „Міжкультурны дыялёг” сумесна з Польскім Інстытутам у Менску й Дзяржаўным інстытутам кіраваньня й сацыяльных тэхналёгій БДУ.

Пра мэты канфэрэнцыі ў размове з Аннай Задрожнай распавядае генэральны дырэктaр установы „Міжкультурны дыялёг” Любоў Уладыкоўская.

Любоў Уладыкоўская: Мы плянуем абмеркаваць пытаньне, зьвязанае з сучасным разуменьнем міжкультурнага дыялёгу, з сусьветнай парадыгмай гэтага фэномэну. А таксама прыкладныя аспэкты гэтага міжкультурнага дыялёгу, формы пашырэньня кантэксту міжкультурнага дыялёгу, беларускія праявы міжкультурнага дыялёгу й пэрспэктывы яго разьвіцьця ў міжнародным, нацыянальным, транспамежным, рэгіянальным кантэкстах.

Колькі дзён будзе працягвацца канфэрэнцыя?

Любоў Уладыкоўская: Гэтая канфэрэнцыя разьлічаная на спэцыялістаў. Паколькі гэта будзе першае сур’ёзнае абмеркаваньне гэтай праблемы, мы запрашаем не настолькі шмат людзей – каля 30 чалавек. Мы будзем працаваць адзін дзень, але спадзяемся, што гэтая праца будзе плённай.

Адкуль прыедуць удзельнікі?

Любоў Уладыкоўская: Прыедуць прадстаўнікі польскай гуманітарнай навукі, таму што пытаньне міжкультурнага дыялёгу даволі разьвіта ў суседняй краіне. У нас вельмі добрыя кантакты з Варшаўскім унівэрсытэтам і іншымі польскімі ВНУ. Таксама будуць прадстаўнікі Ўкраіны, Летувы, а іншыя краіны будуць прадстаўленыя дыпляматычнымі місіямі. Будуць таксама выступаць прадстаўнікі некаторых міжнародных арганізацыяў. Мы адчуваем вялікую цікавасьць у гэтай тэме. Падчас канфэрэнцыі плянуюць выступаць ня толькі прадстаўнікі навукі, ня толькі прафэсура, ня толькі культурныя эліты. Мы чакаем таксама прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, розных рэлігійных канфэсіяў, перш за ўсё хрысьціянскіх, ды іншых сфэр сацыяльная быцьця. Мы бачым культурны дыялёг як дыялёг ня толькі паміж культурамі. Мы разумеем, што гэта таксама сацыяльны дыялёг. Гэта дыялёг паміж рознымі прафэсійнымі групамі нашага грамадзтва. І гэта якраз гэтая падстава, якая дае магчымасьць аб’яднаць беларускае грамадзтва на нейкіх фундамэнтальных нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцях.

Калі гаварыць пра гэты дыялёг паміж Польшчай і Беларусяй, то якія праблемы тут патрабуюць неадкладнага абмеркаваньня?

Любоў Уладыкоўская: У нас ня ставіцца пытаньне беларуска-польскіх культурніцкіх, грамадзкіх ці навуковых дачыненьняў. Мы проста хочам паслухаць, як сёньняшняя прафэсура Рэспублікі Польшча глядзіць на праблему міжкультурнага дыялёгу, якія тут навуковыя падыходы да гэтага пытаньня. Як Польшча засвойвае сусьветныя розныя формы міжкультурнага дыялёгу? Хочам супаставіць і параўнаць наш узровень гуманітарнай навукі й польскі ўзровень гуманітарнай навукі, хочам суаднесьці нашае разуменьне й падыскутаваць на гэтую тэму. А непасрэдных беларуска-польскіх узаемадачыненьняў мы ня будзем разглядаць на гэтай сустрэчы.

Канфэрэнцыю арганізоўвае недзяржаўная ўстанова „Міжкультурны дыялёг”, дырэктарам якой Вы зьяўляецеся. На якой дзейнасьці засяроджваецца Вашая арганізацыя?

Любоў Уладыкоўская: Мы засяроджваем сваю ўвагу на двух асноўных аспэктах. Першы - гэта вывучэньне стану міжкультурнага дыялёгу ў Беларусі; вывучэньне спосабаў захаваньня беларускай самабытнасьці; пашырэньне кантэксту беларускай мовы й культуры. Гэта таксама яднаньне беларускага грамадзтва на аснове беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, салідарызацыя беларускага грамадзтва. А другі напрамак - гэта пашырэньне міжнароднага кантэксту нашых навукоўцаў, дзеячоў культуры, бізнэсу. Значыць, мы спрабуем знайсьці гармонію паміж захаваньнем уласнай самабытнасьці й патрэбай выходзіць шырока ў сьвет. Нам трэба адкрываць грамадзтва, фарміраваць адкрытае мысьленьне сучаснага чалавека. Беларусь павінна вывучаць замежны досьвед. Адначасова мы павінны таксама несьці веды пра ўласную культуру ў сьвет, каб гэты дыялёг быў канструктыўным абменам думак, каб гэта было ўзбагачальнае ўзаемадзеяньне, карыснае для нашай культуры, грамадзтва, навукі.

Польшча й Беларусь маюць шмат культурнух каранёў. Ці яны, паводле Вас, дапамагаюць у сучасных узаемаадносінах паміж краінамі, ці наадварот, перашкаджаюць?

Любоў Уладыкоўская: Я думаю, што агульнасьць ніколі не перашкаджае, агульнасьць толькі дапамагае зразумець адзін аднаго, спрыяе, каб адзін аднаму мог падаць руку. Я асабіста ў сваёй працы адчуваю вялікую сымпатыю да Польшчы – па розных прычынах. Усё ж адна з гэтых прычынаў, гэта глыбіннае адчуваньне культурнага, гістарычнага мэнтальнага адзінства. Другая прычына, якую я адчуваю, гэта тое, што мяне ў Польшчы таксама добра разумеюць. Таму я лічу, што агульнасьць каранёў беларускіх і польскіх толькі нам на карысьць. Іншая рэч, што мы павінны выкарыстоўваць гэтую агульнасьць і ўзаемаразуменьне, грунтуючыся не на сёньняшніх, аднадзённых палітычных сытуацях, але на глыбіннай гістарычнай і культурнай агульнасьці. Значыць, на нашай супольнай культурнай пэрспэктыве.

- сказала генэральны дырэктар установы „Міжкультурны дыялёг” Любоў Уладыкоўская.

Нагадаем, падчас заплянаванай на 24 траўня канфэрэнцыі „Міжкультурны дыялёг: сучасная парадыгма й досьвед суседзтва” адбудзецца выстава беларускай народнай творчасьці „Подых часу”, на якой будуць прэзэнтаваныя ўзоры традыцыйных беларускіх рамёстваў і промыслаў. Выступіць таксама струнны квартэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Размаўляла Анна Задрожна.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт