Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўскладніць указ Лукашэнкі жыцьцё музыкам?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.06.2013 16:22
  • Ці ўскладніць указ Лукашэнкі жыцьцё музыкам.mp3
Чаму артысты ня вельмі засмучаныя неабходнасьцю атрымліваць дазвол на канцэрт у ідэолягаў?
mygazeta.commygazeta.com

Аляксандар Лукашэнка сваім указам вярнуў гастрольныя пасьведчаньні, адмененыя тры гады таму. Цяпер, каб правесьці канцэрт, музыкі павінныя атрымаць дазвол ва ўпраўленьні ідэалагічнай работы аблвыканкама. Ці ўскладніць вяртаньне “гастролек” жыцьцё беларускім артыстам і навошта іх увогуле вярнулі? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да музыкаў і прадусараў.

“Дзіўным”, назваў рашэньне ўладаў лідар гурту “Палац” Алег Хаменка. Па словах музыкі, гастрольныя пасьведчаньні ня толькі даказалі сваю неэфэктыўнасьць, але й супярэчаць міжнароднай практыцы.

А. Хаменка: Гэта ўсё дзіўнавата. Такая практыка была неэфэктыўнай і непатрэбнай. У сьвеце канцэрты арганізуюць паводле заяўнага прынцыпу. Пра тое. Што канцэрт мае адбыцца, проста паведамляецца ў мэрыю – і ўсё. А калі маюць месца парушэньні, то пакараньні й штрафы спаганяюць ужо пасьля мерапрыемства.

Некаторыя артысты й камэнтатары лічаць, што ўказ Лукашэнкі дазволіць лёгка й хутка забараняць выступы “нядобранадзейных” беларускіх музыкаў. Аднак канцэрты беларускіх выканаўцаў з так званага “чорнага сьпісу” і раней лёгка адмянялі й без усялякіх афіцыйных дакумэнтаў, кажа вядомы музыка Лявон Вольскі.

Л. Вольскі: Як было складана праводзіць канцэрты, так і будзе складана. Нічога не зьмянілася. Калі раней канцэрты адмянялі па званку зьверху, то цяпер яны будуць адмяняцца на самым пачатку. Я ўвогуле ад гэтых справаў даўно абстрагаваўся. Пасьля сумнавядомых падзеяў 2010 году ў правядзеньні канцэртнай дзейнасьці мы ўвогуле ніяк не перакрыжоўваемся з дзяржавай.

З Лявонам Вольскім згодны й прадусар Віталь Супрановіч. Вяртаньне “гастрольных пасьведчаньняў” наўрад ці ўскладніць ітак няпростае жыцьцё музыкаў. Канцэрты забараняліся й раней, а атрымаць пасьведчаньне ў свой час праблемы не складала. Парадаксальна, але ўвядзеньне новага бюракратычнага бар’еру можа мець і пазытыўны эфэкт. Музыкі змогуць нарэшце атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне, што іх канцэрт не дазволілі менавіта дзяржаўныя ўлады – кажа Віталь Супрановіч.

В. Супрановіч: Раней улады казалі, што яны нікому нічога не забараняюць, а праводзіць канцэрты ня хочуць клюбы, ці яны адмяняюцца з-за прарыву водаправоду альбо чаго-небудзь яшчэ. Магчыма, што з-за неабходнасьці ўзгадняць канцэрты з ідэолягамі, музыкам цяпер удасца атрымаць афіцыйныя адказы з указаньнямі прычынаў, па якіх гурт ня мае права выступаць. У гэтым сэнсе такая мера можа прынесьці карысьць.

“Гастролькі” вярнулі, каб спрасьціць працу шматлікім ідэолягам і проста зарабіць грошы ў казну – лічыць прадусар Віталь Супрановіч.

В. Супрановіч: Пры Міністэрстве культуры працуе Рэспубліканская экспэртная камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту й жорсткасьці. Аднак замежныя гурты, якія выкарыстоўваюць мацерную лаянку, прапагандуюць сатанізм ды іншыя рэчы, у нас спакойна выступаюць. А праблемы ўзьнікаюць у гуртоў, якія проста сьпяваюць беларускія песьні. Таксама можна сказаць, што ствараецца нейкі мэханізм папаўненьня бюджэту. Замежныя гурты, якія праводзяць канцэрты на вялікіх пляцоўках без праблемаў заплацяць за дазвол выступаць.

Музыка Алег Хаменка таксама не выключае,што рашэньне ўладаў абумоўлена фінансавымі прычынамі. Аднак зь беларускіх выканаўцаў грошай браць ня будуць.

А. Хаменка: Зь беларускіх музыкантаў за атрыманьне пасьведчаньняў грошы брацца ня будуць. Яны будуць брацца толькі з замежных выканаўцаў. А грошы, як я чуў, будуць ісьці ў фонд па падтрымцы таленавітай моладзі.

Такім чынам, беларускія выканаўцы й прадусары ня вельмі напалоханыя патрабаваньнем пытаць дазвол на канцэрт у ідэолягаў, хаця радаснай іх рэакцыю не назавеш. Новых праблемаў “гастрольныя пасьведчаньні” ім не дададуць, бо мастацкая сфэра і так знаходзіцца пад пільным кантролем уладаў. А мэтай іх увядзеньня магло стаць банальнае жаданьне атрымаць грошай ад багатых замежных гуртоў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт