Жаўнеры БНР возьмуць удзел у вайсковым парадзе ў Варшаве
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
09.08.2013 11:29
Беларускія й польскія вайсковыя рэканструктары прамаршыруюць ва ўніформе 1-га Слуцкага палка стральцоў.
Сьцяг слуцкіх паўстанцаў.
15 жніўня 2013 году ў Дзень Войска Польскага ў Варшаве адбудзецца грандыёзны вайсковы парад рэканструктараў. Галоўнай тэмай будзе савецка-польская вайна й "Цуд на Вісьле". Упершыню ў гісторыі параду публіка ўбачыць рэканструктараў у мундзірах 1-га Слуцкага палка стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Распавядае адзін з удзельнікаў беларускай групы, гісторык Ігар Мельнікаў.
І. Мельнікаў: Разам з польскай фундацыяй "Polonia Militaris", якая супрацоўнічае з нашай групай вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім», мы падумалі, што варта паказаць людзей якія таксама змагаліся супраць бальшавікоў за сваю незалежнасьць на баку Польшчы.
Побач зь беларусамі пройдуць «пятлюраўцы» з Украіны, амэрыканскія пілёты з эскадрону Касьцюшкі, францускія пехацінцы й расейскія казакі.
І. Мельнікаў: Сымбалем беларускасьці ў часы польска-савецкай вайны быў І Слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта абагульняючы сымбаль, бо мы пакажам як простых случчакоў, жаўнераў Булак-Балаховіча, так і ўдзельнікаў іншых беларускіх фармацыяў.
Уніформа беларускіх удзельнікаў параду.
Шмат высілкаў рэканструктары паклалі на стварэньне касьцюмаў. Слуцкае паўстаньне адбывалася зімою, і паўстанцы змагаліся ў шапках, папахах, сялянскіх кажухах. Летняя ўніформа створаная на падставе царскіх мудзіраў, якія шмат беларусаў у тыя часы захавалі пасьля службы ў расейскай арміі. Не абыдзецца й без элемэнтаў польскай ўніформы, паколькі случчакі-беларусы ваявалі ў шэрагах Польскага Войска. На ўніформе будуць какарды БНР, бел-чырвона-белая атрыбутыка.
Пад сьцягам Слуцкага палка пройдзе трое беларусаў і трое палякаў.
Вайсковы парад адбудзецца 15 жніўня. Пачнецца шэсьце а 12.00 ў Алеях Уяздоўскіх.
Дзьмітры Гурневіч