Logo Polskiego Radia
Print

ЗША паралізаваныя?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 01.10.2013 16:45
  • ЗША паралізаваныя.mp3
Кангрэс ЗША не прыняў закону аб бюджэце.

Дзяржаўныя органы чакае параліч. 800 тысяч чыноўнікаў адпраўлены ў прымусовы адпачынак.

Перамовы паміж прэзыдэнтам і кангрэсам ішлі ўчора да позьняй ночы. Аднак бакі не змаглі дасягнуць пагадненьня. Закон аб бюджэце так і не быў прыняты. ЗША ўваходзяць у новы бюджэтны год, які пачынаецца з 1-га кастрычніка, без фінансаў.

Прычына - дэмакраты й рэспубліканцы не дамовіліся паміж сабой. Больш падрабязна з Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.

Марэк Валкускі: Рэспубліканцы пайшлі ва-банк, спрабуючы запаволіць рэалізацыю праграмы Барака Абамы сацыяльнага страхаваньня. Адпаведныя артыкулы яны ўключылі ў дзяржаўны бюджэт. На гэта ўжо не пагадзіліся дэмакраты. Перамовы скончыліся тупіком. У выніку бюджэт ня быў прыняты. Апоўначы амэрыканскі прэзыдэнт быў вымушаны загадаць спыніць працу дзяржаўнай адміністрацыі, за выключэньнем установаў, неабходных для цэласьці дзяржавы. Барак Абама сказаў, што гэта часовы перапынак у працы адміністрацыі шкодны для дзяржавы. Ён усклаў віну за гэта на рэспубліканцаў. Абама паабяцаў, што пэнсіі будуць спраўна выплачвацца, ня спыніць працы пошта й паліцыя, а таксама войска.

Невядома, як доўга будзе доўжыцца гэты адміністрацыйны параліч у ЗША. Пакуль што Белы Дом прыпыніў працу шэрагу фэдэральных агенцтваў, а 800 тысяч чыноўнікаў пайшлі на прымусовыя адпачынкі. Але гэта далёка не канец. Без працы могуць застацца нават мільён дзяржслужачых. Паводле ўступных падлікаў, на бясплатныя адпачынкі пойдуць 97% супрацоўнікаў NASA, 94% працаўнікоў агенцтва аховы прыроды, блізу 80% пэрсаналу міністэрства працы і фінансаў, а таксама палова працаўнікоў Пэнтагону. Працаваць будзе Дзярждэпартамэнт, амэрыканскія амбасады і служба бясьпекі паветранага руху. Ня спыняцца таксама вайсковыя апэрацыі. Затое зачыняць нацыянальныя паркі ды турыстычныя аб’екты, у тым ліку славутую Статую свабоды.

Дэмакраты ўскладаюць адказнасьць за сытуацыю на рэспубліканцаў. Гаворыць Барак Абама.

Барак Абама: Гэта будзе блякада для нашай эканомікі, якая пачала набіраць абароты. 5 гадоў таму ў нас быў эканамічны каляпс. Сёньня нашы фірмы стварылі ўжо больш за 7,5 мільёнаў новых месцаў працы. Палепшылася сытуацыя на рынку нерухомасьці, а нашыя даўгі скарачаюцца. Паставіць пад удар гэтыя напрацоўкі – скрайняя безадказнасьць. Гэта не павінна было здарыцца. Нягледзячы на гэты крок, мэдычная рэформа не адмяняецца. Фінансаваньне гарантаванае, яго нельга адмяніць. Усё прайшло праз абедзьве Палаты Кангрэсу, пастаўлены мой подпіс і ёсьць згода Вярхоўнага Суда. Самае галоўнае - за гэта прагаласавалі выбарцы.

17 гадоў таму ЗША ўжо сутыкнуліся з такой сытуацыяй. З-за блякады выдаткаў дзяржаўная адміністрацыя не працавала 21 дзень. Грамадзтва тады віну ўсклала за адміністрацыйны параліч на рэспубліканцаў і прэзыдэнт-дэмакрат Біл Клінтан перамог на перавыбарах. Ці дапаможа гэтая сытуацыя Абаме, пакуль невядома. Рэакцыя грамадзтва пакуль стрыманая. Больш востра зарэагавалі на бюджэтны крызыс біржы. Цэны акцый пайшлі ўніз, за імі пасьледавалі цэны паліва. Нафта адразу патанела на 49 цэнтаў. Аднак, прагназуюць экспэрты, гэты палітычны параліч не спыніць росту эканомікі ЗША. Гаворыць банкаўскі аналітык Лукаш Бугай.

Лукаш Бугай: Гэта ня надта сур’ёзны ўдар для эканомікі. Гэты крызыс датычыць часткі публічнага сэктару. Ён не азначае, што жыцьцё замірае ва ўсёй краіне. Тут жа толькі на некаторы час перастане працаваць частка дзяржаўнай адміністрацыі. Тым больш, што такі крызыс кароткачасовы. Ён будзе доўжыцца некалькі дзён.

Амэрыказнаўца Барташ Вішнеўскі кажа, што сёлетні параліч 20 дзён не працягнецца.

Барташ Вішнеўскі: Я думаю, што грамадзкая думка палічыць больш вінаватымі рэспубліканцаў у гэтым тупіку. Дэмакратычная большасьць у Сэнаце да апошняга моманту шукала выхаду з сытуацыі. Але дэмакраты маюць сваю чырвоную лініі. Гэта ратунак абамаўскай рэформы мэдыцыны.

У аўторак прэзыдэнт ЗША спыніцў працу часткі дзяржаўнай адміністрацыі. На бясплатныя адпачынкі выслана да мільёна чалавек. Прычынай гэтага рашэньня стала адсутнасьць закона аб бюджэце на будучы год. Дэмакраты й рэспубліканцы не змаглі выпрацаваць кампраміс па гэтым пытаньні.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт