Logo Polskiego Radia
Print

Гандлёвыя войны Расеі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.10.2013 13:47
Летува, Грузія, Галяндыя. Хто наступны на прыцэле...

Учора расейскія мытнікі перасталі праводзіць падрабязны кантроль летувіскіх фураў – нагадвае „Gazeta Wyborcza”. Мытная служба Расеі паведаміла, што такое распараджэньне выдаў сам Уладзімір Пуцін, паколькі ў выніку блякады летувіскіх фураў пакутуюць таксама расейскія фірмы, якія ня могуць вывезьці тавары. Але таксама эўрадэпутаты заклікалі Эўрапейскую камісію прадпрыняць крокі ў сувязі з санкцыямі Расеі супраць Летувы.

Расея ня толькі ўвяла дыскрымінацыйны кантроль летувіскіх грузавых машын, але таксама забараніла імпартаваць малочныя прадукты зь Летувы. Улады краіны мяркуюць, што гэта палітычныя санкцыі. У лістападзе ў Вільні адбудзецца саміт, на якім Украіна магла б падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Падобныя дамовы падпішуць Грузія й Малдова. Расея стараецца спіхнуць гэтыя краіны са шляху інтэграцыі з ЭЗ ды ўцягнуць у мытны зьвяз зь Беларусяй і Казахстанам.

Расея ахвотна карыстаецца гандлёвай зброяй у палітычных мэтах. У сераду кіраўнік Россельхозснадзору заявіў пра нізкую якасьць сыроў з Галяндыі. А днём раней выбухнуў скандал з расейскім дыпляматам у Галяндыі, які быў затрыманы паліцыяй. Хтосьці пазваніў у паліцыю са скаргай на дыплямата за тое, як ён адносіцца да сваіх дзяцей. Паліцыя затрымала расейца, паколькі ён быў нецьвярозы. У сваю чаргу ў аўторак галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка паставіў пад сумнеў якасьць грузінскіх вінаў, якія на расейскі рынак вярнуліся ў чэрвені, праз сем гадоў забароны. За дзень да гэтага пратэставалі грузінскія палітыкі, паколькі ў расейскай эстафэце, якая несла алімпійскі агонь у Сочы, бег вайсковец, які ўдзельнічаў у вайне супраць Грузіі пяць гадоў таму.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт