Logo Polskiego Radia
Print

Завяршаецца візыт Б. Камароўскага на Блізкі Ўсход

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 06.11.2013 15:36
Польшча выступае за ўрэгуляваньне арабска-ізраільскага канфлікту і падтрымлівае заключэньне мірнага пагадненьня.
Facebook

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі завяршае трохдзённы візыт у Ізраіль і Палястынскую аўтаномію. Падчас сустрэч на найвышэйшым узроўні ён запэўніваў, што Польшча выступае за ўрэгуляваньне арабска-ізраільскага канфлікту і падтрымлівае заключэньне мірнага пагадненьня дзьвюма дзяржавамі – габрэйскім Ізраілем і арабскай Палястынаю, мірна суіснуючых у адобраных імі межаx.

У панядзелак у прэзыдэнцкім палацы ў Ерусаліме Браніслава Камароўскага з жонкаю прымаў Шымон Пэрэс. Галава габрэйскай дзяржавы падкрэсьліў, што ў Польшчы зь Ізраілем заўсёды былі своасаблівыя адносіны. Іх спалучыла гісторыя. Габрэі, як сказаў Пэрэс, на працягу сотняў гадоў знаходзілі ў Польшчы прытулак і маглі весьці мірнае жыцьцё. Абедзьве краіны спалучыў трагічны досьвед вайны, нацызму і масавага вынішчэньня габрэйскага народу.

Ш. Пэрэс: Амаль палову габрэяў забілі на тэрыторыі Польшчы, таму нашая моладзь сёньня езьдзіць туды, каб не забываць пра Галакост. Я вам удзячны, спадар прэзыдэнт, за пасьлядоўнае асуджэньне вамі і вашай краінай сучасных праяваў антысэмітызму.

Прэзыдэнт Ізраілю падзякаваў Браніславу Камароўскаму за візыт у габрэйскую дзяржаву ў час, калі вядуцца складаныя мірныя перамовы з палястынскай бокам.

Прэзыдэнт Камароўскі, у сваю чаргу, заявіў, што Польшча, як ніхто, добра разумее, як цяжка аднаўляецца незалежнасьць, таму што яна сама доўгі час была сьцёртая з мапы сьвету.

Б. Камароўскі: Польшча, як ніхто, разумее вагу дзеяньняў па адбудове дзяржаўнасьці. Габрэі вярталі і вяртаюць сваю дзяржаву пасьля вельмі доўгага перапынку. Польшча памятае, што яе дзяржавы не было на мапе Эўропы, што мы аднавілі сваю дзяржаву пасьля 123 гадоў неіснаваньня.

Нашая гісторыя, адзначыў прэзыдэнт Польшчы, дазваляе нам інакш глядзець на сучасныя праблемы бясьпекі ў Ізраілі і ў рэгіёне. Браніслаў Камароўскі выказаў надзею на мірнае ўрэгуляваньне палястынскага пытаньня.

Пасьля сустрэчы з Пэрэсам польскага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага прыняў прэм'ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньяху.

Другі дзень візыту прэзыдэнта на Блізкі Ўсход быў прысьвечаны справам Палястынскай аўтаноміі. Браніслаў Камароўскі сустрэўся з прэзыдэнтам Махмудам Аббасам. Палітыкі абмеркавалі складаныя пытаньні працэсу ўсталяваньня міру паміж габрэямі і палястынцамі.

У склад афіцыйнай дэлегацыі ўваходзіў таксама міністар нацыянальнай абароны Польшчы Томаш Семоняк. Ён паведаміў журналістам, што мілітарныя аспэкты займаюць важнае месца ў перамовах.

Т.Семоняк: Важных тэм, якія датычаць і супрацоўніцтва ў галіне прамысловасьці, і стратэгічнага дыялёгу, які надоечы абмяркоўваўся ў Варшаве, і ацэнкі сытуацыі ў рэгіёне, - такіх тэм заўсёды вельмі шмат. У нас наладжанае цеснае супрацоўніцтва паветраных сілаў. Летась мы правялі сумесныя вучэньні на F-16. У ізраільцаў гэтыя самалёты лятаюць даўжэй, у іх большы досьвед.

Ізраіль – важны партнэр для польскага бізнэсу. Галава польскай дзяржавы Браніслаў Камароўскі выступіў у сераду з прамоваю на польска-ізраільскім эканамічным форуме ў Тэль-Авіве.

У сваім выступе перад бізнэсоўцамі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Польшча цяпер шукае стабільных і пэрспэктыўных партнэраў. Паводле прэзыдэнта, адным зь іх можа быць Ізраіль.

Б. Камароўскі: Я ўпэўнены, што Ізраіль для Польшчы – натуральны партнэр у бізнэсе. Супрацоўніцтва з грамадзянамі Ізраілю мае і заўсёды будзе мець дадатковы аспэкт гістарычнага досьведу, узаемныx ведаў, зьвязаныx як з балючымі карткамі гісторыі, так і з выдатнымі.
Прэзыдэнт дадаў, што Польшчу асабліва цікавіць досьвед Ізраілю ў галіне інавацый, асабліва як можна камэрцыялізаваць досьледы па эканамічнаму разьвіцьцю дзяржавы, сказаў Браніслаў Камароўскі.

Б. Камароўскі: Паводле некаторых дасьледваньняў, Ізраіль у рэйтынгу інавацый падняўся з 24-га месца ў 2009 на 19-е месца ў 2013 годзе. Я перакананы, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі дапаможа нам разам ісьці наперад ня толькі ў рэйтынгах, а і ў рэальным супрацоўніцтве.

Браніслаў Камароўскі таксама адзначыў неабходнасьць разьвіцьця турызму. Грамадзяне Ізраілю ахвотна наведваюць месцы, зьвязаныя з балючай гісторыяй іх прысутнасьці ў Польшчы. Аднак, у ацэнцы прэзыдэнта, варта заахвочваць іх навідваць іншыя турыстычныя мясьціны Польшчы.

Польская прэзыдэнцкая пара Ганна і Браніслаў Камароўскія наведалі базыліку Раства Хрыстова ў Бэтлееме. Камароўскі заявіў, што Польшча перадасьць грошы на рамонт храму – 50 000 даляраў з фонду праграм дапамогі Міністэрства замежных спраў Польшчы.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт