Logo Polskiego Radia
Print

В. Януковіч не збудуе дыктатуры

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 20.01.2014 12:26
"Newsweek": Пяць прычын, чаму Віктар Януковіч не збудуе ва Ўкраіне дыктатуры.
EPA/FILIP SINGER


Віктар Януковіч сыгналізуе, што ягонай мэтай ёсьць аўтарытарныя ўлада. Штотыднёвік "Newsweek" сьцьвярджае, што ён ня зможа пабудаваць дыктатуры, як у суседняй Беларусі, і пералічвае 5 прычын.

1-я прычына: Хранічная неэфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня. Складаная сетка рэгіянальных повязяў, бюракратыі і карумпаваных пірамід не дазволіць прэзыдэнту цэнтралізаваць уладу нават у такой ступені, як у Расеі. Ва Ўкраіне неэфэктыўна працуюць нават сілавыя структуры. Апошнія пратэсты паказалі, зь якой цяжкасьцю ўлады зьбіралі ў Кіеве дадатковыя сілы міліцыі і войска МУС. Адсутнасьць абсалютнай ляяльнасьці ўкраінскай арміі не дазваляе зрабіць зь яе падмурку дыктатуры.

2-я прычына: Расея. Януковіч зьвярнуўся да Расеі ў надзеі, што дзякуючы крэдытам Пуціна яму ўдасца ўтаймаваць эўра-паўстаньне, датрываць да наступных выбараў у 2015 годзе і захаваць уладу. Але гэта азначае залежнасьць ад Расеі. Бяда ў тым, што Ўкраіна ў доўгатэрміновай пэрспэктыве для Расеі проста задарагая. Яна будзе крыніцай праблем для расейскіх канцэрнаў, бо ўкраінская эканоміка ў многіх галінах больш канкурэнтаздольная ў параўнаньні з расейскай. Без расейскай кропельніцы Януковіч ня ў стане кіраваць ні дэмакратычна, ні тым больш аўтарытарна.

3-я прычына: Падзел краіны. Прэтэсты на Майдане паказалі, што падзел Украіны на Ўсход і Захад застаецца актуальным і паглыбляецца. Украінскі прэзыдэнт на працягу апошніх двух месяцаў шмат зрабіў для паглыбленьня антаганізму. Падагрэў канфлікту паміж Усходам і Захадам пагражае у горшым выпадку нават распадам Украіны. Станоўчы сцэнар дазваляе прадугледзіць, што гэты падзел не дазволіць аўтарытарна кіраваць усёй краінай.

4-я прычына: Адсутнасьць прэтарыянцаў. У атачэньні Януковіча ніколі не было еднасьці, заўсёды назіралася суперніцтва алігархічных груп і асобных магнатаў у доступе да арбітра, прэзыдэнта. Але Майдан зь яго поўнай пераацэнкай палітыкі Кіеву паказаў слабасьць гэтага ладу. У Януковіча нават у Партыі рэгіёнаў шмат ворагаў, у тым ліку сярод фармальна ляяльных алігархаў. Януковіч ня мае за сабою, так як Пуцін, моцных тылоў з уплывамі ў бізнэсе, мэдыях, ведамствах і сілавых структурах. Або як Лукашэнка, які на пачатковым этапе будаўніцтва дыктатуры ў 90-х гадох меў намэнклятуршчыкаў з калгасаў і буйных дзяржаўных прадпрыемстваў.

5-я прычына: Грамадзянская супольнасьць. Тыя, хто сёньня ўсё яшчэ стаіць на кіеўскім Майдане, хто абурыўся рэпрэсіўным мерам, якія спрабуюць увесьці ўлады, - яны будуць вялікай перашкодай у стварэньні дыктатуры. Разнародная група, часта не ў ладах між сабою, як падчас "аранжавай рэвалюцыі", яна выказваецца за дэмакратычны лад. Украіна сёньня знаходзіцца ў зусім іншым месцы, чым Беларусь у сярэдзіне 90-х гадоў, калі Лукашэнка будаваў сваю дыктатуру, або змучаная ельцынаўскай дэкадай і грамадзянскай вайной у Чачні Расея ў пачатку ХХI стагодзьдзя. Улада Януковіча выглядае як пародыя рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, безупынна дэманструе сваю слабасьць. Калі пасьля фальсыфікацыі выбараў у Беларусі ўзьнікла праблема масавых дэманстрацый у Менску, Аляксандар Лукашэнка ўціхамірыў іх за адну ноч. Калі Ўладзімір Пуцін убачыў, што на Балотным пляцы ў Маскве зьбіраецца зашмат прыхільнікаў апазіцыі, сілавікі хутка зь імі расправіліся, а некаторыя актывісты дагэтуль сядзяць за кратамі. У Кіеве ўлада толькі пужае прымяненьнем сілы, чым прыдае энергію пратэсту.

эб/ newsweek.pl


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт