Logo Polskiego Radia
Print

Сэктар Газа – бясконцая вайна

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.08.2014 12:20
  • Сэктар Газа – бясконцая вайна.mp3
Пасьля некалькіх дзён перамір’я ў Сэктары Газа зноў ідуць баі.
Zniszczenia w Strefie Gazy po izraelskim ostrzaleZniszczenia w Strefie Gazy po izraelskim ostrzalefot. PAP/EPA/Oliver Weiken

Нягледзячы на крытыку ААН і спробы пасярэдніцтва Эгіпту, ваенныя дзеяньні ўзнавіліся. Хамас абстраляў ізраільскую тэрыторыю ракетамі, пасьля чаго Ізраіль узнавіў абстрэл Сэктара Газа.

Ваенны канфлікт у Сэктары Газа цягнецца ўжо месяц. Мірныя перамовы не прынесьлі пакуль ніякіх рэзультатаў, а дамоўленае спыненьне агню ўчора перастала дзейнічаць. Баевікі арганізацыі Хамас узнавілі ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі, а Цахал узнавіў апэрацыю ў Сэктары Газа. Уначы Хамас запусьціў 50 ракет у бок Ізраіля, а той у адказ абстраляў дзясяткі цэляў у палестынскім сэктары. Пра тое, што там адбываецца, перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: За ўчорашні дзень загінулі двое палестынцаў, калі ў матацыкал, на якім яны, трапіла бомба. Целы яшчэ трох асобаў выцягнулі з руін разбамбардаванай раніцай мячэці. Уначы ізраільская армія нанесла ўдары па 33 цэлях у Сэктары Газа. Аднак ісламісты не спыняюцца й працягваюць ракетны абстрэл паўднёвых ізраільскіх гарадоў. На Заходнім Беразе палестынцы пратэставалі супраць вайны ў Сэктары Газа. У выніку сутыкненьняў загінула адна асоба. Пратэсты й маніфэстацыі падтрымкі Хамасу ды Мусульманскага брацтва прайшлі ў сталіцы Ярданіі Амане. Канфлікт у Сэктары Газа цягнецца ўжо 30 дзён, а колькасьць загінулых перакрочыла 2000 чалавек. Асноўныя ахвяры – больш за 1900 асоб – гэта палестынцы, у асноўным цывільнае насельніцтва. З ізраільскага боку загінула 67 чалавек – у асноўным жаўнеры.

Экспэрты кажуць пра тое, што чаргавая эскаляцыя канфлікту абсалютна ірацыянальная. Ніводнаму з бакоў не перамагчы ў гэтай вайне. Гаворыць рэдактар часопіса The Warsaw Voice Анджэй Ёнас

Анджэй Ёнас: Я надалей не перакананы ў тым, што існуюць рацыянальныя прычыны вайсковага або палітычнага характару, дзеля якіх Хамас працягвае абстрэл тэрыторыі Ізраіля ракетамі. У зьвязку з гэтым Ізраіль таксама знаходзіцца ў ірацыянальнай сытуацыі. Тэль-Авіў мусіць бараніць сваіх грамадзян. Адсюль гэтая апэрацыя, якая закранае мірных жыхароў Сэктару Газа, гуманітарная трагедыя пашыраецца. Эгіпская прапанова, то бок арабскай краіны, аб перамір’і прымаецца Ізраілем, а адрынае яе Хамас. Невядома, якія інструмэнты палітычнага характара ўплываюць на лідараў Хамасу. Разам з інфармацыяй пра трагічны стан у лягерах бежанцаў ААН зьяўляюцца паведамленьні, што там знаходзяць ракеты Хамаса.

Аднак гэты канфлікт нясе ў сабе істотныя зьмены - кажа знаўца Блізкага Ўсходу Пётр Пасінскі. Раней Хамас выходзіў з сутыкненьняў з Ізраілем ідэялягічным пераможцам, цяпер сытуацыя мяняецца. Хамас у сьвеце пачынаюць успрымаць як вінаватага ў разьвязваньні вайны, кажа экспэрт.

Пётр Пазіньскі: Сапраўды, Ізраіль апошнія войны прайграваў з прапагандысцкага боку з палестынцамі, бо ў сьвеце замацаваўся вобраз бедных палестынцаў ды ізраільскай арміі, якая нападае альбо абстрэльвае Сэктар Газа, які зьяўляецца мірным гета. Так выглядаюць пратэсты ў сьвеце. Цяпер, мне здаецца, што ўпершыню сытуацыя можа зьмяніцца. Бо ўсе стаміліся ад Хамасу. Звычайныя палестынцы казалі мне, што зь іх досыць Хамасу. Падобнае стаўленьне пануе ў Эгіпце. Хамас дзейнічае ў тэрарыстычным інтэрнацыянале зь іншымі радыкаламі. Калі можна казаць, што цяперашні ўрад Ізраіля вінаваты ў будаўніцтве новых паселішчаў, у нежаданьні ісьці на мірныя перамовы, то й Хамас перастае ўспрымацца як нявінная арганізацыя, якая хоча міра.

Канфлікт у Сэктары Газа працягваецца. Колькасьць загінулых перавысіла ўжо 2 тысячы чалавек, а да міра далёка. Бакі высоўваюць невыканальныя патрабаваньні: Хамас дамагаецца зьняцьця блякады Сэктара, а Ізраіль - разбраеньня Хамасу ды іншых ісламскіх баявікоў у Сэктары Газа.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт