Logo Polskiego Radia
Print

Асьвенцым – важны знак для чалавецтва

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.01.2015 16:30
  • Асьвенцым.mp3
70 гадоў таму жаўнеры Чырвонай арміі ўвайшлі на тэрыторыю лягера сьмерці, вызваліўшы яго ад гітлераўцаў.

З гэтай нагоды тысячы гасьцей прыехалі сёньня, каб ушанаваць памяць загінулых.

Канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц-Біркэнаў непадалёк польскага гораду Асьвенцым быў створаны гітлераўскім рэжымам у 1940 годзе. Да моманту вызваленьня ў студзені 1945 нацысты забілі тут больш за мільён чалавек: у асноўным габрэяў, а таксама палякаў, цыганоў ды савецкіх ваеннапалонных. На тэрыторыі былога лягера створаны мэмарыял ды музэй. Сёньня раніцай там пачаліся памятныя ўрачыстасьці з нагоды 70-й гадавіны вызваленьня былога лягера. Распавядае карэспандэнт Польскага радыё Павал Паўліца.

Павал Паўліца: Кветкі й зьнічы пад сьцяной паміж 10 і 11 блёкам усклалі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ды кіраўніцтва музэя. У ранішняй цырымоніі ўзялі ўдзел у асноўным былыя вязьні. У шмат зь іх праход праз браму лягера абудзіў жудасныя ўспаміны, але ўсе яны кажуць, што быць тут – гэта іх абавязак. Гэта ўшанаваньне памяці загінулых ды сьведчаньне для наступных пакаленьняў. Каб іхнім дзецям ніколі не прыйшлося перажываць нешта падобнае. Многія з былых вязьняў прыехалі ў мэмарыял зь бела-сінімі стужкамі - гэта колеры сьцягоў, якія вісяць пры сьцяне сьмерці ды каля брамы музэя.

Галоўная ўрачыстасьць адбылася а 15:30 польскага часу ў велізарным намёце на тэрыторыі былога лягера Біркэнаў. Гэтая гадзіна вызначана невыпадкова. Лічыцца, што менавіта тады жаўнеры Чырвонай арміі адчынілі брамы канцлягера.

У сёньняшніх урачыстасьцях узялі ўдзел блізу 4 тысяч чалавек. Сярод іх амаль 300 былых вязьняў. Адзін зь іх 95-гадовы Казімеж Пяхоўскі. Ён быў вязьнем нумар 918, у лягер трапіў у 1940 годзе. Уцёк адтуль праз два гады па намове свайго сябра Эўгеніюша Бэндэра.

Казімеж Пяхоўскі: Ён прыйшоў да мяне й сказаў, што мяне прызначылі да ліквідацыі. Я яму кажу, што з цэнтральнага лягера не было яшчэ спроб уцёкаў, і ня будзе. Гэта немагчыма. Я падумаў, што прыйшоў час заграць ва-банк, на кану маё жыцьцё. Лягер Аўшвіц быў сапраўдным малохам. Цэнтральны лягер, жаночы лягер, цыганоў, савецкіх ваеннапалонных. З гэтага лягера кожны хацеў уцячы, але ня кожнаму ўдалося. Усе думалі толькі пра адно, каб вырвацца з таго пекла.

Ва ўрачыстасьцях узялі ўдзел 50 дзяржаўных дэлегацый з усяго сьвету. Сярод лідараў краін былі прэзыдэнты Францыі, Нямеччыны ды Ўкраіны. Ізраіль прадстаўляў міністар інфраструктуры, ЗША – міністар фінансаў, а Расею – кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гаворыць прадстаўнік музэя Аўшвіц-Біркэнаў Павал Савіцкі.

Павал Савіцкі: Гэта асобы, якія маюць уплыў на кшталт сьвету, у якім мы жывем. Гэта надзвычай важны сымбаль, што ў гэты дзень яны будуць слухаць. Не палітыкі будуць выступаць і прамаўляць, а яны будуць слухаць былых вязьняў. Потым госьці пройдуць па таму шляху, ад брамы сьмерці да газавых камэр, каб паставіць сьвечкі ды ўшанаваць памяць усіх тых, хто загінуў у лягеры, а таксама ўшанаваць тых, хто выжыў. Прыканцы будзе хвіліна цішыні, каб пастаяць у гэтым месцы, сьведчаньні гісторыі.

Сярод гасьцей быў таксама і вядомы кінарэжысёр Стывэн Спілбэрг. Творца зазначыў, што ўрачыстасьці ў былым лягеры сьмерці павінны стаць лекцыяй для ўсяго сьвету. Сёньня экстрэмізм надалей пагражае міру.

Стывэн Спілбэрг: Я спадзяюся, што падчас гэтых урачыстасьцяў ацалелыя адчуюць упэўненасьць у тым, што мы памятаем пра іх перажываньні, распавядаем сьвету пра іх, і ствараем вельмі істотную рэч – калектыўную памяць для будучых пакаленьняў.

Сьвет так і не зрабіў высновы з трагедыі ў Аўшвіц. Генацыд цэлых народаў надалей здараецца ў сьвеце, гаворыць гісторык Жэшаўскага ўнівэрсытэта Вацлаў Вежбінец.

Вацлаў Вежбінец: Колькі разоў пасьля Асьвенцыма мелі месца злачынствы супраць чалавечнасьці, генацыды. Узгадайце. Нават у Эўропе. Дастаткова згадаць тэрыторыі былой Югаславіі, альбо ў Афрыцы, у Руандзе. Ёсьць мноства іншых прыкладаў. Таму трэба нагадваць увесь час пра тое, што такія злачынствы, як генацыд, могуць паўтарацца.

27 студзеня прызнаны Міжнародным днём памяці ахвяр Галакосту. У гэты дзень у былым лягеры сьмерці Аўшвіц-Біркэнаў прайшлі памятныя ўрачыстасьці з нагоды 70-й гадавіны вызваленьня канцлягера.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт