Logo Polskiego Radia
Print

Гарбачоў жадаў зьмяніць краіну, але яму бракавала рашучасьці...

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.03.2015 18:57
  • Гарбачоў жадаў зьмяніць краіну, але яму бракавала рашучасьці.mp3
Роўна 30 гадоў таму на пасаду Генэральнага сакратара ЦК КПСС быў выбраны той, хто паклаў канец камуністычнай сыстэме.
Фота: Tom StoddartФота: Tom Stoddart

Роўна 30 гадоў таму пачалася эпоха Гарбачова. Яна вярнула мільёнам жыхароў камуністычнага блёку грамадзянскія правы, а іх дзяржавам – незалежнасьць, адвяла зямлю ад пагрозы ядзернай вайны, дала пачатак эканамічным пераменам. Якое дасягненьне эпохі Гарбачова трэба лічыць найважнейшым? Чаму 30 гадоў таму людзі ў Савецкім Саюзе прагнулі дэмакратыі, а цяпер жыхары многіх постсавецкіх краінаў сьвядома ўцякаюць ад свабоды? Кім быў Гарбачоў: слабавольным палітыкам ці наадварот, жорсткім і цынічным партакратам? На гэтыя тэмы мы размаўляем з беларускімі ды расейскімі экспэртамі.

11 сакавіка 1985 года Міхаіл Гарбачоў быў абраны на пасаду генэральнага сакратара Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу. 54-гадовы Гарбачоў быў адным з самых маладых сябраў Палітбюро і выгадна вылучаўся на фоне закасьцянелых партыйных босаў. Празь некалькі гадоў ён дасьць грамадзянам СССР свабоду слова і сходаў, адмовіцца ад перасьледу дысыдэнтаў, пакладзе крэс панаваньню камуністычнай ідэалёгіі, дасьць незалежнасьць краінам Варшаўскай дамовы, выведзе войскі з Афганістану й скончыць Халодную вайну.

Вынікі эпохі Гарбачова можна пералічваць доўга. Аднак галоўным дасягненьнем гарбачоўскай каманды было тое, што яна зразумела саму неабходнасьць рэформаў і мела адвагу іх пачаць. Без эканамічных пераменаў, раззбраеньня ды аднаўленьня добрых стасункаў з іншымі дзяржавамі Савецкі Саюз усё роўна б абрынуўся. Аднак адбылося б гэта нашмат больш страшна – кажа заснавальнік праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», а ў 1990 годзе дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Сяргей Кавалёў.

С. Кавалёў: Гарбачоў, Якаўлеў і Шэварнадзэ зразумелі, што краіна знаходзіцца на мяжы эканамічнага краху. Гонка ўзбраеньняў была прайграна. Яны разумелі, што не памяняўшы стасункаў са зьнешнім сьветам, Савецкі Саюз загіне.

У Заходняй Эўропе Міхаілам Гарбачовым захапляюцца як чалавекам, які спыніў ядзернае супрацьстаяньне СССР і ЗША. Жыхары Цэнтральнай Эўропы ўдзячныя яму за тое, што іх краіны змаглі вярнуцца ў сям’ ю эўрапейскіх народаў. Грамадзяне былых рэспублікаў СССР ставяцца да Гарбачова нашмат больш крытычна. Адны называюць яго цынічным гульцом і абвнавачваюць у крывавым падаўленьні пратэстаў у Вільні, Тбілісі ды Баку. Іншыя, наадварот, абвінавачваюць у развале Савецкага Саюзу й лічаць Гарбачова наіўным і малаадукаваным кіраўніком.

Гарбачоў ня быў ані д’яблам, ані наіўным дурнем – кажа праваабаронца Сяргей Кавалёў. На ім ляжыць адказнасьць за шматлікія памылкі, аднак дзейнічаць яму прыходзілася ў надзвычай складаных абставінах.

С. Кавалёў: Мне падаецца, што Гарбачоў не хацеў кровапраліцьця, але быў бясьсільны. Канешне, нельга паверыць у тое, што ён ня меў апэратыўнай інфармацыі пра тое, што адбывалася ў Тбілісі альбо Вільні. На самой справе тройка рэфарматараў працавала ў надзвычай цяжкіх умовах.

Гарбачоў быў палітыкам, які хацеў рэформаў. Аднак ён ня меў адвагі, каб вызваліцца ад уплыву рэшты намэнклятуры і рэалізаваць іх – лічыць сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а ў 1990-м дэпутат Вярхоўнага савета СССР Аляксандар Дабравольскі.

А. Дабравольскі: Гарбачова грамадзтва ўспрымала як чалавека, які нешта хацеў зрабіць для людзей. І гэта сапраўды было так. У кулюарах парлямэнту я размаўляў зь ім, спрачаўся. Дэпутатаў было больш за дзьве тысячы. Але ён не ўхіляўся ад кантактаў, размаўляў з кожным. У 1991 годзе было ўжо бачна, што ў разуменьні неабходнасьці пераменаў Гарбачоў дайшоў да нейкай мяжы, якая не адпавядала настроям грамадзтва. Людзі хацелі большага.

Гарбачоўскія рэформы прывялі да распаду сусьветнай камуністычнай сыстэмы й самога Савецкага саюзу. Грамадзяне адных краінаў ужо 20 гадоў жывуць у дэмакратычных прававых дзяржавах і паступова даганяюць па ўзроўню жыцьця разьвітыя эўрапейскія краіны. Жыхары іншых па-ранейшаму змагаюцца з бяспраўем, беднасьцю і карупцыяй. Выхад з праблемаў многія бачаць не ў пабудове рынкавай эканомікі і дэмакратыі, а ў вяртаньні ў часы СССР. Чаму так адбылося?

25 гадоў таму людзі ў Расеі верылі, што дэмакратыя прынясе ім хуткі дабрабыт. Аднак жахлівыя эканамічныя праблемы прымусілі іх расчаравацца – кажа расейскі гісторык, намесьнік старшыні цэнтру "Мэмарыял" Мікіта Пятроў.

М. Пятроў: Пераход ад несвабоды да свабоды быў надзвычай складаны – як эканамічна, так і палітычна. Сёньня людзі працягваюць марыць пра тое, каб быць эканамічна ўладкаванымі за кошт дзяржавы, і не жадаюць узяць на сябе адказнасьць за вырашэньне сваіх праблемаў. Гэта натуральная рэакцыя на нечаканае вызваленьне.

Пасьля нядоўгага энтузіязму ў Расеі і Беларусі запанаваў канфармізм – канстатуе Аляксандар Дабравольскі.

А. Дабравольскі: У часы Перабудовы я сам думаў, што старое пакаленьне сыдзе, а маладыя пачнуць нешта энэргетычна рабіць. Аднак пазьней я ўбачыў, што большасьць маіх аднагодкаў сталі такімі ж старымі, абыякавымі, стомленымі, як тыя, каго мы хацелі замяніць. Страта ідэалаў маладосьці – гэта вялікая праблема. Цяпер усе яны ўзгадваюць, як добра было ў СССР. Але там было цяжка дыхаць. І пра гэта яны ня думаюць.

Ці ёсьць надзея, што часы Перабудовы й галоснасьці вернуцца, што расейскае грамадзтва зноў пачуе прагу да свабоды й пераменаў? Малаверагодна – лічыць праваабаронца Сяргей Кавалёў. Сярод цяперашняй расейская эліты няма людзей якія здольныя пачаць рэформы – кажа праваабаронца.

С. Кавалёў: Айчына будзе толькі тады пасьпяхова разьвівацца, калі яна ня будзе выскокваць з чалавецтва, будзе памятаць, што яна частка чалавецтва. А цяпер вы самі бачыце, якія ў Расеі палітыкі й якая палітыка расейскай улады.

З думкай шэфа “Мэмарыялу” ня згодны Мікіта Пятроў. “Калі эканоміка, гарамадзкія й палітычныя адносіны заходзяць у тупік, як гэта было ў Савецкім Саюзе, адзіным шляхам рашэньня зьяўляюцца палітычныя рэформы. Сёньня ў Расеі мы назіраем усе праблемы якія былі ў позьнім Савецкім Саюзе”, – падсумоўвае гісторык.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт