Logo Polskiego Radia
Print

25 гадоў эфіру Праграмы для замежжа ПР без цэнзуры

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.05.2015 13:18
  • 25 lat.mp3
Да таго часу стужкі з запісамі высылалі на самалёце ў Маскву, адкуль вяшчаліся перадачы.

25 гадоў таму Польскае радыё пачало вяшчаць перадачы для палякаў ва Ўкраіне, Беларусі, Летуве, Латвіі і Эстоніі. Гэта быў час гістарычных зьменаў у нашай частцы Эўропы. Польшча станавілася свабоднай краінай, адбыліся часткова дэмакратычныя выбары дзяржаўных уладаў. І гэтыя зьмены знайшлі сваё адлюстраваньне таксама ў перадачах Праграмы для замежжа Польскага радыё.

Праграмы для іншаземных слухачоў існуюць на Польскім радыё з 1936 году. Але толькі ў 90-ым годзе атрымальнікамі інфармацыі сталі жыхары рэспублік за ўсходняй мяжой Польшчы. 7 траўня 1990 году было прынятае рашэньне аб самастойнасьці працы журналістаў Польскага радыё, каб спыніць высылаць стужкі з запісамі ў Маскву.

У 1991 годзе былі створаныя летувіская і ўкраінская служба, праз год паявілася беларуская. Раней былі толькі перадачы на расейскай мове сярод усіх моваў іншаземнага вяшчаньня. Вось як выглядала праца ў Праграме для замежжа ў 70-ыя, 80-ыя гады – распавядае былая супрацоўніца расейскай службы Аліна Керчыньска.

А. Керчыньска: Тады былі зусім іншыя часы. Перш за ўсё ў нас не было сваіх перадач. Нашыя перадачы рыхтаваліся тут, у Варшаве, пазьней стужкі высылаліся на самалёце ў Маскву. І адтуль праз радыёстанцыю Маяк ішла трансьляцыя па Першай праграме, у Сібір і далёкі Ўсход. Так што нашы перадачы даходзілі да самых далёкіх закуткоў СССР. Інфармацыю мы бралі з прэсы, з архіўных матэрыялаў Польскага радыё.

Нельга забываць, што Польшча не была тады свабоднай дзяржавай, існавала цэнзура, у тым ліку аўтацэнзура рэдактараў. Яны ведалі, якая інфармацыя можа пайсьці ў эфір, а якую трэба замаўчаць. Зразумела, не было інтэрвію з апазыцыйнымі дзеячамі, прафсаюз Салідарнасьць, які змагаўся за свабоду, у эфіры не існаваў.

А. Керчыньска: У ніводнай перадачы не было навін або аглядаў актуальных друкаваных выданьняў. Гэта былі толькі агульныя зьвесткі пра Польшчу. Зразумела, журналісты не размаўлялі з апазыцыйнымі дзеячамі, барані Божа не згадвалі пра іх дзейнасьць. Усё пачало зьмяняцца, калі прыйшла свабода, 1989 г. Пра першыя часткова дэмакратычныя выбары мы таксама толькі коратка згадалі, не было падрабязнай інфармацыі. Тады мы яшчэ вяшчалі праз Маскву, не было навін, ніхто тады не прадбачваў, як усе гэтыя зьмены закончацца.

Калісьці перадачы для замежжа слухачы прымалі пераважна на кароткіх або сярэдніх хвалях, пры дапамозе традыцыйных радыёпрымачоў. Але сьвет мяняецца, інфармацыю можна прымаць ужо іншымі спосабамі – адзначае намесьнік дырэктара Праграмы для замежжа Польскага радыё Рафал Кепушэўскі.

Р. Кепушэўскі: Паяўляюцца новыя тэхналёгіі вяшчаньня ў лічбавым фармаце. Галоўны націск мы робім на тое, каб кожны ў інтэрнэце мог ня толькі паслухаць перадачу, але і прачытаць тэкст, убачыць здымкі. У 90-ыя гады прарывам быў факт, што мы пачалі вяшчаць з Варшавы, паявіліся перадачы на беларускай мове. Нейкі час гэтага хапала, але цяпер нам трэба сачыць за навыкамі нашых слухачоў, дарэчы, цяжка цяпер казаць толькі пра слухачоў. Гэта карыстальнікі мультымэдыяў, якія могуць атрымліваць інфармацыю пры дапамозе мабільных прыладаў.

Часам у кіруючых колах польскай дзяржавы можна пачуць галасы сумневаў у сэнсе існаваньня перадач на беларускай міове. Маўляў, навошта рыхтаваць інфармацыю па-беларуску, калі ў Беларусі ўсё разумеюць расейскую мову і абсалютная большасьць жыхароў ёй карыстаецца ў штодзённым жыцьці. Але падыход кіраўніцтва Польскага радыё і МЗС зусім іншы – гаворыць Рафал Кепушэўскі.

Р. Кепушэўскі: Найлепшы доказ у тым, што на сярэдняй хвалі 1386 кілягэрцаў мы вяшчаем паўгадзіны па-расейску і гадзіну па-беларуску. Няма на FM-хвалях перадач на расейскай мове, але ёсьць на беларускай. Агулам на беларускай мове штодзённа ідзе паўтары гадзіны інфармацыі. Мы вядзем таксама вельмі актыўную дзейнасьць па-украінску. У нас некалькі дзясяткаў перадатчыкаў ва Ўкраіне, некалькі было зачынена сэпаратыстамі ў Крыме і ўсходзе краіны. На шчасьце, у Беларусі гэтай праблемы няма. Ёсьць добры сайт на беларускай мове, ёсьць таксама профіль на Фэйсбуку, дзе слухачы могуць з намі кантактавацца.

Шмат зьмянілася за апошнія 25 гадоў у вяшчаньні на замежжа. Ад запісаў на стужках мы перайшлі да працы на кампутарах, ад цэнзуры да свабоды слова, ад перадачаў у запісе да прамога эфіру. І спадзяемся, што вы, дарагія слухачы, цэніце гэтыя зьмены.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт