Logo Polskiego Radia
Print

Шляхетны скок NATO

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.06.2015 15:30
  • Шляхетны скок NATO.mp3
Краіны альянсу нарошчваюць тэмп вайсковых вучэньняў.
Wikipedia US Army Photo

У адказ на расейскую агрэсію ды гібрыдную вайну ва Ўкраіне Захад актывізуе вайсковае супрацоўніцтва. Краіны альянсу нарошчваюць тэмп вайсковых вучэньняў. Адным з пастаянных месцаў манэўраў стала Польшча.

У гэтыя дні на польскіх вайсковых палігонах праходзяць некалькі маштабных вайсковых вучэньняў сілаў Паўночнаатлянтычнага альянсу з розных краін. З апошніх можна назваць вучэньні BALTOPS, «Saber Strike» ды «Noble Jump», якія пачаліся сёньня.

Мэта вучэньняў – адпрацоўка правядзеньня сумесных апэрацый пры ўдзеле жаўнераў з розных дзяржаў NATO.

У першую чаргу гэта датычыць так званых Аб’яднаных сілаў хуткага рэагаваньня Альянса, альбо так званых VJTF (ад ангельскага «Very High Readiness Joint Task Force). Рашэньне пра стварэньне гэтых сіл было прынята летась у адказ на зьмену расейскай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе. Масква пачала агрэсію ва Ўкраіне.

Цяперашнія вучэньні павінны праверыць, як вядуць сябе ў «палявых умовах» набліжаных да баявых, часткі, якія з пачатку году нясуць дзяжурства ў рамках сіл хуткага рэагаваньня. З Драўскага палігона перадае карэспандэнтка Польскага радыё Агнешка Дранжкевіч.

Агнешка Дранжкевіч: З сёньняшняга дня вайсковы палігон у Жэганю стаў месцам вучэньняў натаўскіх сіл хуткага рэагаваньня. Тут вайсковыя аддзелы з розных краін будуць правяраць свае здольнасьці да сумесных дзеяньняў ды хуткага разгортваньня на тэрыторыі чалецкай краіны, на якую напаў вораг. На вучэньнях будуць адпрацоўвацца розныя шляхі дастаўкі войскаў: сухапутны, марскі ды паветраны. Польскі бок на вучэньнях прадстаўляюць атрады сіл спэцыяльных апэрацый. Вайскоўцы зазначаюць, што складанасьць вучэньняў у іх навізьне. Упершыню ад моманту стварэньня альянс будзе правяраць час разгортваньня сіл хуткага рэагаваньня. Апроч таго, пакт хоча праверыць службы сувязі, якія былі адмыслова створаныя для абслугоўваньня сіл хуткага рэагаваньня. Яны адказныя за кантакт сіл NATO з войскам краіны-гаспадара.

Паралельна з сухапутнымі манэўрамі адбываюцца марскія вучэньні з удзелам 5 тысяч вайскоўцаў NATO у Балтыйскім моры. Яшчэ 6 тысяч жаўнераў у рамках манэўраў Saber Strike будуць рыхтавацца да сумесных дзеяньняў на палігонах 4 краін: Польшчы, Летувы, Латвіі ды Эстоніі. Гаворыць капітан 16 мэханізаванай брыгады Войска Польскага Дарыюш Гузэнда.

Дарыюш Гузэнда: Будзе некалькі нацый. Сярод іншых датчане, немцы. Гэтыя манэўры – вялізарнае мерапрыемства. Яны носяць цыклічны характар, адказвае за іх камандаваньне амэрыканскіх войскаў у Эўропе. Яны датычаць абароны балтыйскіх краін: Латвіі, Эстоніі ды Летувы. Сёлета да іх далучыліся й жаўнеры польскіх брыгад.

Мэта вучэньняў – узмацненьне ўсходняй мяжы альянсу. Гаворыць палкоўнік Артур Галаўскі з польскага Генэральнага штаба.

Артур Галаўскі: Узмацненьне ўсходняга флянга NATO можа праходзіць па-рознаму. Тут могуць знаходзіцца на пастаяннай аснове войскі альянсу. Апроч таго, сюды могуць прыяжджаць на часовую дысьлякацыю аддзелы НАТО ды браць удзел у сумесных вучэньнях з нашымі сіламі.

Камандаваньне NATO заявіла, што падчас вучэньняў плянуе падрыхтаваць свае аддзелы да вядзеньня абарончых апэрацый у балтыйскіх краінах з выкарыстаньнем сухапутных войск, марской пяхоты ды паветранага дэсанта. Прыкрываць дзеяньні сухапутных сіл будзе амэрыканская штурмавая ды стратэгічная авіяцыя.

Вучэньні завершацца 19-га чэрвеня.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт