Logo Polskiego Radia
Print

Польшча пашырае эканамічную супрацу з Кітаем

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.06.2015 15:27
  • супраца з Кітаем.mp3
Міністар замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схэтына накіраваўся ў Пэкін.
Grzegorz SchetynaGrzegorz SchetynaPAP/EPA/NICOLAS BOUVY

Кіраўнік польскай дыпляматыі Гжэгаж Схэтына знаходзіцца зь трохдзённым візытам у Кітаі. У гэтай паездцы яго суправаджаюць 80 бізнэсмэнаў і 20 прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі ведамстваў эканомікі, фінансаў і сельскай гаспадаркі.

У Пэкіне міністар замежных спраў прыме ўдзел у першым паседжаньні Польска-кітайскай міжурадавай камісіі, якая павінна сустракацца кожныя два гады й падтрымліваць дзелавое супрацоўніцтва паміж краінамі.

Польская дэлегацыя спрабуе пераканаць кітайскіх прадпрымальнікаў інвэставаць больш сродкаў у Польшчы.

На працягу чатырох апошніх гадоў адносіны паміж абедзьвюма краінамі маюць характар стратэгічнага партнэрства. Аднак, як тлумачыць прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Вайцяхоўскі, Кітай па-ранейшаму прадае ў Польшчу значна больш, чым у ёй купляе.

Марцін Вайцяхоўскі: Гандлёвы абмен буйны, але надалей назіраюцца выразныя дыспрапорцыі на карысьць Кітая, які пераўзыходзіць нас у дзесяць разоў. Зразумела, гэта й так лепш, чым яшчэ некалькі гадоў таму, калі кітайцы ў гандлёвых суадносінах пераўзыходзілі нас у трынаццаць разоў. Мы хацелі б, каб гандлёвы абмен паміж нашымі краінамі быў больш ураўнаважаны.

У ходзе візыту польскага міністра ў Пэкіне і ў Чэнду пройдуць два бізнэс-форумы. У іх прымуць удзел, у прыватнасьці, вытворцы прадуктаў харчаваньня й прадпрымальнікі, якія займаюцца экалягічнымі тэхналёгіямі, інвэстыцыямі й інавацыямі. З кітайскага боку ў мерапрыемстве будуць удзельнічаць прадстаўнікі 200 кампаній.

У рамках форумаў пройдуць дыскусійныя панэлі, прысьвечаныя такім тэмам як магчымасьці прасоўваньня польскіх прадуктаў харчаваньня ў Кітаі ці супраца ў галіне новых тэхналёгіяў.

У Кітай накіраваліся таксама прадстаўнікі польскіх мясцовых уладаў, якія супрацоўнічаюць з кітайскімі калегамі.

Як тлумачыць Марцін Вайцяхоўскі, Польшча спадзяецца, што дзякуючы супрацоўніцтву паміж мясцовымі органамі ўлады ўдасца таксама павысіць гандлёвы абмен.

Марцін Вайцяхоўскі: Факт, што ў нас ёсьць непасрэднае чыгуначнае спалучэньне Лодзь – Чэнду сьведчыць на карысьць разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва. Мы хочам, каб дзякуючы гэтаму шляху на кітайскім рынку апынулася ўсё больш тавараў з Польшчы.

Як паведамлялася раней, польская фірма „PKP Cargo” й кітайская чыгуначная суполка „Zhengzhou” дамовіліся аб стварэньні чыгуначнага шляху грузавых перавозак паміж Польшчай і Кітаем. Ён павінен стаць альтэрнатывай для марскога транспарту.

Чыгуначная траса з Кітая ў Заходнюю Эўропу праз Расею й Польшчу зойме 11-14 дзён. Гэта на некалькі дзён карацей, чым марскім шляхам.

„PKP Cargo” намерваецца стварыць на мяжы зь Беларусьсю, у Малашэвічах, вялікі лягістычны цэнтар. Ужо цяпер у Малашэвічах абслугоўваюцца цягнікі, якія ідуць з Кітая ў Нямеччыну. Стваральнікі чыгуначнага шляху імкнуцца пашырыць выкарыстаньне трасы ў два бакі.

Тым часам апрача ўдзелу ў паседжаньні Польска-кітайскай міжурадавай камісіі Гжэгаж Схэтына сустрэнецца з кіраўніком кітайскай дыпляматыі Ванам І.

У сваю чаргу ў чацьвер польскі міністар накіруецца ў горад Чэнду, - сталіцу правінцыі Сычуань, распаложаны на паўднёвым захадзе Кітая. Там таксама будзе арганізаваны эканамічны форум.

У Чэнду кіраўнік польскай дыпляматыі таксама адкрые польскае консульства – чацьвёртае дыппрадстаўніцтва Польшчы на тэрыторыі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Візыт Гжэгажа Схэтыны ў Кітай – гэта першая паездка прадстаўніка польскіх уладаў у гэтую краіну з часу леташняга візыту прэзыдэнта Браніслава Камароўскага.

У апошнія гады гандлёвы абарот паміж Кітаем і Польшчай паступова павялічваецца. У 2008 годзе ён перавысіў 10 млрд даляраў, а ў 2013 годзе склаў 14 мільярдаў 800 мільёнаў даляраў, у тым ліку экспарт у Кітай і імпарт зь Кітая таксама павысіўся.

Кітайскія кампаніі актыўна ўдзельнічаюць у прыватызацыі польскіх прадпрыемстваў. На польскім рынку прысутныя больш за 30 кампаній.

На сёньняшні дзень 11 польскіх ваяводзтваў наладзіла партнэрскія адносіны з кітайскімі мясцовымі ўладамі. У сваю чаргу Паморскае, Лодзіньскае й Сьвентакшыскае ваяводзтвы маюць у Паднябеснай свае прадстаўніцтвы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт