Logo Polskiego Radia
Print

ЗША: Былы муж выкраў у беларускі дачку і ўцёк у Расею

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 23.06.2015 10:53
  • Былы муж выкраў дачку ў былой жонкі-беларускі.mp3
Супраць мужчыны ў ЗША высунута некалькі крымінальных абвінавачваньняў за насільле адносна дачкі й былой жонкі.

У ЗША расейскі грамадзянін выкраў дачку ў сваёй былой жонкі-беларускі і ўцёк у Расею. Пра здарэньне паведамляюць амэрыканскія СМІ. Справай ужо заняліся праваахоўныя ворганы Злучаных Штатаў. 8-гадовая Аліна зьяўляецца амэрыканскай грамадзянкай.

Беларуска з Мазыра Кацярына Грамовіч прыехала ў ЗША у 2004 годзе. Два гады таму, пасьля васьмі год сумеснага жыцьця, яна разьвялася з Русланам Усманавым, ураджэнцам Узбэкістана, расейскім грамадзянінам. Пасьля разводнага працэса мужчына атрымаў права праводзіць выходныя з дачкой Алінай.

15 чэрвеня Руслан Усманаў павінен быў прывезьці 8-гадовую Аліну ў школу ў Грынвічы (штат Канэктыкут). Аднак Кацярыне Грамовіч патэлефанавалі са школы й сказалі, што дзяўчынка там так і не зьявілася. Кацярына пачала званіць былому мужа, каб дазнацца, дзе Аліна. Слухаўку падняла дачка й сказала, што яна ў Расеі й што ў аэрапорце бацька тлумачыў ёй, што яны паляцяць у Каліфорнію. Але пасьля слоў “Тата ідзе, тада ідзе” размова перарвалася.

Жанчына зьвярнулася ў мясцовую паліцыю. Празь некаторы час ФБР пацьвердзіла, што Руслан Усманаў з дачкой перакрочылі расейскую мяжу. Кацярына Грамовіч атрымала ад былога мужа эмэйл, у якім ён напісаў, што яны выехалі з ЗША й не вернуцца назад.

Аліна зьяўляецца грамадзянкай ЗША. Каб вывезьці дачку з Амэрыкі, Усманаў пайшоў на хітрасьць. Без згоды былой жонкі ён зрабіў дачцэ расейскі пашпарт у консульстве РФ у Нью-Ёрку. У такой сытуацыі ФБР і Інтэрпол зрабіць могуць ня шмат, паколькі на тэрыторыі Расеі Аліна лічыцца грамадзянкай Расейскай Фэдэрацыі.

Кацярына вельмі хвалюецца за дачку, паколькі раней Усманаў прымяняў гвалт у сям’і й аднойчы нават быў арыштаваны паліцыяй. Супраць яго высунута некалькі крымінальных абвінавачваньняў за насільле супраць Кацярыны й Аліны. “Ён душыў мяне, а яе ўдарыў” – распавяла пра адзін з такіх выпадкаў жанчына у размове з тэлеканалам “News 8”. Свайго былога мужа яна назвала непрадказальным і жорсткім чалавекам.

Празь некалькі дзён Усманаў даслаў чарговы мэйл, у якім напісаў, што яны з дачкой едуць ва Ўзбэкістан. Пасьля гэтага сувязь зь ім спынілася.

Справай выкраданьня 8-гадовай Аліны заняўся амэрыканскі сэнатар Рычард Блюмэнталь. Палітык ужо скантактаваўся з усімі ворганамі ўлады й заявіў у інтэрвію мясцовым СМІ: “Расея не мае ніякай павагі да вяршэнства закона, але мы зьбіраемся зрабіць усё магчымае”.

Кацярына працуе ў тры зьмены афіцыянткай у рэстаране ў Грынвічы. Яна зьбіраецца наняць адвакатаў, прыватных дэтэктываў і рыхтуецца да паездкі ў Расею. Сябры Кацярыны Грамовіч стварылі адмысловы сайт alinadonation.com, празь які заклікаюць усіх неабыякавых да яе бяды рабіць ахвяраваньні, паколькі працэс вяртаньня Аліны ў ЗША можа заняць шмат часу й грошай.

Дзьмітры Гурневіч

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт