Logo Polskiego Radia
Print

Катынь для палякаў – сьвятая справа(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.09.2015 15:42
  • Катынскі музэй.mp3
Сёньня ў Варшаве прайшло ўрачыстае адкрыцьцё Катынскага музэя.
PAP/Rafał Guz

Пасьля некалькіх гадоў намаганьняў і многіх месяцаў напружанай працы сёньня ў Варшаве адкрылі Катынскі музэй.

Урачыстае адкрыцьцё музэйнай установы супала з гадавінай савецкага нападу на Польшчу. Музэй разьмяшчаецца ў варшаўскай Цытадэлі. У яго ўрачыстым адкрыцьці ўдзельнічалі, між іншым, прэзыдэнт Анджэй Дуда, прэм’ер Эва Копач, прадстаўнікі муніцыпальных уладаў і арганізацыі „Катынскія сем’і”.

Перад цырымоніяй адкрыцьця Катынскага музэя адбылося паэтычна-музычнае відовішча пад загалоўкам „Vinctis non victis – Палеглым Непераможным”, прысьвечанае дзесяткам тысяч палякаў, забітых НКУС у 1940 годзе.

У ім удзельнічаў, між іншым, вядомы польскі актор Ежы Зэльнік. Ён пераконваў, што адкрыцьцё музэя – гэта для кожнага паляка важны момант.

Ежы Зэльнік: Гэта была помста Сталіна за 1920 год. Жудасным чынам былі забітыя нявінныя й безабаронныя людзі. Памяць пра гэтую падзею надалей жывая й мы павінны працягваць гэтае заданьне. Кожнае наступнае пакаленьне ў абавязку перад тымі, хто ахвяраваў за нас сваім жыцьцём.

Катынскі музэй – гэта першая ў сьвеце ўстанова, якая спалучае некалькі функцыяў, то бок музэйную й дасьледчыцкую. Інакш кажучы, яна будзе ня толькі прэзэнтаваць экспанаты, зьвязаныя з Катынскім злачынствам, але таксама актыўна займацца дасьледаваньнем масавага забойства, зьдзейсьненага на 22 тысячах польскіх ваеннапалонных, зьняволеных у савецкіх лягерах і турмах у гады 1939-1940.

„Яны заплацілі сваім жыцьцём за службу Польшчы”, - нагадала прэм'ер Эва Копач.

/

Эва Копач: Яны заплацілі за тое, што незалежна ад поглядаў, веравызнаньня ці рэгіёну паходжаньня, у сваіх сэрцах несьлі службу Польшчы. Катынь – гэта ілюстрацыя лёзунгу, які на сваіх штандарах зьмясьцілі гераічныя лётчыкі Другой сусьветнай вайны: „Любоў патрабуе ахвяраў!” У ахвяраў Катыні любоў запатрабавала найбольшай ахвяры – жыцьця.

Катынскае злачынства, якое стала асновай камуністычнага рэжыму ў Польшчы, павінна быць названа генацыдам - пераконваў Анджэй Дуда.

Прэзыдэнт Польшчы выказаў спадзяваньне, што Катынскі музэй стане ня толькі месцам працягваньня памяці, але таксама адукацыі як палякаў, так і замежнікаў.

/

Анджэй Дуда падзякаваў сем'ям катынскіх ахвяраў, якія здолелі захаваць памяць аб злачынстве нават у часы камунізму.

Кіраўнік Польшчы пераконваў, што мэтай злачынства ў Катыні была ліквідацыя польскай эліты й зьнішчэньне польскага народу.

Анджэй Дуда: Менавіта таму, паводле агульнай пазыцыі польскага грамадзтва, а таксама многіх гісторыкаў і юрыстаў, злачынства, якога мэтай было зьнішчэньне польскага народу, павінна называцца генацыдам. Я хачу сказаць гэта сёньня ясна, выразна і ўголас.

Будаўніцтва музэя, якое працягвалася тры гады, фінансавала Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. Установа зьяўляецца філіялам Музэя Войска Польскага ў Варшаве.

Паводле кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Томаша Сямоняка, Катынь для палякаў – сьвятая справа, таму стварэньне музэя было гістарычнай неабходнасьцю.

/

Томаш Сямоняк: Злачынства, зьдзейсьненае злачынцамі Савецкага Саюза, мела на мэце зьнішчэньне польскай дзяржавы й людзей, якія ёй служылі й служыць хацелі надалей. Таму Рэспубліка Польшча мае ў дачыненьні да іх асаблівыя абавязкі. Менавіта таму Войска Польскае вырашыла стварыць Катынскі музэй.

Адкрыцьцё Катынскага музэя, якое адбываецца амаль 76 гадоў пасьля злачынства зьдзейсьненага Чырвонай Арміяй на польскіх ваеннапалонных, гэта падзея, якую палякі й, перш за ўсё, сем'і ахвяраў чакалі на працягу многіх гадоў.

/

Менавіта пра гэта кажуць Крыстына Геер і Стэфан Жэлязоўскі.

Крыстына Геер: Нашыя бацькі былі забітыя, таму для нас гэта вельмі важна. Не вядома, куды завядзе нас лёс – калі мы зноў зможам наведаць могілкі, але гэтае месца будзе ў любы момант даступнае для ўсіх і будзе абнаўляць нашую памяць. Добра было б, калі б музэй наведала як найбольш чалавек, якія паглядзяць і задумаюцца.

Стэфан Жэлязоўскі: Мой дзядзька быў забіты ў Катыні. Таму гэта вельмі важны дзень для нас і для будучых пакаленьняў. Памяць ня можа быць страчана.

Архітэктурны праект Катынскага музэя аўтарства майстэрні „Brzozowski Grabowiecki Architekci sp.z o.o” перамог у конкурсе абвешчаным у 2010 годзе.

Каманда архітэктараў апрацавала адаптацыю часткі гістарычнага будынку варшаўскай Цытадэлі.

Выкарыстаныя ў праекце інструмэнты, то бок сучаснае мастацтва, элемэнты архітэктуры, скульптуры й мультымэдыйныя прылады, паводле ідэі аўтараў, павінны весьці наведвальніка праз чарговыя этапы трагедыі польскіх жаўнераў у верасьні 1939 году.

Аўтары нагадваюць гісторыю нападу гітлераўскай Нямеччыны й Савецкага Саюза на Польшчу, расказваюць пра пошук палонных сем’ямі, адкрыцьцё магіл у Катынскім лесе й эксгумацыю целаў.

/

Сярод экспанатаў ёсьць рэчы, якія належалі забітым – вайсковыя курткі, шапкі, інвалідзкія палачкі й пратэзы.

аз

Фота: PAP/Rafał Guz

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт