Logo Polskiego Radia
Print

Палякі баяцца спайсаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.09.2015 15:28
Аднак яны больш схільныя караць гандляроў, чым спажыўцоў наркотыкаў.

Колькасьць выпадкаў атручваньня спайсамі ў Польшчы трывожна расьце. Зь сярэдзіны бягучага году былі зафіксаваныя больш за 2 тысячы, то бок столькі, колькі ва ўсім мінулым годзе. Кожны месяц назіраецца нават паўтысячы выпадкаў атручваньня - гэта ўдвая больш, чым яшчэ 5 гадоў таму, то бок да акцыі перакрыцьця крамаў са спайсамі, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Паводле дасьледаваньня, праведзенага цэнтрам „Ispos”, палякі ведаюць, што гэта такое спайсы й наколькі яны небясьпечныя. Ажно 90% апытаных заяўляе, што яны ня менш небясьпечныя, чым традыцыйныя наркотыкі, а 50% лічаць, што нават больш шкодныя, чым наркотыкі, алькаголь ці цыгарэты.

Рэспандэнты лічаць таксама, што спайсы – гэта адна з найбольш сур’ёзных сацыяльных праблемаў у краіне.

„Яны на многа больш небясьпечныя, чым наркотыкі. Яны прычыняюцца да настолькі сур’ёзных зьменаў у цэнтральнай нэрвовай сыстэме, што адна доза можа прывесьці да сьмерці”, - перасьцерагае сацыёляг прафэсар Марыюш Енджэйка.

Палякі бачаць гэтую пагрозу. Больш чым палова зь іх лічыць, што спайсы трэба ўспрымаць як наркотыкі.

Але найбольш непакоіць факт, што кожная чацьвёртая дасьледаваная асоба з групы ва ўзросьце 16-34 гадоў ведае прынамсі аднаго чалавека, які ўжывае спайсы. Апрача таго, больш за палову асобаў з гэтай узроставай групы заяўляе, што ня мела б праблемаў купіць гэткае рэчыва.

„Нават палова прысутных на рынку сродкаў вытвараецца ў Кітаі. Большасьць пакупкаў адбываецца ў інтэрнэце, а гэта гарантуе ахову тоеснасьці карыстальнікаў”, - шкадуе прафэсар Енджэйка.

Таму барацьба з наркаманіяй павінна праходзіць на розных этапах. За жорсткае пакараньне гандляроў выступае 72% апытаных. Палова робіць стаўку на адукацыю моладзі, як у школе, так і дома. Толькі кожны чацьвёрты выказваецца за пакараньне тых, хто спайсы купляе, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт