Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія акрабаты ў Варшаве (фота)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.11.2015 23:27
  • turniej-ok.mp3
Спаборніцтвы паміж камандамі Польшчы, Нямеччыны і Беларусі.

Спартыўная акрабатыка – гэта від спорту, які ўключае ў сябе некалькі практыкаваньняў, зьвязаных з захаваньнем раўнавагі (балянсаваньнем). Спартоўцы выступаюць у парах – мужчынскіх, жаночых або зьмешаных, ёсьць таксама паказы жаночых троек і мужчынскіх чацьвёрак.

Старшыня Варшаўска-Мазавецкага Зьвязу спартыўнай акрабатыкі Ян Ветэска адзначае, што ў польскую сталіцу прыехалі найлепшыя акрабаты зь Нямеччыны, Беларусі ды Польшчы.

Я. Ветэска: Гэта шосты турнір за Кубак Варса і Савы. Але па такой формуле матчу спаборніцтвы адбываюцца другі раз. Гэта матч паміж камандамі Польшчы, Варшавы, Беларусі і Нямеччыны. Кожная зборная можа выставіць пяць камандаў у розных катэгорыях, а тры найлепшыя вынікі судзьдзі залічаць у агульны залік. Такім чынам атрымаем вынік усёй зборнай. Да нас прыехалі найлепшыя акрабаты, якія прадстаўляюць свае краіны. На дадзены момант гэта найлепшыя каманды, хаця спартоўцы вельмі маладыя. Але агулам акрабатыка – гэта спорт маладых.

Яшчэ падчас спаборніцтваў нам удалося паразмаўляць з трэнерам беларускай каманды. Тады не быў яшчэ вядомы вынік турніру, хто пераможа, але трэнер разьлічвала, што яе хлопцы і дзяўчаты заваююць добрае месца. Гаворыць Старэйшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па акрабатыцы Жана Юшко.

Ж.Юшко: Мы прыяжджаем рэгулярна, гэта ў нас ужо трэцяе спаборніцтва. Я лічу, у нас нядрэннае выступленьне, у папярэднія гады наша краіна была першай. Пакуль што барацьба не закончылася, але мы ідзем нядрэнна. Беларускіх спартоўцаў прыехала 15 чалавек, гэта майстры спорту, кандыдаты ў майстры спорту, ёсьць удзельнікі Чэмпіянату Эўропы, ёсьць бронзавыя мэдалісты. Спартоўцы, якія прыехалі сюды, гэта юніёры, а ёсьць таксама і дарослыя спартоўцы ў Беларусі. Тут – гэта рэзэрвы.

Аляксандра Ложкіна і Марыя Жураўлёва прадстаўляюць юніёрскую зборную Беларусі. Яны ўпершыню прыехалі ў Польшчу, ім тут вельмі падабаецца, хаця пасьпелі пабываць ужо ў іншых дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу. Дзяўчыны зусім маладзенькія, але кажуць, што спорт ім даў вельмі шмат, навучыў перамагаць стрэс, змагацца за рэзультат, навучыў працаваць над сабою.

А. Ложкіна: Акрабатыка дае самаразьвіцьцё, яна дазволіла мне сфармавацца як асобе. Мы трэніруемся разам ужо пяць гадоў. Перад гэтым мы трэніраваліся ў розных напрамках – я была ў цыркавой студыі да 12 гадоў, а пазьней пайшла на акрабатыку.

М. Жураўлёва: А я займалася мастацкай гімнастыкай. Тут мы адначасова танцуем і робім элемэнты, а ня толькі танцуем альбо асобна робім элемэнты.

А. Ложкіна: Гэта вельмі цікавы від спорту, мне ён здаўся цікавейшым, чым спартыўная і мастацкая гімнастыка. Такое ўражаньне, што гэтыя віды спорту зьмяшалі. Мы шмат трэніруемся, хочам трапіць на Чэмпіянат сьвету або Эўропы. А ў Польшчу мы ўпершыню прыехалі, да гэтага былі ў Расеі, Нямеччыне, Летуве. А тут нам вельмі падабаецца – атмасфэра, дыван, асьвятленьне.

Па словах трэнера Жанны Юшко, прафэсійныя спартоўцы вельмі шмат увагі прысьвячаюць трэніроўкам, нават два разы ў дзень, пачынаючы з 4-га, 5-га клясу базавай школы. Спорт патрабуе шмат працы, але ў Беларусі нямала людзей хоча займацца акрабатыкай.

Ж. Юшко: Акрабатыка вельмі папулярная ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце. Нядаўна мы вярнуліся з Чэмпіянату Эўропы, які прайшоў 1-5 кастрычніка ў Нямеччыне. Беларуская зборная заваявала 19 мэдалёў, мы былі за Расейскай Фэдэрацыяй.

Беларуская каманда па спартыўнай акрабатыцы заваявала другое месца на Турніры за Кубак Варса і Савы. Найлепшымі аказаліся спартоўцы зь Нямеччыны, бронзу здабылі варшаўскія акрабаты, а чацьвёртае месца заняла зборная каманда Польшчы.

нг

/
/
/
/
/
/
/
/
/
/
/

/

/
/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт