Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве выступіў гурт "Купалінка"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.12.2015 13:39
  • kupalinka.mp3
Творчае крэда «Купалінкі» – адраджэньне й прапаганда нацыянальнага народна-песеннага мастацтва Беларусі.

У пятніцу ў Варшаве выступіў фальклорны гурт Беларускай дзяржаўнай філярмоніі «Купалінка». Перад польскай публікай калектыў выступіў са сьвяточным рэпэртуарам, дзе пераважалі беларускія калядныя песьні й творы духоўнай тэматыкі.

Творчае крэда «Купалінкі» – адраджэньне й прапаганда нацыянальнага народна-песеннага мастацтва Беларусі. Гурт пачаў сваю творчую дзейнасьць у 1966 годзе як жаночы вакальны квартэт, паэтычнае імя якому дала вядомая беларуская народная песьня «Купалінка». Стваральнікам і духоўным бацькам калектыву стаў народны артыст СССР Генадзь Цітовіч.

Пры дапамозе сваёй творчасьці «Купалінка» захоўвае, адраджае й папулярызуе традыцыі, звычаі беларускага, а сваім мастацтвам спрыяе духоўнаму адраджэньню.
Мастацкі кіраўнік калектыву, народная артыстка Беларусі Аленя Цялькова кажа, што кожны канцэрт «Купалінкі» рыхтуецца для таго, каб слухач атрымаў выключна асалоду.

/
А. Цялькова: Каб народнае мастацтва нашай краіны не было трэцяга разраду, а каб усё было на вышэйшым узроўні. Каб у слухачоў сэрца забілася часьцей, а на вачах паявіліся сьлёзы. У наступным годзе нам споўніцца 50 гадоў. За гэты час сабраны вельмі вялікі рэпэртуар. Мы народныя песьні выконваем у сучаснай апрацоўцы. Народная песьня павінна разьвівацца й ня быць архаічнай, каб яна таксама была сучаснай. Каб яе было цікава слухаць. «Купалінка» адрозьніваецца ад народных калектываў тым, што сьпявае ў двух манерах – фальклорнай і акадэмічнай. Гэта вельмі цяжка. Штодзённыя рэпэтыцыі, каб гэта быў найвышэйшы ўзровень.

Сёньня «Купалінка» запатрабавана ў краіне й за яе межамі. Калектыў дае тысячы канцэртаў па Беларусі, на дзяржаўных і міжнародных мерапрыемствах у Расеі, краінах Прыбалтыкі, Канадзе, Люксэмбургу, Нямеччыне, Бэльгіі, Францыі, Польшчы ды ў многіх іншых краінах сьвету.

ав/philharmonic.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт