Logo Polskiego Radia
Print

Страх штурхае Францыю ў права

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.12.2015 15:30
  • Страх штурхае Францыю.mp3
На мясцовых выбарах у Францыі перамагла скрайна правая партыя Нацыянальны Фронт.
Fot. CHRISTOPHE PETIT TESSON/PAP/EPA/FRANCE REGIONAL ELECTIONS 2015

Усьлед за ёй іншыя палітыкі пачынаюць выступаць з радыкальнымі лёзунгамі.

Францыя паварочвае ў права, па шляху, які вызначаюць скрайна правыя сілы. Такія гучаць камэнтары ў Францыі пасьле першага тура рэгіянальных выбараў, які завяршыўся ў Францыі ў нядзелю.

Пераможцам стала партыя Нацыянальны фронт. На выбары прыйшло каля 50% выбарцаў. З Парыжу перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Бжэзіньскі.

Марэк Бжэзіньскі: Штодзёнка “Le Monde” піша, што згодна з прагнозамі Нацыянальны фронт выйшаў і лідары з вынікам значна лепшым, чым спадзяваліся. Другое месца занялі рэспубліканцы, але яны значна прайграюць партыі Марын Лё Пэн. Пазыцыі сацыялістаў ды левых значна пагоршыліся. Кіроўная партыя змагла толькі ў 2 з 13 рэгіёнах: Брытаніі ды Аквітаніі , -- захаваць перавагу. Нацыянальны Фронт здабыў 28%, рэспубліканцы ў саюзе з цэнтрыстамі – 27%, а левыя – 23%. Марын Лё Пэн заявіла па выніках, што ейная партыя адзіная прадстаўляе рэспубліканскія ідэалы на францускай палітычнай сцэне. Нацыянальны Фронт грукаецца ў дзьверы ўлады ва Францыі, піша француская прэса.

Нацыянальны фронт перамог у 6 з 13 рэгіёнаў Францыі.

Выбары праходзілі ва ўмовах магчымых тэрарыстычных атак ды ўзмоцненых сродкаў бясьпекі. Гэта паўплывала на вынік. Такія камэнтары гучаць ад палітыкаў ды экспэртаў з розных краін Эўропы.

Напрыклад, польскі палітычны дзеяч Марэк Юрэк назваў вынікі галасаваньня рэакцыяй на крызыс уцекачоў.

Марэк Юрэк: Гэта рэакцыя на іміграцыйны крызыс, а таксама на напад на Францыю. Ісламісты скіравалі сваю агрэсію на францускую тэрыторыю. Гэта моцны сыгнал нязгоды з той іміграцыйнай палітыкай, якую рэалізуе Эўразьвяз. Напрыклад, прапановы легалізаваць з будучага году нелегальных імігрантаў у Эўропе. Відаць, што няма згоды на іх рэалізацыю.

У сваю чаргу ў Брусэлі францускія выбары ўспрынялі, як пэсымістычны прагноз таго, што можа здарыцца ў іншых краінах ЭЗ. Заходнюю Эўропу чакае радыкалізацыя настрояў. Гаворыць эўрадэпутат Януш Левандоўскі.

Януш Левандоўскі: Гэта фатальны прагноз для Эўропы ў сытуацыі зьнешняй нестабільнасьці. Замест таго, каб будаваць кола сяброў вакол ЭЗ на Ўсходзе і ў раёне міжземнага мора, мы маем кола агню. Гэта і Ўкраіна й Блізкі Ўсход. У такой сытуацыі Эўропа павінна быць больш кансалідаваная, а гэтыя цэнтрабежныя ўнутраныя рухі вельмі небясьпечныя.

Падобныя тэндэнцыі назіраюцца ня толькі ў Эўропе, але і ў ЗША. Апошнія тэракт у Каліфорніі, калі пара мусульман застрэліла 14 чалавек, паўплываў на рост папулярнасьці рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт