Logo Polskiego Radia
Print

Саакашвілі: Я буду заўсёды ўдзячны Лукашэнку

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.12.2015 11:46
  • Саакашвілі Я буду заўсёды ўдзячны Лукашэнку.mp3
Губэрнатар Адэсы заявіў, што супрацоўніцтва Ўкраіны й Беларусі «пераўзыходзіць усе яго спадзяваньні».
Aliaksandr Papko/Polskie Radio

«Я буду заўсёды вельмі ўдзячны Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю» ,– заявіў у Варшаве Міхаіл Саакашвілі. Таксама ён падкрэсьліў, што «ў ацэнцы рэгіянальнай сытуацыі ў кіраўніцтва Беларусі і Ўкраіны практычна няма рознагалосьсяў». Былы прэзыдэнт Грузіі, а цяпер кіраўнік Адэскай вобласьці ў панядзелак сустрэўся з украінцамі, якія жывуць і працуюць у Польшчы. Падчас сустрэчы Міхаіл Саакашвілі раскрыў сакрэт добрых стасункаў Менска, Тбілісі й Кіева.

Аляксандар Лукашэнка не праводзіць антыўкраінскай палітыкі. Наадварот, кіраўніцтва Ўкраіны ўдзячнае Менску за тое, што ён заняў прыязную пазыцыю ад самага пачатку вайны ў Данбасе. Пра гэта заявіў Міхаіл Саакашвілі, адказваючы на пытаньні тэлеканалу «Белсат».

М. Саакашвілі: У мяне няма адчуваньня, што Лукашэнка праводзіў антыўкраінскую палітыку. У яго былі вельмі добрыя адносіны зь Віктарам Юшчанкам, а вось з уладамі Януковіча ў яго быў канфлікт. Лукашэнка дастаткова добра стрымліваў расейскі націск, асабліва на першым этапе вайны. Тады для Ўкраіны было б асабліва небясьпечна, калі б Беларусь да яе далучылася.

Таксама былы прэзыдэнт Грузіі растлумачыў, чаму пяць гадоў таму, пасьля жорсткага разгону Плошчы, ён павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь «перамогай» на прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнка не прызнаў незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, нягледзячы на тое, што Крэмль спрабаваў яго падкупіць. «За гэта я яму застаюся ўдзячны», – заявіў Саакашвілі.

М. Саакашвілі: Для Грузіі выбар быў абсалютна зразумелы. Лукашэнка ў свой час знаходзіўся пад моцным націскам Крамля. Яго ня проста шантажавалі, яму прапанавалі два мільярды даляраў, каб падтрымаць эканоміку, якая была ў вельмі дрэнным стане (у прынцыпе і сёньня там вялікія праблемы). Умова была адна – прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Але Лукашэнка гэтага не зрабіў, нягледзячы на расейскі націск. Я не магу гэтага забыць. Гэта было вельмі важна для маленькай краіны Грузіі. Вы павінны гэта зразумець.

Я выдатна разумею, якія праблемы зьвязаныя з кіраўніцтвам Лукашэнкі. Мы ўсе разумеем. Аднак дакладна як у выпадку Грузіі, калі Ўкраіне было неабходна, каб Беларусь заняла хаця б нэйтральную пазыцыю – яна заняла гэтую пазыцыю. Адначасова я ўпэўнены, што ў народа Беларусі проста фантастычны патэнцыял разьвіваць дэмакратыю й жыць ва ўмовах свабоды. Проста тады былі канкрэтныя палітычныя ўмовы. Ад сваіх дзеяньняў я і цяпер не адмаўляюся. Тады было вельмі важна, што Беларусь заняла тую пазыцыю, якую заняла. Я буду за гэта заўсёды вельмі ўдзячны.

Сустрэча
Сустрэча супала з днём народзінаў Міхаіла Саакашвілі. Украінцы Варшавы падрыхтавалі папулярнаму палітыку невялікі сюрпрыз.


Міхаіл Саакашвілі ўхіліўся ад адказу на пытаньне, якія рэформы ён бы правёў, калі б узначаліў Беларусь. Пры гэтым ён заявіў, што калі Беларусь «вырашыць усе праблемы», яна інтэгруецца ў Эўразьвяз вельмі хутка.

М. Саакашвілі: Беларусь мае ашаламляльны інтэлектуальны патэнцыял. Вы маеце выдатную моладзь. Пасьля вырашэньня ўсіх праблемаў Беларусь будзе нашмат хутчэй рухацца ў Эўропу, чым любая з нашых краінаў – проста сыходзячы зь геаграфіі, з характару народу, з аб’ектыўных рэаліяў, якія складваюцца гэтым рэгіёне.

Вялікая
Вялікая заля "Ўкраінскага дому" зь цяжкасьцю зьмясьціла ўсіх ахвотных сустрэцца зь вядомым рэфарматарам.

Нават на пасадзе кіраўніка Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі застаецца ў цэнтры ўвагі беларускіх уладаў. У жніўні гэтага году ў Адэсе цэлых два дні вялі перамовы міністры замежных справаў Беларусі, Украіны й Летувы. Што абмяркоўваў Уладзімер Макей са сваімі калегамі: пытаньні транзыту грузаў з Балтыкі да Чорнага мора, ці кіраўнік беларускай дыпляматыі прасіў Саакашвілі паспрыяць атрыманьню крэдыту МВФ? На гэтае пытаньне Польскага радыё Саакашвілі адказаў наступнае:

М. Саакашвілі: Я ня памятаю нічога наконт крэдыту. Аднак мы абмяркоўвалі транзыт, размаўлялі пра тое, як запрасіць у Адэсу як мага больш беларускіх турыстаў у наступным годзе. Дзеля гэтага беларускі бок ужо адкрыў новы рэйс «Белавія». Мы пачынаем інтэнсіўна рэклямаваць турызм. Была вельмі прыязная сустрэча. Я быў зьдзіўлены, наколькі быў адкрыты Макей. Мы абмяркоўвалі самыя складаныя тэмы. Ў ацэнцы рэгіянальнай сытуацыі ў нас практычна няма рознагалосьсяў. Гэта было дзівосна. Тое, што мы ўбачылі, пераўзышло ўсе мае спадзяваньні.

Зразумела, асноўнай тэмай сустрэчы ва «Ўкраінскім доме» ў Варшаве былі эканамічныя рэформы й барацьба з карупцыяй. Каб выжыць, Украіне патрэбны рост у 10%-12%, а не ў 2%, як плянуе цяперашні ўрад – падкрэсьліў Міхаіл Саакашвілі. Трэба спрасьціць усе адміністрацыйныя працэдуры, цэнтралізаваць уладу ў краіне, пабудаваць сетку дарог і чыгунак, а самае галоўнае – поўнасьцю замяніць падатковыя службы, пракурораў, судзьдзяў, міліцыю і чыноўнікаў на лякальным узроўні. Чыноўнікаў трэба прызначаць праз адкрытыя конкурсы. Усе гэтыя рэформы ідуць у Адэсе. Аднак адзін рэгіён не ўратуе дзяржаву. Калі каманда Саакашвілі сыдзе, старыя карупцыйныя схемы вернуцца - зазначыў губэрнатар.

/

Калі рэформаў ня будзе ва ўсёй Украіне, то цяперашніх палітычных лідараў будзе чакаць лёс Керанскага – папярэдзіў Міхаіл Саакашвілі.

М. Саакашвілі: Мы пацерпім паразу, калі не правядзем рэформы, не ачысьцім уладу, не памяняем правілаў гульні. Гістарычная паралель – рэвалюцыя ў Расейскай імпэрыі. Прыйшоў Керанскі і сказаў: «Цара няма, але я буду прызначаць міністраў, зьбіраць падаткі, весьці вайну – усё, як пры цары, толькі цара ня будзе». Праз некалькі месяцаў людзі абурыліся й прывялі да ўлады яшчэ горшы варыянт – бальшавікоў. Ва Ўкраіне цяпер адбываецца нешта падобнае. Быў Майдан, людзі загінулі. Аднак прыйшла старая эліта і сказала: «Януковіча няма, але мы дамовімся». Краіна разваліцца з-за таго, што яе рабуюць. Як толькі будуць нармальныя адносіны ў дзяржаве – краіна пачне разьвівацца. Украіна мае ашаламляльны патэнцыял. Пры ўсёй павазе да Польшчы, патэнцыял Украіны вышэйшы.

Не абмінуў былы прэзыдэнт Грузіі і стасункаў з Расеяй. Калі цана нафты ня вырасьце, Расею чакае анархія – перакананы Міхаіл Саакашвілі.

М. Саакашвілі: Я б ня даў Пуціну шмат часу. Пасьля таго, як яго рэжым абрынецца, там будзе два-тры гады поўнага хаосу. У Расеі няма новай палітычнай эліты, якая б магла пераняць уладу, там няма ваеннай эліты, там няма тэрытарыяльнай цэласнасьці ў агульнапрынятым разуменьні. Там есьць цэлыя тэрыторыі, напрыклад Паўночны Каўказ, якія пры найменшым аслабленьні Масквы адасобяцца. Эўропа можа гэтага не чакаць, але гэта адбудзецца само сабой.

Перастаўшы паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць сваіх суседзяў, Расея згубіла права на ўласную тэрытарыяльную цэласнасьць – па вызначэньні, а не таму, што гэтага нехта хоча. Ніхто ня хоча падзяліць Расею. У мяне няма сумневаў у тым, што гэты рэжым Пуціна падае. Мяне турбуе толькі тое, у якім эканамічным і палітычным стане падыдзе Ўкраіна да таго моманту, калі рэжым Пуціна немінуча падзе. Вось што нас павінна хваляваць.

/


Міхаіл Саакашвілі заявіў журналістам, што не плянуе заняць пасаду прэм’ера Украіны. Таксама ён не зьбіраецца вяртацца ў Грузію пасьля таго, як на парлямэнцкіх выбарах там прадказальна пераможа заснаваны Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух».

«Я – грамадзянін Украіны, я адданы справе, якую мы робім ва Ўкраіне, і мы не адступім ад нашай справы, пакуль не пераможам», – падкрэсьліў кіраўнік Адэскай вобласьці.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт