Logo Polskiego Radia
Print

Шэнген трашчыць па швах

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.01.2016 17:30
  • Шэнген трашчыць па швах.mp3
Расьце колькасьць краін, якія аднаўляюць кантроль на ўнутраных межах Эўразьвязу.
foto: ngopole.pl

Экспэрты зазначаюць, што гэта можа прывесьці да ліквідацыі Шэнгенскай бязьвізавай прасторы.

Мінулы год стаў годам глыбокага крызысу Шэнгенскай дамовы. Дадзенае пагадненьне гарантавала грамадзянам ЭЗ свабоду перасоўваньня паміж краінамі супольнасьцяў, пры адначасовай ахове зьнешніх межаў.

Нягледзячы на дамову, на тэрыторыю ЭЗ нелегальна трапіла больш за мільён імігрантаў з краін Блізкага Ўсходу ды Афрыкі. У асноўным праз паўднёвы балканскі калідор: праз Грэцыю, Сэрбію, Вугоршчыну ды Харватыю. У адказ на няздольнасьць часткі краін забясьпечыць ахову сваіх межаў, краіны ЭЗ пачалі ўводзіць кантроль на ўнутраных межах, а некаторыя дзяржавы апынуліся на мяжы выключэньня з Шэнгенскай дамовы.

Галоўным кандыдатам на выдаленьне стала Грэцыя, якая не магла ніяк спыніць наплыў нелегальных мігрантаў. У сьнежні іх колькасьць працягвала расьці. Пад пагрозай выдаленьня Атэны пагадзіліся дапусьціць да кантролю сваіх межаў Frontex – Эўрапейскае агенцтва памежнай аховы. З грэцкай сталіцы перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Кукель-Врайля.

Бэата Кукель-Врайля: Мэтай новай апэрацыі зьяўляецца забесьпячэньне лепшага кантролю межаў. Удзел у ёй бяруць 400 памежнікаў, перакладчыкаў, чыноўнікаў па справах рэгістрацыі мігрантаў ды экспэртаў па праверцы дакумэнтаў. Падробленыя пашпарты сталі адной з галоўных праблем для грэцкай паліцыі. На пачатку сьнежня Грэцыя пачала дзеяньні ў напрамку больш шчыльных праверак мігрантаў, якія праз Грэцыю кіруюцца ў Заходнюю Эўропу. Разам з тым грэкі так і не пагадзіліся на сумесныя з туркамі памежныя патрулі.

Часовы памежны кантроль вярнулі першымі Нямеччына, Аўстрыя ды Францыя. Цяпер да іх пачалі далучацца скандынаўскія дзяржавы - чальцы ЭЗ. На днях Данія ўвяла кантроль на мяжы зь Нямеччынай. Дадзенае рашэньне агучыў прэм’ер краіны Лярс Расмусэн. Дацкі ўрад пайшоў на гэта ў страху перад наплывам нелегальных мігрантаў зь Нямеччыны. Усьлед за Даніяй памежны кантроль вярнула й Швэцыя. У Брусэлі гучаць меркаваньні, што гэта толькі пачатак праблем Шэнгенскай дамовы. Распавядае карэспандэнт Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Новы Год, а праблемы з Шэнгенскай зонай засталіся нязьменныя, тыя самыя, што й летась. Гэтая дамова гарантавала свабоду перасоўваньня ўнутры ЭЗ пры адкрытых памежных бар’ерах. Гэтая прастора пачала развальвацца, калі першыя часовыя праверкі на межах увялі Нямеччына, Аўстрыя ды Францыя. Пазьней зьявіліся прапановы, каб дазволіць краінам ЭЗ утрымаць часовыя абмежаваньні на 2 гады. Да гэтага яшчэ далёка, але сама дыскусія кепска сьведчыць пра будучыню Шэнгенскай дамовы. Гэтая справа ды міграцыйны крызыс будуць асноўнымі тэмамі працы ЭЗ у будучым годзе. Тым больш, што да чэрвеня працамі ЭЗ будзе кіраваць Галяндыя, якая летась высоўвала прапанову стварыць міні-зону Шэнген у складзе краін Бэнэлюксу, Аўстрыі ды Нямеччыны. Грамадзяне іншых краін ЭЗ павінны былі б праводзіць памежны кантроль. Выключэньне Францыі са сьпіса гэтых дзяржаў экспэрты назвалі асноўнай слабасьцю прапановы.

Падобныя крокі рыхтуе й Фінляндыя. Фінскія ўлады заявілі, што будуць правяраць пашпарты асобаў, якія прыяжджаюць зь Нямеччыны. На чарзе кантроль прыбылых з краін Балтыі. Прычына - наплыў нелегальных мігрантаў. Гаворыць Том Гансэн з фінскай Памежнай аховы. Штодзень фінскія памежнікі затрымлівалі каля 20 імігрантаў.

Том Гансэн: Мы інфармавалі карабельную кампанію, што ў іх на борце знаходзяцца нелегальныя імігранты. Мы папярэджвалі, што ня будзем далей цярпець такую практыку.

На сёньняшні дзень Фінляндыя істотна абмежавала памежны рух з Расеяй. Падобны крок зрабіла Нарвэгія. Цяпер жа ўводзяцца абмежаваньні ў руху на ўнутрыэўрапейскіх трасах. Памежны кантроль насуперак Шэнгенскай свабодзе падарожаньня можа ўтрымацца ў бліжэйшыя 2 гады.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт