Logo Polskiego Radia
Print

МУС Беларусі палюе на ўдзельнікаў вайны ў Данбасе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.01.2016 18:31
  • Украінскі сындром для Беларусі.mp3
Праверка вядзецца ў адносінах да 24 грамадзянаў, якія ваявалі па абодва бакі канфлікту.
Foto: ALEXANDER ERMOCHENKO/PAP/EPA.

На днях афіцыйны Менск убачыў пагрозу ў грамадзянах Беларусі, якія удзельнічалі ў вайне ў Данбасе. Улады абяцаюць зачыстку.

Вайна на ўсходзе Ўкраіны працягваецца ўжо другі год. Афіцыйны Менск захоўваў дагэтуль нэўтральнасьць у дадзеным канфлікце й заклікаў бакі да мірнага вырашэньня. На днях Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што ён закранае й Беларусь. Беларускі кіраўнік убачыў пагрозу ў выхадцах зь Беларусі, якія ваявалі ва Ўкраіне па абодвух баках фронту.

Аляксандар Лукашэнка: Я бачу, што некаторыя “сьмелыя людзі”, што ваявалі ў Данбасе, баевікі пазуюць у Менску са зброяй. Наша стаўленьне да такіх ваяк з абодвух бакоў вядомае! Разьбірайцеся імгненна разам зь міліцыяй ды КДБ. У краіне не павінна быць аніякіх баевікоў.

На днях зьявілася інфармацыя, што ў Менску мясцовая міліцыя затрымала ўжо аднаго па падазрэньні ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны на баку так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Прэсавая служба МУС Беларусі паведаміла, што ўжо вядзецца праверка ў дачыненьні да 24 грамадзян Беларусі. Гаворыць намесьнік кіраўніка прэсавай службы МУС Беларусі Георгій Яўчар.

Георгій Яўчар: Цяпер супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй сабрана 16 матэрыялаў праверак у адносінах да 24 грамадзян рэспублікі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны з абодвух бакоў канфлікту.

Ці ўдзел у баявых дзеяньнях за мяжой зьяўляецца злачынствам у Беларусі? Па якіх артыкулах такіх людзей могуць прыцягнуць да адказнасьці? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да менскага юрыста Алега Аўгеева.

Алег Агееў: Перш за наёмніцтва. За ўдзел у незаконных узброеных фармаваньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы за ўзнагароджаньне без дазволу дзяржавы, якой грамадзянінам зьяўляецца. Гэта апошнія зьмены, бо раней пад гэты артыкул падпадалі толькі тыя, хто змагаўся з боку так званых ЛНР і ДНР. Не падпадалі тыя, хто ваяваў у добраахвотных батальёнах, якія ўвайшлі ў склад Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Зьмены былі ўнесены, каб і іх прыцягваць да адказнасьці.

Кіраўнік аналітычнага рэсурсу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў мяркуе, што ў першую чаргу прыцягваць да адказнасьці могуць “данбаскіх баевікоў” за тэрарыстычную дзейнасьць.

Андрэй Паротнікаў: Няма ніякіх прэтэнзій з боку беларускага закона да грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны ў складзе законных узброеных сіл. Іншая справа – незаконныя фармаваньні. Тут усе найперш кажуць пра наёмніцтва, але яно недаказальнае. Так вынікае зь міжнароднага досьведу. Таму тут хутчэй альбо прыцягваньне да адказнасьці па заканадаўству ў галіне барацьбы з тэрарызмам, альбо за незаконны абарот зброі.

Людзі, што ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях, нясуць пэўную пагрозу грамадзкаму парадку, але пра пагрозу зь іх боку для Беларусі пакуль зарана казаць, перакананы экспэрт.

Андрэй Паротнікаў: Пакуль казаць зарана пра пагрозу для беларускай дзяржавы. Пакуль няма прыкметаў таго, што ўдзельнікі збройных фармаваньняў на Данбасе скаардынавана дзейнічаюць у Беларусі. У першую чаргу, гэтыя людзі могуць быць пагрозай для падтрыманьня грамадзянскага парадку. Як паказвае савецкі досьвед з Афганістану ды амэрыканскі з Іраку й Афганістану, людзі, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяньнях, маюць вялізныя псыхалягічныя праблемы, часта яны празьмерны агрэсіўныя. Ім патрэбная прафэсійная псыхалягічная дапамога.

Тут узьнікае пытаньне, што рабіць з гэтымі людзьмі? Юрыст Алег Агееў лічыць, што калі будзе адпаведны загад, праваахоўныя органы могуць пасадзіць любога абвінавачанага.

Алег Агееў: На маю думку, зараз па шэрагу справаў беларускія сілавыя структуры мала клапоцяцца аб тым, каб сабраць і ацаніць доказы з боку гледжаньня дапушчальнасці, дакладнасці й дастатковасці, як таго патрабуе заканадаўства Беларусі. Калі ёсьць палітычная замова, яны проста перадаюць матэрыялы ў суд, дзе малаверагодна, што працес будзе справядлівым, а сам суд будзе незалежным і непрадузятым.

У сваю чаргу Андрэй Паротнікаў зазначае, што ў цяперашняй складанай геапалітычнай ды фінансавай сытуацыі беларускія ўлады хутчэй абяруць тактыку выцісканьня гэтых людзей зь Беларусі, чым судовага іх перасьледу. Менскі працэс над “тэрарыстамі з ДНР” мог бы выклікаць скандал у адносінах з Крамлём.

Андрэй Паротнікаў: Ёсьць неафіцыйная інфармацыя, што ўкраінскі бок зьвяртаўся з пытаньнямі ў Менск, чаму ўдзельнікаў незаконных збройных фармаваньняў у Беларусі не прыцягваюць да адказнасьці. Нефармальна беларускі бок тлумачыўся магчымым пагаршэньнем беларуска-расейскіх адносін, што непажадана з улікам перамоваў па крэдыту. 14 студзеня Лукашэнка даў загад МУС ды КДБ гэтых людзей зачышчаць. Відаць, пытаньне крэдыту зьнята з павесткі дня. Пры гэтым, мне здаецца ўсё-такі, што ў Беларусі з двух варыянтаў: прыцягваць да адказнасьці ці выціскаць у Расею, - выберуць той другі.

Афіцыйны Менск занепакоіўся фактам удзелу беларусаў ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Кіраўніцтва краіны выдала загад правесьці зачыстку дадзеных асоб у Беларусі. Пакуль паведамляецца пра 24 асобы, у дачыненьні да якіх праваахоўныя службы пачалі праверку.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт