Logo Polskiego Radia
Print

Канстытуцыйны крызыс патрабуе кампрамісу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.03.2016 14:02
  • TK.mp3
Калі палітыкам розных сіл не ўдасца дамовіцца, Польшчу чакае паглыбленьне ізаляцыі на міжнароднай арэне.
Photo: Lukas Plewnia/flickr.com/Commercial use allowed

Польшчы не ўдаецца выйсьці з канстытуцыйнага крызысу. Вэнэцыянская камісія адназначна заявіла, што падчас зьмены закону аб Канстытуцыйным судзе была парушана польская Канстытуцыя. Вэрдыкт падліў алею ў агонь палітычнай спрэчкі паміж кіруючымі палітыкамі партыі «Права і справядлівасьць» і групоўкамі апазыцыі. Калі палітыкам розных сіл не ўдасца дамовіцца, Польшчу чакае паглыбленьне ізаляцыі на міжнароднай арэне. А часу на пошук кампрамісу зусім няшмат.

Прававы тупік, зьвязаны з дзейнасьцю Канстытуцыйнага суду, працягваецца ў Польшчы ўжо некалькі месяцаў. Апошнім часам канфлікт абвастраецца. На мінулым тыдні сам суд праняў вэрдыкт, што ўнясеньне паправак і дапаўненьняў у Закон аб Канстытуцыйным судзе парушыла канстытуцыйныя прынцыпы.

Меркаваньнем судзьдзяў, зьмены, уведзеныя партыяй «Права і справядлівасьць», адбіраюць у судзьдзяў магчымасьць аб’ектыўнай і эфэктыўнай працы. Яны заявілі, што спрэчнымі з Асноўным Законам зьяўляецца тое, што справы павінны разглядацца па меры іх паступленьня, і падаўжэньне тэрмінаў на разгляд спраў. Таксама судзьдзі вырашылі, між іншым, што парушаюць Асноўны Закон правілы, якія датычаць патрабаваньня прымаць вэрдыкт большасьцю 2/3 галасоў і мінімальнага складу 13-ці судзьдзяў.

Палітыкі ўрадавай партыі заяўляюць, што гэта судзьдзі парушаюць законы, не прызнаючы новаўвядзеньняў. У сваю чаргу большасьць апазыцыі, многія юрысты і няўрадавыя ўстановы кажуць, што дэмакратыя знаходзіцца пад пагрозай. Падобнага крызысу ў Польшчы яшчэ не было. Справай занялася Вэнэцыянская камісія, якая пацьвердзіла, што была парушана Канстытуцыя пры ўвядзеньні зьменаў у законах. На пачатку красавіка вэрдыктам камісіі зоймуцца Рада Эўропы і Эўрапейская камісія. Гэта азначае, што ПіС за некалькі тыдняў павінен знайсьці магчымасьць выйсьці з тупіку.

Віцэ-старшыня Сэйму (ніжэйшая палата парлямэнту) Рышард Тэрлецкі не выключае, што адбудзецца сустрэча з апазыцыяй па пытаньні рашэньня Вэнэцыянскай камісіі. Але пакуль што няма афіцыйнага дакумэнту з камісіі.

Р. Тэрлецкі: Старшыня Сэйму перадасьць яго фракцыям. Старшыня на пэўна перадасьць яго ў бюро парлямэнцкіх аналізаў. На маю думку, старшыня таксама сфармуе групу экспэртаў, якія прааналізуюць гэты дакумэнт. Магчыма, адбудзецца сустрэча з апазыцыяй па гэтым пытаньні. Але пакуль што гэта толькі чуткі ў СМІ. Я чую, як апазыцыя кажа: няма ніякай магчымасьці кампрамісу. На маю думку існуе магчымасьць палітычнага кампрамісу, але не прававога. Канстытуцыя ў нас адна, яе неабходна шанаваць да таго часу, пакуль у яе ня будуць уведзены зьмены.

Канфлікт хутчэй за ўсё прыйдзецца вырашаць прэзыдэнту Анджэю Дудзе. У кулюарах ПіС гаворыцца, што ён атрымае заданьне выпрацаваць кампраміс. Прэс-сакратар галавы дзяржавы адзначае, што Анджэй Дуда гатовы да кампрамісу. Марэк Магероўскі дадае аднак, што прэзыдэнт чакае першага руху ад Сэйму.

М. Магероўскі: Спадар прэзыдэнт гатовы на ўсе магчымыя кампрамісы, прапановы, якія дазволяць вырашыць гэтую спрэчку. Ён, канешне, назірае за тым, што адбываецца вакол Канстытуцыйнага суду. Аднак ён ня раз паўтараў, што цяпер парлямэнт павінен заняцца выйсьцем з тупіковай сытуацыі.

На думку дэпутата Грамадзянскай плятформы Анджэя Галіцкага, Анджэй Дуда павінен узяць на сябе адказнасьць за кампраміс.

А. Галіцкі: Вельмі хутка павінна прайсьці паседжаньне прадстаўнікоў усіх палітычных сіл, прысьвечанае гэтай праблеме – крызысу, зьвязанага з Канстытуцыйным судом. Гэта абавязак прэзыдэнта.

Зразумела, Анджэй Дуда стараецца не паступаць насуперак сваёй партыі «Права і справядлівасьць». Тым ня менш, нехта ў Польшчы павінен узяць на сябе адказнасьць за выпрацаваньне кампрамісу. Калі яго не ўдасца знайсьці, Польшчы пагражае ізаляцыя на міжнароднай арэне. На гэтым тыдні ў краіну прыбывае Вікторыя Нуланд, памочніца дзяржсакратара ЗША, якая намерана праверыць, як ідзе падрыхтоўка да саміту NATO, што плянуецца правесьці ў Варшаве ў ліпені. Немагчыма, каб яна пры нагодзе не спытала, як урад і парлямэнт намераны выйсьці з крызыснай сытуацыі. Нямецкая прэса ўжо прапануе, каб перанесьці саміт NATO ў Рыгу.

Учора прадстаўнікі ПіС казалі, што ў панядзелак старшыня Сэйму прадставіць прапанову кампрамісу. Але яго пошук ня будзе простым. Апазыцыя (Грамадзянская плятформа і партыя «Сучасная») патрабуе, каб прэзыдэнт прыняў прысягу ў трох судзьдзяў, якія былі абраныя яшчэ папярэднім парлямэнтам, што і стала пачаткам спрэчкі. На момант падрыхтоўкі гэтага сюжэта не было зьвестак аб выпрацаваньні кампрамісу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт