Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа пяройдзе на летні час

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.03.2016 15:37
  • летні час.mp3
Цяпер у Эўропе час не мяняюць толькі Ісляндыя й Беларусь.
pixabay.com/CC0

З суботы на нядзелю Эўропа пяройдзе на летні час. Штогод з нагоды зьмены часу аднаўляецца дыскусія на тэму мэтазгоднасьці такога кроку.

Уся Эўропа на летні час пераходзіць у апошнюю нядзелю сакавіка, а на зімовы – у апошнюю нядзелю кастрычніка. Пра гэта гаворыць бестэрміновы закон ЭЗ са студзеня 2001 году: «Пачынаючы з 2002 году пэрыяд летняга часу заканчваецца ў кожнай чальцоўскай краіне ў 1.00 унівэрсальнага часу (GMT) у апошнюю нядзелю кастрычніка».

Зьмены часу, якія адбываюцца два разы ў год, павінны прычыняцца да больш эфэктыўнага выкарыстоўваньня дзённага сьвятла й да ашчаднасьці энэргіі.
Усё ж няма канкрэтных падлікаў і доказаў таго, што зьмена часу прыносіць карысьць, калі гаворка ідзе пра эфэктыўнасьць працы й эфэктыўнасьць эканомікі. Аналітык маклерскага бюро TMS Барташ Савіцкі падкрэсьлівае, што калісьці менавіта асьвятленьне паглынала найбольшую колькасьць энэргіі.

Б. Савіцкі: Цяпер падлічана, што хатнія гаспадаркі на асьвятленьне выкарыстоўваюць менш, чым 20% электраэнэргіі.

Ці зьмена часу сапраўды азначае ашчаднасьці? Прафэсар Конрад Сьвірскі з Варшаўскай палітэхнікі тлумачыць, што пачаткова зьмены павінны былі прынесьці вымерныя ашчаднасьці. Экспэрт нагадвае, што ў той час найбольшая колькасьць энэргіі выкарыстоўвалася менавіта на асьвятленьне. Зьмена часу ўводзілася заўсёды ў часе ці адразу пасьля энэргетычных крызысаў. Наш суразмоўца прызнае, што сам вельмі скептычна падыходзіць да зьмены часу, але кажа, што меркаваньні самых навукоўцаў падзеленыя.

К. Сьвірскі: Можна знайсьці навуковыя артыкулы, якія даказваюць, што існуюць сапраўды вялікія ашчаднасьці, а ёсьць такія асобы, якія пераконваюць, што такіх ашчаднасьцяў увогуле няма.

Цяпер у Эўропе час не мяняюць толькі Ісляндыя й Беларусь. Калі казаць пра сьвет, то ў ЗША, Канадзе й Мэксыцы зімовы й летні час выкарыстоўваюцца, акрамя пэўных рэгіёнаў. У сваю чаргу ў Паўднёвай Амэрыцы гадзіньнікі пераводзяцца ў некаторых рэгіёнах Брызыліі, Парагваі і Ўругваі. У большасьці азіяцкіх краін, у гэтым Японіі, Індыі й Кітаі, летні час не выкарыстоўваецца.

Першымі час пачалі мяняць немцы падчас І Сусьветнай вайны ў 1916 годзе. Пасьля гэтую практыку перанялі ангельцы.

19 сакавіка 1918 году Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі вызначыў падзел на часавыя паясы і ўвёў на час вайны абавязак выкарыстоўваньня летняга часу для ашчаднасьці паліва ў вытворчасьці электраэнэргіі.

У Польшчы зьмена часу была ўведзена ў міжваенны пэрыяд, пасьля ў 1946-1949 і 1957-1964 гадах. Цяпер час мяняецца няспынна з 1977 году.

У Беларусі вясной і восеньню стрэлкі гадзіньнікаў пераводзіліся на працягу 19 гадоў – з 1992 па 2011 год. У 2011-м Расея перайшла на адзіны час, і Беларусь рушыла ўсьлед за яе прыкладам. 27 сакавіка 2011 года Беларусь апошні раз перайшла на летні час.

Аднак 1 ліпеня 2014 года Дзярждума РФ прыняла рашэньне вярнуць у краіну зімовы час. Беларусь у сваю чаргу адмовілася ад пераводу стрэлак гадзіньніка.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт