Logo Polskiego Radia
Print

Рост напружаньня ў паветранай прасторы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.04.2016 15:10
За апошнія дні расейцы парушылі таксама паветраную прастору Польшчы.
foto:pixabay.com

Пасьля сэрыі сымуляваных атакаў расейскіх зьнішчальнікаў на амэрыканскую падводную лодку на Балтыйскім моры, цяпер расейскі СУ-27 перахапіў у гэтым рэгіёне амэрыканскі самалёт. Паводле інфармацыі выданьня «Gazeta Polska Codziennie» за апошнія дні расейцы парушылі таксама паветраную прастору Польшчы.

У апошнія выходныя амэрыканцы паведамілі, што ў чацьвер расейцы перахапілі разьведвальны амэрыканскі самалёт Boeing RC-135. Эўрапейскае камандаваньне ЗША пацьвердзіла, што амэрыканскае войска праводзіла звычайныя палёты над Балтыйскім морам. Самалёт ні на момант не парушыў паветранай прасторы Расеі. Самалёт Боэінґ РЦ-135 ляцеў 130 кілямэтраў ад мяжы з Калінінградзкай акругай. Аднак расейцы накіравалі зьнішчальнік СУ-27. Пэнтагон назваў гэтую сытуацыю небясьпечнай і непрафэсійнай. Расейскі бок заявіў, што іх самалёт дзейнічаў паводле міжнароднага права.

Расейская армія праводзяць праверку на трываласьць таксама й над польскай тэрыторыяй. На мінулым тыдні тры расейскія верталёты парушылі польскую паветраную прастору. Прайшлі над мяжой Калінінградзкай вобласьці й Вармінска-Мазурскага ваяводзтва і ўварваліся на некалькі кілямэтраў углыб Польшчы.

Пра здарэньне расказаў газэце лясьнік. – Я якраз быў у лесе й над маёй галавой праляцелі тры верталёты. Яны ляцелі настолькі нізка, што выразна было відаць іх апазнавальныя знакі. Верталёты хутка вярнуліся за мяжу. Лясьнік дадаў, што хутка на трасе палёту расейскіх верталётаў зьявіліся машыны польскай памежнай варты.

«Gazeta Polska Codziennie»

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт