Logo Polskiego Radia
Print

Жоўты нарцыс – сымбаль памяці аб героях Варшаўскага гета (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.04.2016 16:39
  • жоўты нарцыс.mp3
Палякі адзначаюць 73-ю гадавіну пачатку паўстаньня ў Варшаўскім гета.
Photo:PAP/Rafał Guz

19 красавіка 1943 году ў Варшаўскім гета пачалося паўстаньне, то бок узброены супраціў габрэяў супраць гітлераўскіх плянаў канчатковай ліквідацыі немцамі гета.

У памяць аб гэтай трагічнай падзей, якая адбылася 73 гады таму, сёньня з самой раніцы на вуліцах Варшавы валянтэры раздаюць мінакам жоўтыя нарцысы.

Жоўты нарцыс – гэта сымбаль Паўстаньня ў Варшаўскім гета й доказ таго, што мы памятаем пра герояў тагачасных крывавых падзей.

Акцыя „Нарцыс” праходзіць ужо чацьвёрты раз. Сёлета валянтэры раздадуць мінакам каля 60 тысяч папяровых кветак, кажа Караліна Саковіч (пол. Karolina Sakowicz) кіраўнік аддзелу грамадзкіх праграм Музэя гісторыі польскіх габрэяў Polin.

Караліна Саковіч: Гэтая акцыя пашыраецца, мы бачым, як ахвотна ў яе ўключаюцца жыхары Варшавы. Тым часам да нас зьвяртаюцца таксама ўстановы зь іншых гарадоў і замежжа, якія жадаюць да яе далучыцца.

Адкуль узялася ідэя акцыі „Нарцыс”?

Караліна Саковіч: Калі мы шукалі нейкую ідэю на сымбаль паўстаньня ў Варшаўскім гета, то мы падумалі пра жоўтыя нарцысы. Гэткія кветкі да помніка Героям гета кожны год прыносіў Марэк Эдэльман (рэд. - адзін зь камандзіраў паўстаньня ў Варшаўскім гета). З цягам часу гэтую традыцыю сталі працягваць таксама некаторыя варшавяне. Дарэчы, гэтую гісторыю ў сваёй кнізе апісала Ганна Краль. Паводле яе, Марэк Эдэльман штогод атрымліваў ад ананімнай асобы букет жоўтых кветак, які ён неадкладна заносіў да помніка Героям гета. І, вось мы падумалі, што можа ў Варшаве ўдасца ўвесьці такую бачную традыцыю памяці пра паўстаньне ў форме менавіта жоўтага, папяровага нарцыса.

/

Ці Вы прадугледжвалі тады, што гэтая жоўтая кветка стане сапраўдным сымбалем паўстаньня ў Варшаўскім гета?

Караліна Саковіч: Мы гэтага не прадугледжвалі, але сапраўды такім чынам адбылося. Акцыя пашыраецца, уключаецца ў яе ўсё больш чалавек, расьце колькасьць валянтэраў, далучаюцца таксама СМІ. Такім чынам акцыю, якую мы запачаткавалі, працягваюць прыватныя асобы, установы, журналісты. Мы ўсім ім за гэта ўдзячныя.

Кветкі з раніцы на вуліцах Варшавы раздае больш за тысячу валянтэраў. Але, калі некаму не пашанцуе, папяровую кветку можа зрабіць самому.

Караліна Саковіч: Тыя асобы, якія не сустрэнуць валянтэраў, або якія жывуць па-за Варшавай, могуць сабе зрабіць кветку самі. Узор нарцыса можна знайсьці на старонцы Музэя гісторыі польскіх габрэяў Polin.

Хто можа стаць валянтэрам у рамках акцыі?

Караліна Саковіч: Сярод валянтэраў ёсьць пажылыя людзі, студэнты, дарослыя асобы. Склад гэтай групы вельмі разнародны й гэта нас вельмі цешыць. Агулам валянттэрам можа стаць кожны, каму споўнілася 14 гадоў. Сам працэс падрыхтоўкі валянтэраў працягваецца некалькі месяцаў. Перш за ўсё, яны даведваюцца пра гісторыю Паўстаньня ў Варшаўскім гета, каб апрача таго, што яны дораць кветку, таксама маглі адказаць па асноўныя пытаньні, датычныя паўстаньня. У рамках гэтай падрыхтоўкі яны сустракаюцца са сьведкамі гісторыі. Сёлета, гэта была спадарыня Крыстына Будніцка, якая выжыла ў гета. Думаю, што гэтая сустрэча таксама дапамагла валянтэрам зразумець сэнс акцыі, у якой яны ўдзельнічаюць.

/

Акцыя раздачы жоўтых нарцысаў - гэта не адзінае мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны паўстаньня ў Варшаўскім гета?

Караліна Саковіч: У рамках адзначэньня гадавіны паўстаньня ў гета ў Музэі гісторыі польскіх габрэяў Polin адбываецца, напрыклад, даклад на тэму габрэйскай памяці генацыду прафэсара Натана Шнайдэра. Як штогод Грамадзка-культурнае таварыства габрэяў у Польшчы арганізоўвае ўрачыстасьці ля Помніка героям гета. Музэй гісторыі польскіх габрэяў падрыхтаваў таксама кінапаказ пра гісторыю паўстаньня. У фільме зьмешчаныя як аповеды сьведкаў тагачасных падзеяў, так і анімацыі, якія дазваляюць уявіць сабе, як выглядала гета й барацьба ў ім.

Нагадаем, паўстаньне ў Варшаўскім гета пачалося 19 красавіка 1943 году й працягвалася да паловы траўня. У паўстаньні загінула 6-7 тысяч габрэяў, амаль столькі ж было забіта гітлераўцамі пасьля заканчэньня паўстаньня й прыблізна столькі ж было дэпартавана ў гітлераўскі канцлягер у мясцовасьці Трэблінка. Каля 36 тысяч габрэяў было вывезена ў канцлягеры ў Аўшвіц і ў Майданэк.

/

Прэм’ер Бэата Шыдла з жоўтым нарцысам.

З Каралінай Саковіч з Музэю гісторыі польскіх габрэяў Polin размаўляла Мая Ключыньска з PR24/аз

Photo:Photo: PAP/Rafał Guz, Photo:PAP/Leszek Szymański

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт