Logo Polskiego Radia
Print

Вярхоўны суд выступіў у абарону Канстытуцыйнага суда

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.04.2016 15:27
  • Вярхоўны суд выступіў у абарону Канстытуцыйнага суда.mp3
У Польшчы працягваецца вострая палітычная спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда.
Photo: Lukas Plewnia/flickr.com/Commercial use allowed

Агульны сход судзьдзяў Вярхоўнага суда заявіў, што нават неапублікаваныя рашэньні Канстытуцыйнага суда маюць юрыдычную моц. Гэта можа абараніць Польшчу ад юрыдычнага хаосу, бо пакажа польскім судам напрамак працы. Аднак на практыцы рашэньне Вярхоўнага суда абвастрыла палітычную сварку вакол Канстытуцыйнага суда й заадно вакол Польшчы на эўрапейскай сцэне.

Нагадаем, што Эўрапейская камісія й Эўрапарлямэнт разглядаюць пытаньне наконт таго, ці Польшча застаецца прававой краінай на фоне мітусьні вакол Канстытуцыйнага суда (КС). Палітычныя сілы спрачаюцца з-за законнасьці выбару некаторых судзьдзяў і з-за непрызнаньня ўрадам рашэньняў КС.

Вярхоўны суд прыняў рашэньне выконваць неапублікаваныя рашэньні КС. Нагадаем, у Польшчы публікацыя рашэньня Канстытуцыйнага суда (за якую адказвае ўрад) азначае ўступленьне пастановы ў сілу. Некаторыя рашэньні КС урад не публікуе, з-за чаго ўзьнікае патавая сытуацыя.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда прафэсар Дар'юш Сьвецкі (Dariusz Świecki) зазначыў, што рашэньне КС абавязвае польскую судовую сыстэму выканаць гэтую пастанову, нават калі яна не апублікаваная.

Д.Сьвецкі: Адна з задач Вярхоўнага суда – гэта вызначэньне адзінага напрамку працы грамадзянскіх і ваенных судоў. Судзьдзі Вярхоўнага суду патлумачылі, што рашэньне КС абавязковае, незалежна ад таго, апублікаванае яно, ці не.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда прафэсар Дар'юш Сьвецкі патлумачыў, што кожнае агалошанае рашэньне КС зьяўляецца законным. І суды абавязаны прытрымлівацца гэтага рашэньня.

Тым часам канцылярыя прэм’ер-міністра не публікуе рашэньняў Канстытуцыйнага суду, таму што, паводле Бэаты Шыдла, яны незаконныя.

У аўторак вечарам у эфіры інфармацыйнага тэлебачаньня TVP Info кіраўнік польскага ўраду заявіла, што яна вельмі зьдзіўлена тым, што Вярхоўны суд дазволіў уцягнуць сябе ў палітычную спрэчку.

Б.Шыдля: Я лічу, што судзьдзі не павінны ангажавацца ў палітычную барацьбу. Публікаваць можна тыя рашэньні, якія прымаюцца ў адпаведнасьці зь дзейснымі законамі. Калі рашэньні КС не прымаюцца ў адпаведнасьці з законамі, іх немагчыма публікаваць.

Паводле выданьня «Gazeta Wyborcza», старшыня кіруючай партыі «Права й справядлівасьць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі забараніў прэм’еру (пад пагрозай прыцягненьня да адказнасьці перад Дзяржаўным судом) публікаваць рашэньне КС ад 9 сакавіка гэтага года, у якім гаворыцца, што больш за дзесяць артыкулаў гэтак званага «напраўчага» закону аб дзейнасьці КС аўтарства ПіС пярэчыць Канстытуцыі.

«Права й справядлівасьць» у адказ на ўчорашняе рашэньне Вярхоўнага суду заявіла, што хутка адбудзецца перагляд закону аб Канстытуцыйным судзе.

Прэс-сакратар фракцыі «ПіС» Бэата Мазурэк назвала судзьдзяў «камандай браткоў, якія адстойваюць статус-кво папярэдняй улады». Яна падкрэсьліла, што «ПіС» не пагодзіцца на шырэньне анархіі й ўнясе ў парлямэнт папраўкі ў Закон аб Канстытуцыйным судзе.

Б.Мазурэк: Гэтае рашэньне Вярхоўнага суда стварае новую сытуацыю. Мы пастараемся як мага хутчэй падрыхтаваць законапраект. Я ня ведаю, ці гэта адбудзецца праз месяц ці пра з два тыдні. Мы ня кажам, што КС ня мае права ацэньваць, ці адпавядае нейкі закон Канстытуцыі, але мы патрабуем гэта рабіць у адпаведнасьці з законам, прынятым парлямэнцкай большасьцю. Аднак судзьдзі КС гэтага не прытрымліваюцца.

Паводле меркаваньня Бэаты Мазурэк анархію ў Польшчы інсьпіруе апазыцыя, а прадстаўнікі папярэдніх улад іх падтрымліваюць. Мэтай такіх дзеяньняў, паводле Мазурэк, зьяўляецца параліч улады «ПіС».

Дэпутаты партыі «Nowoczesna» («Сучасная») выказалі абурэньне словамі прэс-сакратара фракцыі «ПіС», якімі яна акрэсьліла судзьдзяў Вярхоўнага суда: «браткі, якія адстойваюць статус-кво папярэдняй улады». Яана Шойрынг-Вельгус (Joanna Scheuring-Wielgus) заявіла, што яна не пагаджаецца, каб у дачыненьні да судзьдзяў Вярхоўнага суда выкарыстоўвалі абразьлівыя словы.

Я.Шойрынг–Вельгус: Мы напэўна зьвернемся па гэтаму пытаньню ў Камісію па этыцы Сэйму. Адначасова мы хочам нагадаць спадарыні прэс-сакратар «ПіС» 178-ы артыкул Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «судзьдзі, якія выконваюць свае абвязкі, зьяўляюцца самастойнымі й падлягаюць выключна Канстытуцыі ды законам». Шаноўная прэс-сакратар, там нідзе не напісана, што гэта «браткі».

Рашэньне Вярхоўнага суда - гэта добрая навіна для грамадзян, – лічыць прадстаўнік апазыцыйнай «Грамадзянская плятформы» Барыс Будка.

Б.Будка: Гэта пазытыўны момант для польскай судовай сыстэмы, і я рады, што Агульны сход судзьдзяў Вярхоўнага суда заняў месца ў шэрагу зь іншымі інстытутамі, якія выразна падкрэсьліваюць: тое, што робіць «Права й справядлівасьць», тое што робіць гэты ўрад, застаецца ў супярэчнасьці з Канстытуцыяй. На парушэньне Канстытуцыі ў Польшчы згоды ня будзе.

Нагадаем, у аўторак 26 красавіка Вярхоўны суд Польшчы прыняў пастанову аб тым, што рашэньні Канстытуцыйнага суда, у тым ліку й неапублікаваныя, павінны выконвацца ніжэйшымі судовымі інстанцыямі.

Падобныя рэзалюцыі прынялі таксама гарадзкія рады некаторых польскіх гарадоў, ныпрклад, Лодзі, Варшавы й Познані.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт