Logo Polskiego Radia
Print

Чырвона-белая турэмная эміграцыя

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.04.2016 14:53
Злачынстваў, зьдзейсьненых палякамі за мяжой, з кожным годам прыбывае.
Michael Coghlan/.com

Палякі за мяжой усё часьцей атаесамліваюцца з парушэньнем законаў. І хоць звычайна яны ўступаюць у супярэчнасьць з законамі іншых краін у выніку дробных крадзяжоў, вымагальніцтва, незаконнай працы, парушэньняў правілаў дарожнага руху, то злачынстваў, зьдзяйсьненых палякамі за мяжой, з кожным годам прыбывае, паведамляе тыднёвік „Przegląd”.

Найбольш непакояць дадзеныя ў краінах, дзе польскіх эмігрантаў найбольш, напрыклад, у Вялікабрытаніі. Паводле розных крыніцаў, там пражывае ад 700 тысяч да 2 мільёнаў польскіх імігрантаў. Паводле дадзеных брытанскай паліцыі, у 2015 годзе ў гэтай краіне былі асуджаныя амаль 10,5 тысяч палякаў.

Тое ж самае адбываецца ў Нарвэгіі. У гэтай краіне пражывае амаль 100 тысяч грамадзянаў Польшчы. На жаль, гэта адлюстроўваецца таксама ў крымінальнай статыстыцы. У нарвэскіх турмах знаходзіцца больш за 120 палякаў. Сярод вязьняў-замежнікаў больш толькі летувісаў.

Варта аднак нагадаць, што ў Нарвэгіі палякаў караюць у асноўным за злачынствы супраць уласнасьці й парушэньне правілаў дарожнага руху. Грамадзянаў Польшчы сярод забойцаў і асабліва небясьпечных злачынцаў амаль няма.

Інакш сытуацыя выглядае ў Францыі ці Нідэрляндах, дзе ў апошнія гады сярод асабліва жорсткіх злачынцаў былі таксама палякі.

Усё больш палякаў, галоўным чынам за махлярства й вымагальніцтва, апынаецца таксама за кратамі ў Італіі й Гішпаніі. Аднак у гэтых краінах яны не складаюць значнай долі ад усіх прысуджаных іншаземцаў, паведамляе тыднёвік „Przegląd”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт