Logo Polskiego Radia
Print

У беларускай літаратуры - жаночае аблічча

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 05.05.2016 14:14
Літаратурны праект Books from Belarus прадставіць на VII Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве творчасьць шасьці беларускіх аўтарак.
Надзея Кандрусевіч-ШыдлоўскаяНадзея Кандрусевіч-Шыдлоўскаяwww.lit-bel.org

Гэта адна з найбуйнейшых кніжных імпрэз у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Кірмаш адбываецца ўжо сёмы раз. Традыцыйна ў ім прымуць удзел і беларусы.

Другі раз з кніжнымі навінкі й аўтарамі зь Беларусі можна будзе пазнаёміцца на стэндзе Books from Belarus. Гэта некамэрцыйны праект, які прадстаўляе незалежныя беларускія выдавецтвы. Ён дзейнічае ўжо чацьвёрты год. Папярэднія гады стэнд Books from Belarus працаваў на кірмашах у Ляйпцыгу й Франкфурце.

- Сёлета на кірмашы будуць прадстаўлены кнігі выдавецтваў “Галіяфы”, “Логвінаў”, “Кнігазбор”, “Архэ”, “Янушкевіч”, - распавядае каардынатарка Books from Belarus на Варшаўскім кніжным кірмашы Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.

Сёлета беларускі бок зьмяніў канцэпцыю свайго ўдзелу ў кірмашы. Акрамя таго, што на стэндзе пакажуць выдадзеныя ў Беларусі кнігі, Books from Belarus пазнаёміць наведнікаў кірмаша з шасьцю беларускімі аўтаркамі й шасьцю іх кнігамі.

/

- Карыстаючыся нагодай, што беларуска атрымала літаратурную Нобэлеўскую прэмію, мы хочам паказаць жаночае аблічча беларускай літаратуры. Мы хочам пазнаёміць наведнікаў варшаўскага кірмаша зь беларускімі аўтаракамі, зь іх кнігамі і праектамі. У нас будуць прадстаўлены творы Сьвятланы Алексіевіч, Валянціны Аксак, Алены Брава, Насты Кудасавай, Марыі Роўды й Тацьцяны Скарынкінай. Зь некаторымі зь іх пройдуць аўтарскія сустрэчы - кажа Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская..

У гэтым годзе стэнд Books from Belarus будзе мець супольную сцэну са швэдзкім праектам “Litteraturresan” прадусарам каторага зьяўляецца Марыя Содэрбэрг. На беларуска-швэдзкай сцэне праграма заплянаваная на ўсе 4 дні кірмаша, пачынаючы з 19 траўня. Кожны дзень ад 10 раніцы там будуць адбывацца імпрэзы.

Гасьцьмі будуць журналісты, пісьменьнікі, перакладчыкі са Швэцыі, Польшчы й Беларусі. Адбудзецца й некалькі падзей не зьвязаных наўпрост з кнігамі. Глеб Лабадзенка прадставіць папулярныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова”, а музычнай разынкай праграмы стане выступ Зьмітра Вайцюшкевіча.

ДГ

Падрабязная праграма стэнда Books from Belarus будзе апублікаваная неўзабаве.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт