Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейская камісія прадставіла сваю пазыцыю Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.06.2016 12:12
  • opinia.mp3
Камісія крытычна ацэньвае сытуацыю, але разьлічвае працягваць дыялёг, датычны вырашэньня канфлікту, зьвязанага з КС.
Сядзіба Эўрапейскай камісііСядзіба Эўрапейскай камісііBILD: flickr.com/Álvaro Millán

Эўрапейская Камісія зьвяртае ўвагу Польшчы, што няма прагрэсу ў вырашэньні канфлікту, зьвязанага з Канстытуцыйным судом. Учора камісія прыняла дакумэнт, у якім крытычна ацэньвае сытуацыю, але заяўляе таксама, што разьлічвае працягваць дыялёг з Варшавай і што канфлікт удасца неўзабаве вырашыць.

Эўрапейская камісія ўручыла польскаму ўраду сваё афіцыйнае меркаваньне. Гэта чарговы крок па гэтак званай працэдуры ацэнкі абароны прававой дзяржавы і вяршэнства закона, якую Эўракамісія ўзбудзіла ў студзені гэтага году. Невядома, ці камісія пяройдзе да чарговага этапу, і калі гэта можа здарыцца.

Віцэ-старшыня Эўрапейскай камісіі Франс Цімэрманс адзначыў, што нягледзячы на шматлікія захады, не ўдалося вырашыць канстытуцыйны тупік у Польшчы.

Ф. Цімэрманс: Дагэтуль не ўдалося знайсьці вырашэньне галоўных праблем. Камісія не намерана ўмешвацца ў палітычныя спрэчкі ў Польшчы. Наша задача – забясьпечыць вяршэнства закона, згодна з нашымі абавязкамі, якія ўтрымліваць трактаты ЭЗ. Мы хочам заахвоціць Польшчу як мага хутчэй знайсьці кампраміс, каб ужо не было пагрозы, што прынцып вяршэнства закона перастане дзейнічаць.

Цімэрманс згадаў пра тры праблемы: склад Канстытуцыйнага суду, абнародаваньне яго вэрдыктаў і права, якое датычаць рэфармаваньня суду. Камісія спадзяецца, што цяпер польскі ўрад адкажа нейкім чынам на закіды. Калі адказу з Варшавы ня будзе, або ён ня будзе задавальняючым для Эўракамісіі, Брусэль намераны пачаць другі этап працэдуры і даць палякам канкрэтныя рэкамэндацыі. Калі і гэта будзе праігнараванае, супраць Польшчы могуць быць уведзеныя санкцыі, але дзеля гэтага патрэбная згода ўсіх краін-сябраў супольнасьці. Вялікабрытанія і Вугоршчына хутчэй за ўсё выступяць супраць санкцый.

Польскі ўрад павінен азнаёміцца з рашэньнем Эўракамісіі, пасьля чаго яно будзе перададзена ў Сэйм, дзе будзе падрыхтаванае заключэньне, і да дэпутатаў, якія працуюць над новым законам аб дзейнасьці Канстытуцыйнага суду. На думку міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага, гэта толькі прапанова, а не загад. Міністар дадаў, што само рашэньне Эўракамісіі ня можа прымусіць польскі ўрад прыняць такія, а не іншыя рашэньні. Акрамя таго, самой працэдуры абароны вяршэнства закона няма ў трактатах ЭЗ.

В. Вашчыкоўскі: Гэта ўнутраныя прававыя акты камісіі. Нам не абавязкова іх прытрымлівацца. Нельга назваць гэта працэдурай пакараньня Польшчы, гэта толькі ўнутраная працэдура Эўракамісіі. Мы ставімся да гэтага дакумэнту, які мы атрымалі, толькі як да рэкамэндацыі. Я ўжо перадаў яго прэм’ер-міністра і прэзыдэнту. І мяркую, што яны перададуць яго дэпутатам парлямэнту.

Цяпер хутчэй за ўсё адказнасьць за вырашэньне канфлікту будзе ўскладзена на Сэйм. Калі дэпутатам розных партый не ўдасца дамовіцца, то апошняй інстанцыяй застаецца прэзыдэнт Анджэй Дуда. Магчыма, удалося б выпрацаваць кампраміс на сустрэчы прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў з прэзыдэнтам на чале. Пакуль што Анджэй Дуда разьлічвае, што дэпутатам удасца знайсьці кампраміс. На ягоную думку, канфлікт неабходна завершыць там, дзе ён нарадзіўся – у парлямэнце.

А што думаюць прадстаўнікі апазыцыі пра дакумэнт Эўрапейскай камісіі? Дэпутат партыі «Кукіз’15» Анджэй Мацееўскі мяркуе, што такім чынам Эўракамісія стала адным з бакоў канфлікту. На ягоную думку, камісія павінна займацца іншымі, больш сур’ёзнымі праблемамі.

А. Мацееўскі: Эўрапейская камісія займаецца праблемай друга- або і трэцяраднай. Яна павінна займацца зусім іншымі пытаньнямі. Па-першае, краіны Эўропы разыходзяцца, гэта вялізная праблема. І, па-другое, праблема імігрантаў. Гэта дзьве асноўныя тэмы, якія павінны цікавіць Эўрапейскую камісію. А справу Канстытуцыйнага суду неабходна вырашаць у Польшчу. У польскай канстытуцыі няма палажэньняў, якія сьведчаць аб тым, што Эўракамісія зьяўляецца органам улады ў Польшчы. Эўрапейская камісія стала адным з бакоў спрэчкі, і такім чынам страціла ўвесь аўтарытэт у вачах палякаў.

Кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» разьлічвае, што новы закон, праект якога прапануе некалькі парлямэнцкіх груповак, супакоіць Эўрапейскую камісію. Справа ў тым, што, па словах Цімэрманса, найбольш непакоіць экспэртаў Эўразьвязу небясьпека паяўленьня канфлікту двух паралельных прававых сыстэм у Польшчы. Такая сытуацыя была б небясьпечнай ня толькі для польскіх грамадзян, але таксама для грамадзян іншых краін ЭЗ, якія знаходзяцца ў Польшчы, або эўрапейскіх прадпрыемстваў.

Нагадаем, што спрэчка за Канстытуцыйны суд пачалася з выбару некалькіх судзьдзяў яшчэ папярэдняй уладай, якіх цяпер адмаўляецца прывесьці да прысягі прэзыдэнт.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт