Logo Polskiego Radia
Print

Рамашэўска-Гузы: Валынь – польскі шкілет у шафе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.06.2016 15:01
Польская інтэлігенцыя занядбала памяць аб Валынскім злачынстве, лічыць кіраўнічка тэлеканалу „Белсат”.
Валынскае злачынства. Photo: Władysława Siemaszków, Ludobójstwo, page 1294, from Henryk Słowiński collection/wikipedia.org/Domena publicznaВалынскае злачынства. Photo: Władysława Siemaszków, Ludobójstwo, page 1294, from Henryk Słowiński collection/wikipedia.org/Domena publicznaPhoto: Władysława Siemaszków, Ludobójstwo, page 1294, from Henryk Słowiński collection/wikipedia.org/Domena publiczna

„Геапалітычныя інтарэсы Польшчы патрабуюць станоўчых адносінаў з Украінай. Аднак нельга забываць пра мэтанакіраванае злачынства, зьдзейсьненае па ідэалягічных прычынах (…) Адначасова падзеі, якія адбыліся 80 гадоў таму, не павінны вызначаць сучасных стасункаў паміж Польшчай і Украінай. Таму я лічу, што Сэйм павінен прыняць заяву ў памяць аб тагачасных падзеях, падкрэсьліць, што гэта быў генацыд, і на гэтым канец”, - такім чынам кіраўнічка тэлебачаньня „Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы (Agnieszka Romaszewska-Guz) камэнтуе ў тыднёвіку „Wprost” чарговую гадавіну забойства палякаў на Валыні, дадаючы, што палякі не павінны рабіць уражаньня, што іх найбольш сур’ёзным праціўнікам на Ўсходзе Эўропы былі ўкраінцы. „Гэта была б фундамэнтальная, палітычная й гістарычная памылка”, - перасьцерагае журналістка.

Паводле яе, памяць аб Валынскім злачынстве занядбаная, як у публічнай, так палітычнай і прыватнай сфэрах. „Успамін пра тагачасныя падзеі застаўся толькі ў сем’ях, але не інтэлігенцкіх, а сялянскіх, паколькі ахвярамі на Валыні найчасьцей былі простыя людзі (…). Пасьля 1989 году, то бок падчас адбудовы нашых адносінаў з Украінай, таксама пра гэта не ўзгадвалася. Гэта быў наш шкілет у шафе”, - кажа Рамашэўска-Гузы.

„Незалежная дзяржава павінна мець герояў, на якіх будзе спасылацца. УПА была адной з сілаў, якія пасьлядоўна змагаліся з саветамі й балюча за гэта заплаціла (…). Аднак цяпер, калі аказваецца, што ня ўсе ейныя героі былі выключна героямі, паколькі таксама зьдзяйсьнялі жахлівыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва, то частка ўкраінцаў ня хоча прыняць гэтага даведама – гэта другі аспэкт справы. Трэці – гэта расейскае цкаваньне (…). Расея заўсёды прымяняла прынцып „падзяляй і ўладар”. Ёй не падабаецца, што дзьве найбуйнейшыя краіны ва Ўсходняй Эўропе, якія разам налічваюць каля 80 мільёнаў жыхароў, спрабуюць паразумецца – таму яна хоча нас пасварыць”, - падсумоўвае кіраўнічка тэлебачаньня „Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы ў размове з тыднёвікам „Wprost”.

Валынскае злачынства - гэта масавае забойства польскага насельніцтва, зьдзейсьненае ўкраінскімі нацыяналістамі ў гады 1943-1945. Гэтыя дзеяньні былі заплянаваныя й праведзеныя Ўкраінскай паўстанцкай арміяй (УПА). Кульмінацыйны момант злачынства адбыўся 11 ліпеня 1943 г., калі жаўнеры ЎПА адначасова напалі на амаль сотню польскіх мясцовасьцяў на Валыні і Ўсходняй Галіцыі. Валынская разьня была адным з самых жорсткіх і крывавых забойстваў, зьдзейсьненых украінскімі нацыяналістамі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт