Logo Polskiego Radia
Print

“Паміж палякамі й беларусамі няма непрыязьні, і ў гэтым вялікая заслуга Смулковай”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 30.06.2016 13:24
Валер Каліноўскі прэзэнтаваў у Варшаве сваю кнігу пра першага пасла Польшчы ў Менску Эльжбету Смулкову.

У Варшаве адзначылі юбілей польскай беларусісткі й першага пасла Польшчы ў Менску Эльжбеты Смулковай. Урачыстасьць адбылася ў Палацы Тышкевічаў-Патоцкіх Варшаўскага ўнівэрсытэта. У ёй прынялі ўдзел навукоўцы, дзеячы культуры, чыноўнікі й духоўныя асобы. Адным з пунктаў юбілейнай праграмы стала прэзэнтацыя кнігі «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».

Дзьмітры Гурневіч паразмаўляў зь яе аўтарам, журналістам Радыё Свабода Валерам Каліноўскім.

Пані Эльжбета Смулкова вядомая ў Польшчы й Беларусі як славістка, беларусістка, дыплямат. Вы, пішучы кнігу, размаўлялі зь ёю дзясяткі гадзін. Кім яна найперш зьяўляецца для Вас?

В. Каліноўскі: Я стварыў яе вобраз вельмі шматгранны. Гэта вобраз чалавека 20-га стагодзьдзя, крывавага й нешчасьлівага стагодзьдзя. У пані Эльжбеты быў вельмі складаны лёс. Яе бацьку забіла НКВД, яе самую выслалі ў Сібір, потым яна вярнулася ў камуністычную Польшчу, здолела атрымаць адукацыю й заняцца беларускай мовай і яе дыялектамі, культурным супрацоўніцтвам, а потым і палітычным. Асноўны яе вобраз асабіста для мне – яна вялікі сябра Беларусі. Яна – сябра беларускай навукі, дэмакратыі, саміх беларусаў. У Беларусі ў яе таксама вельмі шмат сяброў. Яна вельмі перажывае за Беларусь, за яе мову, за яе лёс, за лёс дэмакратыі.

Біяграфічныя кнігі – гэта даволі часапаглынальная й дакладная праца. Колькі часу Вы правялі ў размовах з пані Эльжбэтай?

В. Каліноўскі: Былі сустрэчы негрунтоўныя, калі мы сустракаліся, нешта абмяркоўвалі. А самой працы для кнігі было 8 дзён. Гэта больш за 50 гадзінаў размоваў у яе дома ў Варшаве. Потым удакладненьні ў бібліятэцы, і пра яе дзіцячыя гады, і пра яе ссылку, пра яе ўдзел у беларусазнаўстве, і пра дыпляматычны досьвед.

Як так склалася, што народжаная ў Львове полька, якая вырасла ў Торуні на поўначы Польшчы, стала адной з асноўных беларусістак сьвету?

В. Каліноўскі: Гэта зьвязана найперш зь яе настаўніцамі. Адной зь іх была прафэсарка Торуньскага ўнівэрсытэта Галіна Турска, а раней Віленскага ўнівэрсытэта. Яна вывучала беларускія, польскія й летувіскія гаворкі й дасьледавала палянізацыю беларускіх і польскіх гаворак у Віленскім краі. Яна натхніла й скіравала пані Эльжбету ў першую дыялекталягічную экспэдыцыю. Іншай настаўніцай была Антаніна Абрэмбска-Яблоньска, фактычна стваральніца польскага беларусазнаўства. Яна кіравала навуковай працай пані Эльжбеты.

/

З чаго ўсё пачыналася?

В. Каліноўскі: Вельмі шмат пані Эльжбета распавядала пра тое, як яна езьдзіла ў экспэдыцыі й стажыроўкі ў Беларусь. Як яе не пускалі па-за межы Менска, паколькі яна замежніца, і як яна пераапраналася ў плашчы й хусткі беларускія ды ехала пад выглядам звычайных беларускіх навукоўцаў.

Чым яе так зацікавілі беларускія гаворкі?

В. Каліноўскі: Гаворкі сталі тэмай яе жыцьця. Але гаворка – гэта таксама й жыцьцё мовы. Пакуль існуюць гаворкі, датуль ёсьць шанец адраджэньня мовы. Гэта я паўтараю словы пані Эльжбеты. Калі яна ўпершыню пабачыла працэсы, якія адбываюцца зь беларускай мовай, то вырашыла, што трэба хутчэй зафіксаваць тое, што зьнікае ў сувязі з русіфікацыяй і ростам цывілізацыі, бо зьнікаў стары сьвет. Сёньня пані Эльжбета з трывогай глядзіць на стан беларускай мовы, але спадзяецца, што яна не загіне.

Як адбыўся пераход пані Эльжбеты з навукі ў дыпляматыю? Ці тут вырашальнае значэньне мела мова?

В. Каліноўскі: Тут вялікае значэньне мела ня толькі мова, а ўвогуле знаёмства Беларусі. Яна была спэцыялісткай, якая ведала Беларусь ад нізу, як дзейнічаюць нейкія мэханізмы. І культурны ўзаемаабмен, і навуковы. Спачатку пані Эльжбета адмаўлялася ехаць паслом у Менск. Яе ўгаворвалі паўгода, і пераканалі. І вельмі добра, што ім гэта ўдалося.

Побач
Побач з Эльжбетай Смулковай (зьлева) намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марыюш Зюлкоўскі.

Польшча была першай краінай сьвету, якая пасьля 25 жніўня 1991 года прызнала Беларусь. У вашай кнізе ёсьць нават фота пастановы польскага Сэйма. Сёньня часта ў кантэксьце Польшчы ў Беларусі кажуць пра палянізацыю, пра тое, што яны хочуць вярнуць былыя Крэсы. Але дзяржаву яны прызналі першымі.

В. Каліноўскі: Гэта штампы. Для мяне загадка, чаму яны да гэтага часу захоўваюцца. Польшча была самым прыязным суседам Беларусі і 25 гадоў таму, і цяпер застаецца. Усе гэтыя 25 гадоў Польшча спрыяла Беларусі, беларускай дэмакратыі, мове. Польшча рабіла й робіць шмат, ня маючы агрэсіўных намераў адабраць нейкія Крэсы Ўсходнія. Пра гэта пані Эльжбэта казала 25 гадоў таму ў Менску й працягвае гаварыць сёньня.

А што вы самі лічыце галоўным дасягненьнем пані амбасадар падчас яе працы ў Менску?

В. Каліноўскі: Гэта, найперш, двухбаковы трактат аб сяброўстве й прыязных адносінах. Ён дзейнічае да сёньня, і на ім грунтуюцца ўсе астатнія нашы адносіны. Пазьней было яшчэ 40 дамоў зь Беларусьсю, і яна ўдзельнічала ў іх стварэньні як дыплямат, і як філёляг. Выбітнай падзеяй стаў візыт у Беларусь прэзыдэнта Леха Валэнсы. Яна арганізоўвала візыт і суправаджала Валэнсу. Такіх візытаў пасьля 1993 года, на жаль, не было. Хаця я нязгодны з тым, што сёньня адносіны паміж нашымі краінамі кепскія. Адносіны кепскія паміж уладай. А паміж народамі адносіны вельмі добрыя. Я ведаю, што беларусы глядзяць на Польшчу як на дэмакратычны сьвет, як на дынамічную эканоміку. Беларусам падабаецца Польшча, і я ня бачу ніякай непрыязьні паміж народамі. І ў гэтым вялікая заслуга пані Эльжбэты.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт