Logo Polskiego Radia
Print

Саміт NATO: Усходняя Эўропа падзеленая

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.07.2016 15:30
  • Усходняя Эўропа падзеленая.mp3
У Беларусі на надыходзячы саміт NATO ў Варшаве глядзяць з трывогай.
Foto: PAP/Marcin Bielecki

Экспэрты непакояцца пра магчымы рост напружанасьці, гонкі ўзбраеньняў ды ціск з боку Крамля. У самой Расеі стаўленьне да саміта стабільна нэгатыўнае. Затое шмат чаканьняў ад саміта ва Ўкраіне. Тамтэйшыя экспэрты кажуць пра тое, што NATO сёньня - адзіны гарант абароны ад гібрыднай вайны.

У пятніцу ў Варшаве пачнецца саміт Паўночнаатлянтычнага альянсу. Чакаецца, што вынікам гэтай сустрэчы стане ясны ды выразны сыгнал у бок Крамля. Прэса прагназуе, што асноўнае пасланьне Пакта будзе наступным – любы напад на саюзьнікаў з боку Расеі выкліча імгненную рэакцыю войскаў, што стаяць на тэрыторыі дзяржаў Усходняга флянга. Ідзецца пра Польшчу, Эстонію, Летуву ды Латвію. У плянах Альянсу - зацьвердзіць пастаянную прысутнасьць натаўскіх войскаў на тэрыторыі згаданых дзяржаў: батальёнаў хуткага рэагаваньня ды амэрыканскай танкавай брыгады ў Польшчы. Маўляў, гэта робіцца дзеля папярэджаньня ды стрымліваньня патэнцыйнага ворага і паказвае моц хаўрусу.

Як на гэта рэагуюць краіны па той бок натаўскіх межаў? Пра гэта мы запыталіся ў экспэртаў з Беларусі, Расеі ды Ўкраіны.

У Беларусі спэцыялісты адчуваюць трывогу ў зьвязку з плянаванымі рашэньнямі варшаўскага саміта. Гаворыць палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: На мой погляд, гэты саміт прывядзе да росту напружанасьці ў Эўропе. Ён ужо анансаваны як саміт NATO супраць Расеі. Будуць нарошчвацца кантынгенты Альянсу на тэрыторыі краін Балтыкі ды Польшчы. Безумоўна, гэта выкліча крокі ў адказ з боку Расеі ды Беларусі. Таму я стаўлюся да дадзенага саміта з трывогай.

Беларусь хацела ў дадзенай сытуацыі застацца нэўтральнай, але мае абавязкі ў рамках АДКБ. Верагодна, што можа павялічыцца ціск на Беларусь з боку Расеі, непакоіцца экспэрт Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.

Андрэй Паратнікаў: Ёсьць небясьпека таго, што Расея пачне адказваць непрапарцыйна, будзе далей раскручвацца мілітарысцкі ды шавіністычны шал. У тым ліку вырасьце ціск на беларускае кіраўніцтва, каб павялічыць тут расейскую вайсковую прысутнасьць. Фармальна Беларусь зьвязаная саюзьніцкімі адносінамі ў межах АДКБ. Калі Менск не падтрымае Расею, там гэта будзе ўспрынятае як варожыя дзеяньні.

Маскоўскія спэцыялісты лічаць, што Крэмль пакуль новыя патрабаваньні да Менска выстаўляць ня будзе. Беларускія паслугі дорага каштуюць. Рэакцыя на саміт застанецца на ўзроўні рыторыкі ды адсутнасьці крокаў насустрач, кажа расейскі вайсковы аглядальнік Павал Фэльгенгаўэр.

Павал Фэльгенгаўэр: Адносіны з Беларусьсю даволі складаныя. Пакуль няма ніякай неабходнасьці разьмяшчаць там войскі. Верагодна, што зьвязвацца з “бацькам” ня будуць, бо ён запатрабуе аплаты ў адказ. Увогуле рэакцыя з боку Расеі ўжо запраграмаваная: усё кепска, агрэсіўны блёк NATO нагнятае атмасфэру, распальвае вайну. Разам з тым, нічога новага ў адказ ня будзе. Абодва бакі не гатовыя да кампрамісу, ніякага прагрэсу не прадбачыцца.

Затое крокаў насустрач ад NATO чакаюць у Кіеве. Ва Ўкраіне вырасьлі праатлянчычныя настроі, апроч таго, эліты бачаць у збліжэньні з Альянсам гарантыю бясьпекі ад гібрыднай вайны з Масквой. Гаворыць палітоляг Вадзім Карасёў.

Вадзім Карасёў: Ва Ўкраіне ёсьць цікавасьць да саміта. NATO - вельмі важнае для Ўкраіны з пункту гледжаньня гаранта стратэгічнай бясьпекі Ўкраіны ды стрымліваньня Расеі. Асабліва ў кантэксьце гібрыднай вайны з Расейскай Фэдэрацыяй. Украіна – першы магчымы пляцдарм для новай халоднай вайны ды сутыкненьняў паміж Расеяй ды Захадам. Пры гэтым ва Ўкраіне не лічаць, што нэўтралітэт дасьць нам больш гарантый. Гэтага меркаваньня прытрымліваецца большасьць украінцаў.

На днях у Варшаве пачнецца саміт NATO, прысьвечаны пытаньням узмацненьня ўсходняга флянгу арганізацыі. Некаторыя назвалі яго ўжо “антырасейскім”. Прынамсі такое бачаньне пашырана ў Расеі ды Беларусі. Зусім іншую пэрспэктыву бачым ва Ўкраіне. Кіеў спадзяецца актывізаваць супрацу з Альянсам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт