Logo Polskiego Radia
Print

Пачынаецца адзначэньне гадавіны Грунвальдзкай бітвы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.07.2016 16:13
  • Грунвальд.mp3
Бальшыню харугваў Вітаўта Вялікага, які разам з польскім войскам перамог крыжакоў, складалі беларусы.
www.pixabay.com

На Грунвальдзкіх палях пачынаецца цыкл мерапрыемстваў перад суботняй інсцэнізацыяй вялікай бітвы польскіх і літоўскіх войскаў з арміяй Тэўтонскага ордэну, якая адбылася ў 1410 годзе. Пад Грунвальд зьяжджаюцца ўжо рыцары са сваёй зброяй зь некалькіх эўрапейскіх краін.

Імпрэзы пачаліся спаборніцтвам па стральбе з лукаў у рухомую цэль. Гэта пачатак Трэціх спаборніцтваў Польшчы «За сярэбраны меч Грунвальда». У чацьвер рыцары правераць сілу сваіх рук у спаборніцтвах сілачоў, пазьней будзе чэмпіянат Польшчы ў рыцарскіх баях. У ім возьмуць удзел каманды па 16 чалавек.

У сваю чаргу ў пятніцу – генэральная рэпэтыцыя перад суботняй перамогай польска-літоўскіх харугваў над крыжакамі. Тыя гледачы, якія надта эмацыйна падыходзяць да гэтай падзеі, змогуць супакоіць нэрвы, разыгрываючы партыю сярэдневяковых шахмат. Рыцары змогуць таксама пабратацца з наведвальнікамі, граючы разам з імі ў гульню, якая называецца «пэтанк». Цыкл гістарычных імпрэз завершыцца рыцарскім турнірам.

Акрамя рыцараў зь Беларусі, на інсцэнізацыю бітвы зьбіраліся прыехаць беларускія гледачы, аматары супольнай польска-беларускай гісторыі. На жаль, не ўдалося сабраць своечасова дастатковую колькасьць жадаючых, акрамя таго, узьніклі праблемы зь візамі, - распавяла нам арганізатар рэйду Валерыя Чарнаморцава.

Шкада, што ў Беларусі так мала жадаючых акунуцца ў гісторыю, наведаць інсцэнізацыю гістарычнай падзеі, якая вызначыла лёс не аднаго эўрапейскага народа. Нагадаем, што бальшыню войска Вітаўта Вялікага складалі беларусы. У гістарычную традыцыю славянскіх і прыбалтыйскіх народаў бітва пад Грунвальдам увайшла як сымбаль мужнасьці і гераізму ў барацьбе.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт