Logo Polskiego Radia
Print

Польшчу чакае буйны пратэст супрацоўнікаў аховы здароўя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.07.2016 15:26
Разам будуць маршыраваць лекары, мэдсёстры, мэдычныя ратаўнікі, супрацоўнікі лябараторый і фізіятэрапэўты.
flickr.com

«Белы пэрсанал» даведзены да адчаю. Усе прафсаюзы абураныя прапановамі міністэрства.

У верасьні, праз год пасьля вялікага маршу мэдсёстраў за павышэньне заробкаў, Варшаву ізноў чакае буйная дэманстрацыя. Яе ладзяць супольна дзевяць прафсаюзаў сэктара аховы здароўя. Разам будуць маршыраваць лекары, мэдсёстры, мэдычныя ратаўнікі, супрацоўнікі лябараторый, мэдычныя тэхнікі і фізіятэрапэўты. Прафсаюзы не выключаюць забастоўкі – паведамляе Gazeta Wyborcza.

Гэта адказ на прапанову Міністэрства аховы здароўя, якое падрыхтавала сьпіс мінімальных заробкаў для «белага пэрсаналу». Заробкі павінны пасьлядоўна павышацца да 2021 году. Мінімальная зарплата для працаўніка без адукацыі павінна складаць 2 тысячы злотых (у эквіваленце 456 эўра), а спэцыяліста з вышэйшай адукацыяй - 3216 злотых (у эквіваленце 734 эўра).

Велічыня заробкаў у ахове здароўя ўжо 17 гадоў не залежыць ад дзяржавы. Заробкі вызначае дырэктар шпіталя ў выніку перамоваў зь мясцовым прафсаюзам. Дырэктары імкнуцца плаціць як найменш, каб толькі не выклікаць страйкаў і масавых звальненьняў. У паасобных шпіталях і рэгіёнах заробкі іншыя. Шмат залежыць ад кантракту дадзенай мэдыцынскай пляцоўкі з Нацыянальным фондам здароўя. Мэдсёстры, акрамя росту заробкаў, дамагаюцца таксама павелічэньня колькасьці сясьцёр у шпітальным аддзяленьні.

У краіне ідзе дыскусія, ці вызначэньне мінімальных ставак для супрацоўнікаў сэктара аховы здароўя патрэбнае. Спэцыялісты ўпэўненыя, што мінімалкі зруйнуюць некаторыя шпіталі.

Фінансавая сытуацыя бальніцы залежыць ад кантракту з Нацыянальным фондам здароўя, які выдзяляе грошы. Шпіталь зарабляе апэрацыямі, мэдычнымі працэдурамі й колькасьцю прынятых пацыентаў. Зарплаты паглынаюць цяпер найбольшую частку сродкаў шпіталёў. Пры цяперашнім фінансаваньні сэктара аховы здароўя павышэньне зарплат немагчымае, – піша газэта.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт